Міністар аховы здароўя назваў карупцыю праблемай году

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Праблемай году ў сфэры аховы здароўя стала карупцыя. Такую заяву зрабіў міністар аховы здароўя Валер Малашка перад журналістамі на пачатку калегіі аб выніках працы ў сфэры аховы здароўя ў 2018 годзе, перадае БелаПАН.

«У першую чаргу будзем казаць пра тое, якія зьмены былі ўнесеныя ў нарматыўную дакумэнтацыю, якая рэгулюе працэдуру закупак, робіць яе больш празрыстай і зразумелай для ўсіх суб’ектаў гэтага працэсу. Абмяркуем і формы кантролю ў гэтай галіне, якія мы будзем укараняць далей», — сказаў міністар.

На саму калегію журналістаў не прапусьцілі, але далі азнаёміцца з вынікамі працы міністэрства за мінулы год.

У справаздачы, сярод іншага, анансуюць плян мерапрыемстваў па папярэджаньні карупцыйных правапарушэньняў і карту карупцыйных рызыкаў у сыстэме Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца таксама, што загадам Міністэрства аховы здароўя ад 31 кастрычніка зацьверджаны пералік асобаў (пасадаў) з найбольш высокай карупцыйнай рызыкай.

Летась у Беларусі стала вядома пра маштабную карупцыю ў сыстэме аховы здароўя. Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Усяго пад сьледзтва трапілі каля ста чалавек. Адным з асноўных фігурантаў стаў былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, якога затрымалі на працоўным месцы.

​

​
XS
SM
MD
LG