Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ежедневник»: КДБ правёў масавыя затрыманьні карумпаваных чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя


Ілюстрацыйнае фота

Больш за 10 чалавек затрыманыя ў рамках найбуйнейшай за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі антыкарупцыйнай апэрацыі КДБ у дачыненьні да чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя. Пад удар КДБ патрапіў нават набліжаны да прэзыдэнта генэрал, паведамляе «Ежедневник».

Паводле крыніцаў выданьня, крыху больш за тыдзень таму КДБ затрымаў дырэктара РУП «Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя» (ЦЭВЗ) Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Сталярова. Гэта стала пачаткам буйнамаштабнай апэрацыі супраць карумпаваных чыноўнікаў, якія на працягу апошніх дзесяці гадоў пастаўлялі ў беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньне па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў, без адпаведных сэртыфікатаў альбо з сэртыфікатамі, выдадзенымі ЦЭВЗ у рамках карупцыйнай змовы.

Як высьветліў «Ежедневник», увесь мінулы тыдзень у КДБ актыўна прывозілі на допыты людзей, так ці інакш датычных да правядзеньня тэндэраў па закупцы мэдыцынскага абсталяваньня, яго паставак або сэртыфікацыі. Кагосьці пасьля допыту адпускалі дадому, а кагосьці адпраўлялі наўпрост у Сьледчы ізалятар КДБ. Як сьцьвярджае выданьне, паводле папярэдніх дадзеных, пакуль не пацьверджаных афіцыйна, затрыманыя ня менш за 10 чалавек.

Паводле інфармацыі «Ежедневника», больш за ўсё чалавек было затрымана ва ўнітарным прадпрыемстве «Белмедтэхніка» Міністэрства аховы здароўя, празь якое праходзіць асноўная маса ўсіх тэндэраў па закупцы мэдабсталяваньня: КДБ затрымаў двух кіраўнікоў і трох начальнікаў аддзелаў УП «Белмедтэхніка». Таксама затрыманы яшчэ адзін чалавек у РУП «Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя». Ён займае пасаду начальніка ўпраўленьня.

У полі зроку КДБ апынуўся і адзін з намесьнікаў міністра аховы здароўя, партнэрамі па «бізнэсу» якога нібыта выступалі два былыя супрацоўнікі спэцслужбаў, а таксама яшчэ адна «камэрцыйная» структура Міністэрства аховы здароўя, якая лічыцца вытворцам медабсталяваньня і актыўна ўдзельнічала ў пастаўках у беларускія мэдустановы. Многае абсталяваньне насамрэч куплялі ў замежных, часам не сэртыфікаваных вытворцаў, але выдавалі за беларускае і прадавалі па сур’ёзна завышаных коштах.

Як адзначае выданьне, гэтую структуру ўзначальвае родны брат аднаго вельмі ўплывовага сілавіка генэральскага чыну, які карыстаўся высокім даверам прэзыдэнта і ня раз атрымліваў зь ягоных рук урадавыя ўзнагароды. Паводле зьвестак КДБ, менавіта ён забясьпечваў «дах» карупцыянэрам і ня раз спыняў спробы пачаць расьсьледаваньне па фактах, якія паведамляліся ў пракуратуру, Сьледчы камітэт і МУС. Па адных зьвестках, генэрал ужо затрыманы, па іншых, затрыманы толькі ягоны брат.

Сярод затрыманых фігуруюць і прадстаўнікі трох найбуйнейшых сусьветных карпарацый, вядомых кожнаму чалавеку. Праўда, пакуль незразумела, ці то гаворка ідзе пра кіраўнікоў прадстаўніцтваў, ці то пра камэрцыйныя кампаніі, упаўнаважаныя дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі ад імя гэтых карпарацый.

Прэсавыя службы КДБ Беларусі і Міністэрства аховы здароўя пакуль недаступныя для камэнтароў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG