Генэральная пракуратура Беларусі адказала на запыт сайту Tut.by пра дакладную колькасьць фігурантаў справаў, зьвязаных з карупцыяй у галіне аховы здароўя, якія расьсьледуюцца зь лета 2018 году.
«Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва ў 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачваных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і работнікі камэрцыйных структураў», — сьцьвярджаецца ў адказе начальніка аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Анжалікі Курчак.
Летась у Беларусі стала вядома пра маштабную карупцыю ў сыстэме аховы здароўя. Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Усяго пад сьледзтва трапіла каля ста чалавек.
Адным з асноўных фігурантаў стаў былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, якога затрымалі на працоўным месцы. Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў былога міністра аховы здароўя Васілія Жарко за карупцыю ў ведамстве — таго выклікалі на допыт, але абвінавачаньняў ня выставілі. Пазьней Лукашэнка заклікаў знайсьці галоўных арганізатараў карупцыі ў Мінздароўя, а ня «стрэлачнікаў».