Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага намесьніка міністра здароўя, кіраўнікоў «Белмэдтэхнікі» і «Белфармацыі»


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб праблемных пытаньнях у сыстэме аховы здароўя і кадравых прызначэньнях

Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня даў згоду на прызначэньне трох чыноўнікаў у сфэры аховы здароўя, піша БелТА.

На пасаду намесьніка міністра здароўя прызначаны дырэктар санаторыя «Белоруссия» ў Крыме Барыс Андрасюк (21 ліпеня быў звольнены намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, які знаходзіцца пад арыштам у «справе мэдыкаў»).

На пасаду генэральнага дырэктара «Белмэдтэхнікі» прызначаны былы намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Кудзяньчук, на пасаду гендырэктара «Белфармацыі» — былая дырэктарка магілёўскага гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Фармацыя» Валянціна Ігнаценка.

Ці працаўладкаваныя папярэднія дырэктары, не ўдакладняецца.

Лукашэнка заклікаў знайсьці галоўных арганізатараў карупцыі ў Мінздароўя, а ня «стрэлачнікаў»

На нарадзе аб праблемах сыстэмы аховы здароўя Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблемы ў мэдыцыне дасягнулі «такіх маштабаў, што нельга ўжо абмяжоўвацца новымі прызначэньнямі».

Амаль 100 чалавек пад сьледзтвам, 95 крымінальных справаў, у якіх фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў»
Лукашэнка пра «справу мэдыкаў»

Як сьцьвярджае Лукашэнка, ужо амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва, распачата 95 крымінальных справаў, у якіх фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў злачынных сродкаў». Выкрытыя факты карупцыі «сумневаў не выклікаюць», дадае ён.

Паводле Лукашэнкі, маштаб праблемамі ў мэдыцыне такі, што «ўжо нельга проста абмежавацца новымі прызначэньнямі». Ён заявіў, што колькасьць карупцыйных справаў у мэдыцыне вырасла зь мінулага году амаль удвая, праблема карупцыі стала «скразной, сыстэмнай» — «ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных службоўцаў да Міністэрства здароўя, а можа быць і вышэй».

«Мною была пастаўленая прынцыповая і цьвёрдая задача: не знайсьці «стрэлачнікаў», а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтага беззаконьня, — казаў Лукашэнка прысутным на нарадзе. — Так што ня трэба было нічога гадаць, гэта было маё даручэньне кантрольным і праваахоўным органам».

Намесьнік больш адказны за міністра?

Як піша «Беларусь сегодня», Лукашэнка таксама папрасіў міністра здароўя Валерыя Малашку даць справаздачу пра тое, «што цяпер адбываецца ў ахове здароўя».

«А пасьля будзем глядзець: ці зможа міністар далей працаваць разам зь першым намесьнікам, які тут не адзін год працуе і нясе, быць можа, большую адказнасьць, чым новы міністар, — казаў Лукашэнка. — Адказнасьці ніхто не пазьбегне».

Пры гэтым Лукашэнка пахваліў працу КДБ, які «пры ўсёй маштабнасьці захадаў спрацаваў спакойна і акуратна» і «не хапалі каго папала» — маўляў, «іншыя структуры могуць гэты досьвед пераймаць», «каб не ламаць арганізацыі».

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. Сёлета ў чэрвені стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 60 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG