Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супраць бацькі сьведчыць ня буду». Што гавораць сьведкі на судзе па справе намесьніка міністра і якім можа быць прысуд


Уладзімер Краўчонак

Прысуды па першых працэсах «справы мэдыкаў» могуць быць агучаныя ўжо на наступным тыдні.

Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Суды пачаліся адразу пасьля навагодніх сьвятаў — 11 студзеня. На дадзены момант у Менску ідуць па «справе мэдыкаў» чатыры працэсы, у тым ліку — над былым намесьнікам міністра Ігарам Ласіцкім. 25 студзеня пра «справу мэдыкаў» выказаўся Лукашэнка.

«Дараваньня лекарам ня будзе»

«Гэта ня справа, калі на сьвятым людзі набіваюць кішэні, закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы на чвэрць або на траціну іх кошт, — заявіў кіраўнік краіны. — І мэдычнае абсталяваньне. Прабачэньня лекарам тут ня будзе. Забудзьцеся пра сваю карпаратыўнасьць. Я ня той прэзыдэнт, які будзе кланяцца вам, таму што вы лекары, і закрываць вочы на тыя агіднасьці, якія дзеюцца ў ахове здароўя».

Бліжэй за ўсё да завяршэньня справа галоўурача Цэнтру мэдычнай рэабілітацыі і бальнэалячэньня Сяргея Карыцькі. У працэсе ўжо выступіў пракурор з прапановай пакараць Карыцьку 2,5 гадамі «хатняй хіміі». Гэта не супярэчыць заканадаўству. Абвінавачваюць Карыцьку ў аднаразовым атрыманьні хабару памерам 2 тысячы даляраў. Злачынства кваліфікаванае па частцы 2 артыкула 430, які дапускае пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Сяргей Карыцька
Сяргей Карыцька

Іншым фігурантам унікнуць пазбаўленьня волі будзе складаней. Ва ўсіх як мінімум частка 3 артыкула 430 — неаднаразовае атрыманьне хабару, альбо атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры. Мінімальнае пакараньне — ад 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіраўнічыя пасады. Максымальнае — 15 гадоў. Праўда, канчатковае слова застаецца за судом. Згодна з прынятымі ў Беларусі нормамі судзьдзя мае права адысьці ад прапісаных у Крымінальным кодэксе тэрмінаў і прызначыць іншае пакараньне, нават калі прызнае віну абвінавачаных цалкам даказанай.

«Хаваецца недзе ў Прыбалтыцы»

Ігар Ласіцкі ў залі суду
Ігар Ласіцкі ў залі суду

Адзін з асноўных фігурантаў «справы мэдыкаў» (і самы высокапастаўлены) — намесьнік міністра Ігар Ласіцкі. Яшчэ адным абвінавачаным па яго працэсе праходзіць былы галоўурач 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімер Краўчонак. У Ласіцкага чатыры эпізоды атрыманьня хабару, у Краўчонка — каля дзесяці. Сьведкамі заяўленыя каля 50 чалавек. У асноўным гэта сябры камісій, якія вызначалі пераможцаў у тэндэрах, былыя супрацоўнікі, дырэктары прыватных фірмаў, разнастайныя мэнэджэры і бухгальтары. Пры гэтым на допыт у залю суду прыйшлі ня ўсе ключавыя сьведкі. Некаторыя дагэтуль хаваюцца ад сьледзтва.

«Сьледчыя называлі яго „зялёнкай“ паміж сабой, я дакладна ня ведаю, як правільна ягонае прозьвішча гучыць, — расказваў на працэсе пра аднаго з ключавых сьведак Ігар Ласіцкі. — Бачыў я яго два ці тры разы ўсяго. У КДБ мне сказалі, што ён недзе ў Прыбалтыцы хаваецца».

Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Ласіцкі атрымаў ад чалавека з прозьвішчам Зелянко 20 тысяч даляраў. Сумы па 10 тысяч Зелянко прывозіў Ласіцкаму сам, аднойчы нават прывёз грошы ў Берасьце. Пры гэтым абвінавачаны так і ня змог патлумачыць у судзе, за што бізнэсовец Зелянко даваў яму хабар.

«Сустрэліся на стаянцы, я сеў да яго ў машыну, — казаў Ігар Ласіцкі. — Ён перадаў мне канвэрт. Сказаў, што гэта на будучае супрацоўніцтва... Наступны раз Зелянко пазваніў мне, калі я быў у Берасьці на бальнічным. Прыехаў туды зь Менску. Перадаў мне канвэрт, сказаў, што гэта на рэабілітацыю».

Ласіцкі катэгарычна адмаўляе, што спрыяў Зелянко ў вырашэньні пытаньняў з пастаўкамі тэхнікі. Паводле былога намесьніка міністра, фірма гэтага прадпрымальніка ўдзельнічала ў тэндэрах нароўні зь іншымі. Апытаць самога Зелянко ў судзе немагчыма. Яго паказаньняў няма і ў матэрыялах справы.

Не зьявіўся на працэс і яшчэ адзін асноўны фігурант справы Ласіцкага — Міхаіл Гофман. Паводле матэрыялаў справы, у 2015 годзе Гофман перадаў Ласіцкаму 1500 даляраў, спадзеючыся атрымаць дазвол на аказаньне аднаму са шпіталяў Менску спонсарскай дапамогі ў выглядзе бясплатнага абсталяваньня (пазьней кампанія Гофмана магла б прадаваць шпіталю неабходныя для гэтага абсталяваньня кампанэнты і рэагенты). Прыкладна за год да арыштаў па «справе мэдыкаў» Гофман зьехаў у ЗША і ў сьледчых дзеяньнях удзелу не прымаў.

«Супраць бацькі сьведчыць ня буду»

Сьведкі зьявіліся ў судзе фактычна толькі па адным эпізодзе атрыманьня хабару былым намесьнікам міністра. А менавіта — калі Ласіцкаму перадаў 2000 даляраў іншы абвінавачаны па ягонай справе, Уладзімер Краўчонак.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Краўчонак хацеў паспрыяць бізнэсу дачкі — Алесі Рагажынскай, якая займаецца пастаўкамі ў Беларусь зубных імплянтаў замежнай вытворчасьці. Яе кампанія «Дэнтал Салюшнс» сутыкнулася са складанасьцямі пры рэгістрацыі новых імплянтаў. Жадаючы дапамагчы дачцэ і нічога ёй ня кажучы, Краўчонак дамовіўся на сустрэчу з Ласіцкім, якога знаў з унівэрсытэцкіх часоў. Падчас сустрэчы паведаміў яму, што хацеў бы дамагчыся правядзеньня дасьледаваньняў імплянтаў кампаніі «Дэнтал Салюшнс» у сваёй 12-й паліклініцы. І перадаў пакет з пляшкай алькаголю і канвэртам, у які папярэдне паклаў 2000 даляраў.

Уладзімер Краўчонак
Уладзімер Краўчонак

«Я ня мог падумаць, што ён мне яшчэ і грошы пакладзе туды, — тлумачыў на судзе сам Ласіцкі. — Канвэрт знайшоў толькі дома. Моцна раззлаваўся на Краўчонка. Але падумаў, што калі ён мне грошы паклаў, то хай яму будзе такое пакараньне — забяру іх сабе. Я нават ня ведаў, што яго дачка працуе ў гэтай фірме. Думаў, ён хоча клінічныя дасьледаваньні імплянтаў правесьці ў сваёй паліклініцы, бо за гэтыя дасьледаваньні вытворца плаціць, можна зарабіць грошы. На маю думку, дасьледаваньні гэтых імплянтаў увогуле былі непатрэбныя, мы б іх і так дазволілі прадаваць. Я Краўчонку і бяз грошай дапамог бы. Сто пудоў бы дапамог».

Спраўдзіць агучаныя Краўчонкам і Ласіцкім вэрсіі аказалася складана. Выкліканая ў якасьці сьведкі дачка Ўладзімера Краўчонка Алеся зьявілася на паседжаньне 24 студзеня. Аднак паказаньняў даваць ня стала.

«Я скарыстаюся сваім правам ня сьведчыць супраць сябе, — заявіла яна суду. — Супраць бацькі сьведчыць таксама ня буду».

Пасьля Алесі Рагажынскай паказаньні давала Ірына Мяцельская — мэнэджэрка «Дэнтал Салюшнс». Яна ад размовы з судом адмовіцца не магла, аднак сказала зусім няшмат. Прызналася толькі, што ведала пра роднасную сувязь сваёй начальніцы з галоўным урачом 12-й стаматалягічнай паліклінікі. Якім чынам імплянты яе кампаніі траплялі на выпрабаваньні ў паліклініку Краўчонка, мэнэджарка патлумачыць не змагла.

На працэсе па справе Ласіцкага і Краўчонка ўжо скончылі вывучэньне матэрыялаў справы. Сярод апошніх дакумэнтаў судзьдзя зачытаў тэксты ганаровых грамат, атрыманых Ігарам Ласіцкім за гады працы ў мэдыцыне. Гэта заняло каля 12 хвілінаў.

Разгляд справы былога намесьніка міністра працягнецца 28 студзеня. Пасьля допыту апошніх сьведак пракурор агучыць меру пакараньня, якога, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, заслугоўвае Ігар Ласіцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG