«Справа мэдыкаў»: суд пакараў кіраўніка водагразелячэбніцы, якога «чорт спакусіў»

Сяргей Карыцька, былы галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэньня. 15 студзеня 2019 году
Сяргей Карыцька, былы галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэньня. 15 студзеня 2019 году

Заводзкі раённы суд Менску прызнаў вінаватым і асудзіў на 2,5 года абмежаваньня волі (так званая «хатняя хімія») без канфіскацыі маёмасьці былога галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтру мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалёгіі Сяргея Карыцьку.

Суд пастанавіў канфіскаваць у яго 2 тысячы даляраў, а 3100 даляраў і 1200 эўра вярнуць. Зямельны участак і аўто Карыцьку таксама вярнулі.

Падсудны прызнаў сваю віну цалкам і пасьля абвяшчэньня выраку сказаў журналістам, што абскарджваць яго ня будзе.

Асуджаны працытаваў урывак са сваёй апошняй кніжкі, якая мае выйсьці праз 2 тыдні: «Як бы ні быў куш харошы, не бярыце, хлопцы, грошы».

Карыцька быў з чэрвеня па жнівень 2018 году пад вартай у сьледчым ізалятары, з таго часу да сёньня пад хатнім арыштам, ад сёньня будзе пад падпіскай пра нявыязд.

Паводле суду, Сяргей Карыцька як галоўны ўрач рэабілітацыйнага цэнтру атрымаў ад бізнэсоўца Ўладзімера Ладуцькі 2 тысячы даляраў у якасьці «падзякі» за тое, што лякарня закупіла ў фірме, якую прадстаўляў Ладуцька, апарат ультрагукавой дыягностыкі. Яшчэ адзін такі апарат, паводле Ладуцькі, меліся закупіць пазьней.

І хоць угода не адбылася, тэндэр выйграў іншы пастаўшчык, бізнэсовец усё роўна вырашыў аддзячыць мэдыку, зь якім быў добра знаёмы.

«Чорт спакусіў, раскайваюся насамрэч», — некалькі раз казаў пра атрыманьне хабару Сяргей Карыцька ў судзе.

Сяргею Карыцьку 66 гадоў, рэабілітацыйным цэнтрам ён кіраваў больш за 20 гадоў.

Вядома, што Карыцька піша вершы, у тым ліку ён напісаў тэкст да пакуль не зацьверджанага гімна беларускіх мэдыкаў.

«Відаць, цяпер ужо мой тэкст не зацьвердзяць», — сказаў лекар у апошнім слове.

​
XS
SM
MD
LG