Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці беларускія лекі горшыя за імпартныя? Тлумачыць дырэктар фармацэўтычнай кампаніі


У менскай аптэцы. Ілюстратыўнае фота Shutterstock
У менскай аптэцы. Ілюстратыўнае фота Shutterstock

Чаму ў беларускіх аптэках іншым разам немагчыма набыць некаторыя імпартныя лекі, якія свабодна прадаюцца ў суседніх краінах? Ці якасныя іх беларускія аналягі? Якія мэты перасьледуе дзяржава на фармацэўтычным рынку?

У Менску прайшла міжнародная выстава «Ахова здароўя Беларусі», на якой прадставілі прадукцыю беларускія і замежныя вытворцы мэдтэхнікі і лекавых сродкаў. Карэспандэнт Свабоды наведаў выставу, дзе зьвярнуўся да прадстаўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных фармацэўтычных кампаній з просьбай пагутарыць пра сытуацыю на рынку лекаў.

Андрэй Семяніхін
Андрэй Семяніхін

Але адказаць на нашы пытаньні пагадзіўся толькі прадстаўнік прыватнай кампаніі — камэрцыйны дырэктар сумеснага прадпрыемства «Фармлэнд» (вытворчасьць у Нясьвіжы), кандыдат мэдыцынскіх навук Андрэй Семяніхін.

Беларуска-галяндзкая кампанія заснаваная ў 1998 годзе на арандаваных плошчах Нясьвіскага заводу мэдпрэпаратаў. Паводле суразмоўцы, дагэтуль большасьць прадуктаў кампаніі праходзіць кантроль якасьці ў Галяндыі, адтуль жа паступае значная колькасьць сыравіны. Вытворца пастаўляе на рынак 140 прэпаратаў, у тым ліку на аснове плязмы крыві — інвэстыцыі ў адмысловы завод перавысілі 20 млн даляраў.

«Усе беларускія заводы набываюць сыравіну для лекаў за мяжой»

— 90% прадукцыі мы пастаўляем на беларускі рынак, рэшту — за мяжу. Кіраўніцтва краіны паставіла экспартную задачу перад усімі беларускімі кампаніямі. Мы найперш арыентаваныя на краіны СНД — Казахстан, Узбэкістан, Расею і Ўкраіну. Але і ў далёкае замежжа пастаўляем — у Віетнам, Альжыр, Іран.

Адным з важных патрабаваньняў Міністэрства аховы здароўя да беларускіх фармкампаній быў пераход на поўны цыкль вытворчасьці. То бок многія вытворцы доўгі час займаліся тым, што набывалі за мяжой у лепшым выпадку гатовыя субстанцыі, а часьцей ужо гатовыя таблеткі, якія тут фасавалі.

Таму апошнія гадоў дзесяць «Фармлэнд» актыўна займаўся лякалізацыяй, пераходам на поўны цыкль вытворчасьці. Цяпер у нас амаль 90% прэпаратаў — поўнага цыклю. То бок мы самі робім усё, пачынаючы з зыходнай сыравіны: субстанцыі, грануляваньне, пакаваньне.

І нават па выніках абмеркаваньня ў міністэрстве прызнана, што мы сярод лепшых, хто выканаў гэты паказьнік.

— Чаму вы не экспартуеце сваю прадукцыю ў Галяндыю?

— Справа ў абмежавальных захадах з боку краін Эўразьвязу. Для гэтага нам трэба ня толькі вырабляць якасны тавар, але і атрымаць эўрапейскі сэртыфікат адпаведнасьці стандарту GMP (звод правілаў вытворчасьці якаснай і бясьпечнай мэдычнай прадукцыі. — РС.). А гэта доўгі, працаёмкі, фінансава затратны працэс.

Мы не абмяжоўваем сябе ў амбіцыях выйсьці і на галяндзкі рынак, хоць ён ня самы вялікі. Але мы маем беларускае GMP практычна на ўсю нашу вытворчасьць.

— Якую сыравіну выкарыстоўвае прадпрыемства?

— Мы выкарыстоўваем базавую імпартную сыравіну (але гэта не гатовыя субстанцыі ці прэпараты), бо многія зыходныя элемэнты ў прынцыпе не сынтэзуюцца ў Беларусі.

То бок усе заводы так ці інакш набываюць сыравіну за мяжой. І гэта таксама ў пэўнай ступені ўплывае на цану.

Але, улічваючы менавіта глыбіню ўласнай вытворчасьці, складнік зыходнай сыравіны, канечне, меншы, чым у выпадку з набыцьцём амаль гатовага прадукту.

— Колькі каштуе распрацоўка новага інавацыйнага прэпарату? І ці вырабляеце вы такія?

— Ад паўмільярда даляраў і больш. Калі прэпарат унікальны і ў яго няма копій, ён каштуе дорага, бо кампанія павінна вярнуць укладзеныя грошы.

Але праходзіць час патэнтнай абароны, і адразу зьяўляецца шмат кампаній, якія вырабляюць копіі. Далей гэта ўжо пытаньні хіміі, сынтэзу. Цэны пачынаюць зьніжацца.

Але стварыць джынэрык, добрую якасную копію, таксама каштуе сотні тысяч даляраў. У многіх краінах, і ў Беларусі таксама, джынэрыкавы рынак, то бок рынак якасных копій, значна большы, чым рынак арыгінальных прадуктаў, якія гарантавана даражэйшыя. Такія законы фармбізнэсу і эканомікі.

У нас ёсьць арыгінальныя распрацоўкі, але гэта прэпараты не для штодзённага прыманьня.

Стэнд «Фармлэнду» на выставе «Ахова здароўя Беларусі»
Стэнд «Фармлэнду» на выставе «Ахова здароўя Беларусі»

«Адсутнасьць прэпаратаў зьвязаныя з рэгуляваньнем цэнаў»

— Чаму ў Беларусі рэгулярна здараюцца перабоі з пастаўкамі некаторых імпартных лекаў? Напрыклад, цяпер у аптэках Менску няма прапраналолу. Як патлумачылі ў «Белфармацыі», — з прычыны адсутнасьці рэгістрацыі (прэпарат падпаў пад указ прэзыдэнта «Аб рэгістрацыі цэнаў на лекавыя сродкі»). Летась у беларускіх лякарнях бракавала авастыну (бевацызумабу) — супрацьпухліннага прэпарату, які выкарыстоўваецца для хіміятэрапіі. У інтэрнэце зьбіралі подпісы патрабаваньнем забясьпечыць бесьперабойныя пастаўкі прэпарату для астматыкаў — «Монтэлукаст». Таксама з аптэкаў зьніклі папулярныя імпартныя лекі супраць прастуды — «Фэрвэкс», «Тэрафлю экстра» ды іншыя...

— Тут многа прычын. Найперш — эканамічнага кшталту. Я маю даволі вялікі вопыт працы ў замежных кампаніях і не магу сказаць, што ёсьць выразнае блякаваньне на пастаўкі імпартных прэпаратаў з боку Міністэрства аховы здароўя ці рэгулюючых органаў.

Найчасьцей перабоі ў пастаўках і адсутнасьць прэпаратаў зьвязаныя з рэгуляваньнем цэнаў.

Ёсьць прыклад Азэрбайджану ці Турэччыны, калі рэгулюючыя органы кажуць: калі вы хочаце прадаваць у нашай краіне, то прыводзьце цэны да адэкватных для нашага ўзроўню жыцьця. І некаторыя кампаніі сыходзяць з рынку. Потым усьведамляюць, што рынак значны, што яны нясуць пэўную сацыяльную адказнасьць, і пачынаюць вяртацца на гэты рынак зь ніжэйшымі цэнамі.

Але гэты працэс не аднамомантавы, а расьцягнуты ў часе.

Апроч гэтага варта ўлічваць, што ў Беларусі ў цэлым даволі сурʼёзныя патрабаваньні да рэгістрацыі. То бок не заўсёды замежная кампанія можа хутка адаптавацца да новых умоваў. Хацелася, каб гэты працэс быў хутчэйшы. Бо, напрыклад, у Грузіі рэгістрацыя прэпарату з клінічным вопытам займае 3–6 месяцаў. У Беларусі ніяк менш за год не выходзіць.

У Расеі цяпер таксама існуюць перабоі з пастаўкай прэпаратаў, зьвязаныя зь пераходам рынку на патрабаваньні да рэгістрацыі ў межах ЭАЭС. Яны сталі больш жорсткімі і наблізіліся да эўрапейскіх. Але набор неабходных дакумэнтаў усё ж іншы.

У віцебскай аптэцы. ©Shutterstock
У віцебскай аптэцы. ©Shutterstock

— Некаторыя пацыенты зь Беларусі імкнуцца ці вымушаныя набываць лекі за мяжой, напрыклад, у Літве ці Расеі.

— Наш рынак не такі вялікі, і, у прынцыпе, ня ўсе прэпараты ёсьць. Бо некаторым замежным кампаніям не заўсёды выгадна працаваць на беларускім рынку.

Напрыклад, пакунак лекаў, што прадаюцца ў Літве, агульны для ўсяго Эўразьвязу — мяняецца толькі мова. У нас свае патрабаваньні.

Некаторыя замежныя фармкампаніі проста ня хочуць ўводзіць новыя ці спэцыфічныя прэпараты, патрэбу ў якіх маюць, скажам, чалавек сто ў Беларусі, і мільён у Расеі. То, адпаведна, да нас з гэтым прэпаратам могуць не пайсьці — маўляў, едзьце і купіце ў Расеі.

Для імпартных прэпаратаў іншы раз характэрная цэнавая розьніца. Гэта зьвязана зноў жа з абʼёмамі рынку і тым, што для нас рэфэрэнтным рынкам заўсёды была пераважна Расея. І калі ў Расеі імпартны прэпарат прадаецца за 10 даляраў, а ў Літве за 6 даляраў, а беларускае прадстаўніцтва прасіла вытворцу зьнізіць да 6, то там казалі, што калі зьнізяць для Беларусі, то будзе запыт зьнізіць і для Расеі. А гэта эканамічна немэтазгодна.

Але цяпер Міністэрства аховы здароўя пачало аналізаваць цэны на прэпараты ў краінах-суседзях, выстаўляючы патрабаваньні вытворцам. Вынікам за апошнія тры гады цэны ў Беларусі значна зьменшыліся параўнальна зь Літвой ці Польшчай. Калі раней адрозьненьне было ў два разы, то цяпер — на 10–15%.

— Чаму ж дактары нярэдка нефармальна раяць пацыентам замежны прэпарат, а не беларускі?

— Трэба ўлічваць, што ў мэдыцыне, як і наагул у буйных сфэрах, у навуцы, ёсьць пэўная інэрцыя. То бок 20 гадоў таму насамрэч беларуская фармвытворчасьць не магла параўнацца з высакаякаснымі прэпаратамі найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый, якія ўкладалі вялікія сродкі. Але за гэты час якасьць прадукцыі беларускіх фармацэўтычных кампаній значна вырасла.

Канечне, ёсьць адзінкавыя высокатэхналягічныя імпартныя прадукты, да якіх мы яшчэ не дацягнуліся. Але на 70–80% беларускія мэдычныя прэпараты параўнальныя зь імпартнымі аналягамі і нават іншым разам лепшыя за іх.

З гэтай прычыны за апошнія пяць гадоў лекары сталі выпісваць вельмі многа менавіта беларускіх прэпаратаў.

Цяпер пяцёрка лідэраў беларускай фармвытворчасьці складаецца з дзяржаўных заводаў «Белмэдпрэпараты», Барысаўскі завод мэдпрэпаратаў і «Мінскінтэркапс», а таксама прыватных кампаній з замежным удзелам «Фармлэнд» і «Лекфарм».

— То бок канкурэнцыі замежных прэпаратаў на беларускім рынку вы не баіцеся?

— Каля 80% нашых прэпаратаў маюць адзін-два і больш імпартных аналягаў. Зразумела, бязь іх нам было б раздольле. Але гэта рынак, і менавіта канкурэнцыя вядзе да разьвіцьця. То бок, каб канкураваць зь імпартнымі прадуктамі, мы мусім павышаць сваю якасьць. Гэта нармальны рынкавы працэс.

Чалавек павінен мець права выбару, каб набыць і беларускі, і імпартны прэпарат. І калі ён убачыць, што беларускі на 40–50% таньнейшы і працуе ня горш, ён сам ня будзе набываць дарагі імпартны прэпарат.

Для безрэцэптурных прэпаратаў важная зручнасьць прыёму, дызайн пакунку, але мы працуем над гэтым. Пакункі і ў нас прыгожыя, зь нятаннай паперы і не выклікаюць візуальнага адпрэчваньня. Калі чалавек убачыць эфэкт, ён будзе набываць тое, што эфэктыўна.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Падзеньня цэнаў на лекі пасьля «справы мэдыкаў» чакаць ня варта

— Нехта спадзяваўся, што пасьля цяперашняй «справы мэдыкаў» у Беларусі цэны на мэдыкамэнты ўпадуць. Ці гэтыя спадзяваньні маюць пад сабой падставы?

— Я б ня зьвязаў наўпрост гэтыя падзеі з цэнамі на прэпараты. Як вынікае з агульных крыніцаў інфармацыі, пытаньні тычыліся ў большай ступені забесьпячэньня клінік абсталяваньнем. У меншай ступені ва ўсё гэта ўцягнутыя фармацэўтычныя напрамкі.

Магчыма, недзе пэўныя эфэкты могуць быць. Але я ня думаю, што гэта будзе значнае зьніжэньне. Бо цэны на рэгістрацыю прэпаратаў не мяняюцца. Працуючы «па-чыстаму», сумленна, пазьбегнуць значных выдаткаў усё роўна не ўдаецца.

Наколькі мне вядома, там хутчэй ішла размова пра ляяльнасьць да рэгістрацыі і яе паскарэньня, а не пра нейкія фінансавыя моманты.

— Ці дастаткова эканамічнай свабоды ў Беларусі для тых, хто вырабляе мэдыкамэнты?

— Я не сказаў бы, што ёсьць нейкія праблемы. Хацелася б паскарэньня працэсаў. Я ня бачу эканамічных рычагоў стрымліваньня. Гэта зьвязана з тым, што вытворцаў многа, і той жа цэнтар экспэртыз мог бы павялічыць колькасьць спэцыялістаў, каб час выхаду на рынак зьменшыўся.

Бо распрацаваць прэпарат і яшчэ гадамі яго рэгістраваць — вялікія выдаткі. Калі кампанія паскарае выхад прэпарату, ён таксама хутчэй акупляецца і цана закладаецца зыходна ніжэйшай.

Таму як пажаданьне, якое заўсёды гучыць, — спрашчэньне і паскарэньне працэсаў рэгістрацыі.

8 фактаў пра рынак лекаў у Беларусі

  • Дзяржпраграма разьвіцьця фармацэўтычнай вытворчасьці (PDF) называе «высокую залежнасьць ад імпарту лекаў» адным з фактараў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы.
  • Паводле ацэнак экспэртаў, прыблізны аб’ём фармакалягічнага рынку ў Беларусі — каля 960 мільёнаў даляраў.
  • Доля беларускіх лекаў ў вартасным выражэньні вырасла з 30,6% у 2012 годзе да 55% у 2017-м.
  • Імпарт лекавых сродкаў у Беларусь у 2017 годзе склаў 387,7 млн даляраў.
  • У склад холдынгу «Белфармпрам», створанага ў 2017 годзе, уваходзіць 39 арганізацый, сярод якіх 8 даччыных. Сярод іх такія буйныя прадпрыемствы, як «Белмэдпрэпараты», «Мінскінтэркапс», «Барысаўскі завод мэдыцынскіх прэпаратаў», «Нясьвіскі завод мэдыцынскіх прэпаратаў», «Экзон», «Ферэйн» і інш.
  • На 1 верасьня 2018 году ў Беларусі зарэгістравана 4288 лекавых сродкаў, у тым ліку 1659 беларускай вытворчасьці (1416 зь іх вырабляюцца айчыннымі вытворцамі па поўным цыкле як самастойна, так і ва ўмовах каапэрацыі).
  • У жніўні 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ (PDF) № 345 «Аб рэгістрацыі цэнаў на лекавыя сродкі», які рэглямэнтуе цэны на 37 міжнародных найменьняў прэпаратаў для лекаваньня анкалягічных і сардэчна-сасудзiстых захворваньняў.
  • Вытворчасьць фармацэўтычнай прадукцыі — вельмі прывабны бізнэс. Рэнтабэльнасьць продажаў у 2018 годзе склала 22%, у 2017 годзе — 24,4%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG