Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі «справа мэдыкаў». Чым яшчэ запомніўся папярэдні міністар аховы здароўя


Валеры Малашка, архіўнае фота
Валеры Малашка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў новых міністраў аховы здароўя і ўнутраных спраў, новага намесьніка сакратара Савету бясьпекі замест арыштаванага, а таксама шэраг іншых чыноўнікаў.

Лёс папярэдняга міністра здароўя Валера Малашкі няпэўны.

«У мяне складаецца ўражаньне, што Міністэрства не зусім эфэктыўна кіруецца самім міністрам, — перадае словы Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Чалавек ён добры, талковы, вельмі добры спэцыяліст, дасьведчаны, працаваў намесьнікам старшыні аблвыканкаму, досьведу ў яго дастаткова.

Але бывае так, што не яго гэтая праца. Добры лекар, быццам бы на іншых ролях добра сябе зарэкамэндаваў. Ну, а тут неяк не зарыентаваўся. Мы знойдзем яму годную працу».

У чым менавіта «не зарыентаваўся» Малашка, які прабыў міністрам аховы здароўя два з паловай гады, а да таго — адзін месяц міністрам працы?

«Справа мэдыкаў»

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Спрэчныя закупкі вакцыны «Эўпэнта»

Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць

  • 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
  • Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
  • Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
  • На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
  • Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
  • З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
  • 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
  • Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
  • Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
  • Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.

Успышка адру, але не эпідэмія

У Беларусі бывалі гады, калі адзёр не рэгістраваўся наагул, часьцей за ўсё рэгістраваўся ў адзінкавых выпадках. Але за 2018 год зарэгістравалі больш як дзьве сотні захворваньняў на адзёр, за першыя пяць месяцаў 2019 году — ужо 128. Пры гэтым эпідэмію не абвяшчаюць.

Але ў суседзяў Беларусі сытуацыя з адром горшая. Агулам па краінах Эўразьвязу за мінулы год зафіксавалі больш як 20 тысячаў выпадкаў захворваньня на адзёр, у тым ліку 35 — сьмяротных. А найгорш — ва Ўкраіне, дзе за мінулы год на адзёр перахварэлі 54 тысячы чалавек, за першыя пяць месяцаў 2019 году зафіксавана больш за 50 тысячаў захворваньняў на адзёр.

Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомы — высокая тэмпэратура, кашаль, боль у горле, сып і запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй. Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх самы высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.

Спрэчка пра «дармаедаў», маўчаньне пра школьніц

Міністры працы і аховы здароўя ў лютым 2018 году завочна паспрачаліся, ці будуць «дармаеды» плаціць за паслугі ў памеры 100%. Шэраг чыноўнікаў казалі, што «не занятыя ў эканоміцы» мусяць цалкам аплачваць мэдычныя паслугі, хоць бясплатнае лекаваньне ў дзяржаўных клініках гарантуе Канстытуцыя. У тым, што бясплатную мэдыцыну захаваюць нават «дармаедам», пераконваў сам Малашка. Ён дадаў, што ў сельскай мясцовасьці аказаньне платнай дапамогі наагул павінна быць зьведзена да мінімуму.

Іншая спрэчка чыноўнікаў, зьвязаная з мэдыцынай, адбывалася практычна без удзелу Мінздароўя. Начальнік аддзелу па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч заявіў у лютым 2019 году, што мэдыкі нібыта будуць перадаваць міліцыі інфармацыю пра полавыя сувязі дзяўчат да 16 гадоў.

Гэта выклікала шырокае абмеркаваньне, некаторыя бацькі хваляваліся за сваіх дзяцей і іхны псыхічны стан пасьля «гінэкалягічных даносаў». Мінздароўя не спрачалася, толькі апісвала дзейныя інструкцыі. Кропку паставіў віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка: як і раней, праваахоўнікам будуць паведамляць толькі пра цяжарнасьць або прыкметы згвалтаваньня маладзейшых за 16, але не пра сам факт полавага жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG