Генпракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд крымінальныя справы аб карупцыі ў мэдыцынскай сфэры супраць экс-намесьніка міністра аховы здароўя, галоўнага ўрача адной зь менскіх стаматалёгій і былога начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму.
Былому намесьніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму прад’яўлена абвінавачваньне паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі (атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).
Галоўнага ўрача 12-й гарадзкой клінічнай стаматалягічнай паліклінікі Менску ЎладзімераКраўчонка абвінавачваюць у атрыманьні хабару паўторна, у асабліва буйным памеры (ч. 2 і 3 арт. 430 КК), і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК).
Начальніку галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэю Стрыжаку прад’явілі абвінавачваньне ў атрыманьні хабару паўторна, у буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК).
Як паведамляе прэс-служба ведамства, Генпракуратура прыйшла да высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачаньня і наяўнасьці дастатковых доказаў яго.
Крымінальныя справы вяло сьледчае ўпраўленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Абвінавачаныя Ласіцкі і Стрыжак па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай, Краўчонак — пад хатнім арыштам.