Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа мэдыкаў»: пракурор запрасіў пакараньне для былога намесьніка міністра Ласіцкага


Былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі

Чыноўніка абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкулу 430, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Усяго пад сьледзтва трапілі каля ста чалавек. Адным з асноўных фігурантаў стаў былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, якога затрымалі на працоўным месцы.

Суды ў «справе мэдыкаў» пачаліся адразу пасьля навагодніх сьвятаў — 11 студзеня. Адным зь першых пачаўся працэс Ігара Ласіцкага і Ўладзімера Краўчонка — былога галоўнага ўрача 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску. Абодвух абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

Заявы адваката і пракурора

30 студзеня на працэсе Ласіцкага і Краўчонка прайшлі спрэчкі бакоў. Перад імі адвакат Уладзіміра Краўчонка папрасіла суд далучыць да матэрыялаў справы хадайніцтва калектыву 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі, дзе Краўчонак быў галоўным лекарам. У хадайніцтве гаварылася пра дасягненьні Краўчонка, таксама яго былыя калегі прасілі суд аб паблажлівасьці да свайго былога кіраўніка.

Дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў у сваёй прамове назваў карупцыю «той іржой, якая разьядае дзяржаўную сыстэму» і папрасіў суд пакараць былога намесьніка міністра Ігара Ласіцкага 6 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Уладзімера Краўчонка — 5 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасьці.

«Вінаватасьць абодвух цалкам пацьвярджаецца паказаньнямі абвінавачаных, — паведаміў на працэсе пракурор. — Таксама яны абодва прызналі сваю віну і добраахвотна кампэнсавалі нанесеную дзяржаве шкоду ў поўным аб’ёме. Паказаньні абвінавачаных пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведак, дадзенымі ў судзе і падчас папярэдняга сьледзтва».

Паводле пракурора Шарсьнёва, у судовых паседжаньнях дакладна ня высьветлена, што падчас закупак тэхналягічнага абсталяваньня Краўчонкам была нанесеная шкода 12-й стаматалягічнай паліклініцы. Адначасова дзяржаўны абвінаваўца паведаміў, што атрыманыя ад прыватных асобаў Краўчонкам грашовыя сродкі былі перададзеныя яму выключна за пасаду.

Таксама пракурор папрасіў суд улічыць яўкі з павіннай Краўчонка і Ласіцкага, супрацоўніцтва са сьледзтвам, кампэнсацыю нанесенай шкоды і шчырае раскаяньне абодвух абвінавачаных.

У чым абвінавачваюць Ласіцкага

Згодна з матэрыяламі справы, злачынная дзейнасьць былога намесьніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага пачалася ў жніўні 2015 году, калі ён атрымаў ад кіраўніка адной з прыватных фірмаў хабар у памеры 1500 даляраў.

У 2016 годзе Ігар Ласіцкі, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Шарсьнёва, атрымліваў хабар на сваім працоўным месцы ў Міністэрстве аховы здароўя. У лютым 2016 году Ласіцкі атрымаў 10 тысяч даляраў, у тым жа годзе быў яшчэ адзін эпізод з атрыманьнем 10 тысяч эўра.

Ва ўсіх выпадках прычынай атрыманьня хабару ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, па словах пракурора, стала «спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў, якія знаходзіліся ў ягонай кампэтэнцыі». Паводле матэрыялаў справы, у міністэрстве Ігар Ласіцкі быў куратарам закупак мэдыцынскай тэхнікі, а таксама ўваходзіў у склад камісій, якія вырашалі пытаньні аб рэгістрацыі замежнай тэхнікі ў Беларусі.

Ва Ўладзімера Краўчонка, паводле агучаных у судовым працэсе паказаньняў і матэрыялаў справы, каля дзясятка эпізодаў атрыманьня хабару памерам ад 15 тысяч эўра да 300 рублёў. Акрамя гэтага, Краўчонак прызнаўся ў спробе даць хабар памерам 2000 даляраў Ігару Ласіцкаму за спрыяньне прыватнай кампаніі дачкі Краўчонка.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG