Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не давяраюць беларускім лекам і што на гэта кажуць фармаколягі


Вытворчасьць лекаў на Барысаўскім заводзе мэдычных прэпаратаў
Вытворчасьць лекаў на Барысаўскім заводзе мэдычных прэпаратаў

«Справа мэдыкаў», у рамках якой арыштаваныя дзясяткі чыноўнікаў ад мэдыцыны, выкрыла злачынныя схемы ў закупах і пастаўках абсталяваньня і лекаў. Выкрыла яна і недавер да прадукцыі беларускай фармакалёгіі, калі нават былыя кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя стараюцца не купляць беларускія лекі.

Чым не падабаюцца беларусам айчынныя лекі і што гэта кажуць прадстаўнікі фармакалягічнай галіны, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Пацыентка: «Пасьля беларускіх лекаў быў анафіляктычны шок»

«Купляйце беларускае» — заклікаюць аптэкі, у якіх цэлыя стэнды адведзеныя менавіта айчынным прэпаратам. У фармакалёгіі яшчэ ў 2008 годзе быў узяты курс на імпартазамяшчэньне. Лекарам таксама дадзена ўстаноўка — выпісваць беларускія аналягі, рэкамэндаваць свае. Аднак знаёмы доктар ці аптэкар заўсёды параіць купіць імпартны прэпарат, кажа жыхарка Менску Тацяна.

«Знаёмы кардыёляг параіў для нармалізацыі ціску піць францускі прэстарыюм. Тут ён каштуе 37 рублёў, у Вільні — 5 эўра. Натуральна, купляю там. А вось нядаўна рэкамэндаваў яшчэ нямецкі канкор, аднак у менскіх аптэках яго няма — кажуць, не працягнулі рэгістрацыю, да канца жніўня ня будзе.

Што да беларускіх лекаў, я ім не давяраю. Зімой мінулага году ў шпіталі на другі дзень пасьля апэрацыі мне паставілі кропельніцу з цэфтрыяксонам і лідакаінам — і ў мяне здарыўся анафіляктычны шок. Добра, што была ў шпіталі, адкачалі. Гатовая пераплачваць, замаўляць імпартныя прэпараты за мяжой, але гэта ж маё здароўе і бясьпека. А зь беларускіх купляю толькі самыя простыя — цытрамон, валідол ды актываваны вугаль».

«Непажаданыя рэакцыі зьвязаныя з асаблівасьцямі арганізму» — дырэктар фармзаводу

Летась былі і летальныя выпадкі пасьля ўвядзеньня цэфтрыяксону — у студзені 2017 году жанчына памерла ў Маладэчанскім раёне, было некалькі алергічных рэакцый у дзяцей — у Барысаве і Ганцавічах.

Намесьнік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла выпусьціў нават адмысловы ліст «Аб прыпыненьні рэалізацыі і мэдычнага прымяненьня лекавых сродкаў» — цэфтрыяксону і лідакаіну, якія вырабляліся на Барысаўскім заводзе мэдпрэпаратаў.

На пытаньне Свабоды, ці выпускае завод зараз гэтыя прэпараты, дырэктар прадпрыемства Віталь Дзераш адказаў станоўча.

Віталь Дзераш
Віталь Дзераш

«Цэфтрыяксон і лідакаін выпускаем даўно і ў вялікіх аб’ёмах.

Што да непажаданых рэакцый, выпадкі былі, і непажаданыя рэакцыі на гэтыя прэпараты — я лічу, і гэта лябараторыяй даказана — не зьвязаныя з умовамі вытворчасьці і якасьцю прадукцыі. Усе непажаданыя рэакцыі зьвязаныя з асаблівасьцямі чалавечага арганізму і з алергічнымі рэакцыямі», — перакананы Дзераш.

Дзераш заявіў, што гэта адзінкавыя выпадкі і што такое бывае ва ўсім сьвеце.

Беларускія лекі танныя і добра экспартуюцца ў Расею і Казахстан

Намесьнік генэральнага дырэктара холдынгу «Белфармпрам» Віктар Шэін пераконвае, што пра якасьць беларускіх лекаў сьведчыць іх прызнаньне замежнымі спажыўцамі. У 2017 годзе «Белфармпрам» экспартаваў лекавых сродкаў на 140 мільёнаў даляраў. На першым месцы па пастаўках беларускіх мэдыкамэнтаў на экспарт — Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў. Шэін кажа, што беларускія лекі — якасныя і даступныя па цане.

Паводле яго словаў, 37,7% лекаў, што вырабляюцца ў Беларусі, каштуюць да 1 даляра, 22,5% — ад 1 да 2 даляраў, 23,7% — ад 2 да 5 даляраў. Такім чынам, 83% беларускіх лекавых сродкаў каштуюць да 5 даляраў. Да таго ж беларуская прадукцыя гарантаваная ад фальсыфікацыі, перакананы кіраўнік «Белфармпраму».

Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў
Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў

У лідэрах па экспарце лекаў — Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў. Больш за 50% прадукцыі ідзе на экспарт — у 24 краіны сьвету, летась на 64,6 мільёна даляраў, кажа дырэктар прадпрыемства Віталь Дзераш.

Асноўную долю займае расейскі рынак — 66%, на другім месцы — Казахстан (19%), Азэрбайджан — 4%. Таму заводу патрэбныя інвэстыцыі, рэканструкцыя састарэлых вытворчасьцяў (ампульнага цэху, таблетачнага цэху), пуск новых сучасных ліній.

Новая лінія па вытворчасьці лекаў у шпрыцавым напаўненьні абышлася ў 25 мільёнаў даляраў. Усе праекты рэалізуюцца за крэдытныя рэсурсы — 124 мільёны даляраў. Толькі на абслугоўваньне крэдытаў ідзе 1,5 мільёна даляраў у месяц, прызнаецца ён.

Чаму беларускіх лекаў амаль няма ў Эўразьвязе

Аднак у Эўразьвяз беларускія лекі прабіваюцца зь цяжкасьцю. Летась па-за межы краін СНД было пастаўлена прадукцыі ўсяго толькі на 1 мільён даляраў. Каб зарэгістраваць прэпарат у Эўразьвязе, трэба атрымаць эўрапейскі сэртыфікат. Але атрыманьне сэртыфікату не гарантуе адкрыцьця рынкаў, бо ў Эўропе даволі жорсткая канкурэнцыя сярод вытворцаў фармацэўтычнай прадукцыі, перакананы Віталь Дзераш.

«Для рэгістрацыі прэпарату ў Эўразьвязе патрэбны сур’ёзныя капітальныя ўкладаньні. Калі мы робім эканамічную ацэнку мэтазгоднасьці пастаўкі таго ці іншага прэпарата на заходнія рынкі, прыходзім да высновы, што эканамічна гэта нявыгадна — выдаткаваўшы вельмі шмат, атрымаем вельмі мала. Таму для нашых прэпаратаў сёньня дастаткова рынкаў Рэспублікі Беларусь і рынкаў, на якіх мы прысутнічаем. У першую чаргу мы разглядаем рынкі, дзе мінімальныя выдаткі на рэгістрацыю і мінімальная канкурэнцыя па наяўнасьці тых ці іншых прэпаратаў», — тлумачыць дырэктар Барысаўскага заводу.

У Расеі рэгістрацыя прэпарату каштуе 260 тысяч даляраў з поўнай клінікай і ўсімі дасьледаваньнямі. На эўрапейскіх рынках неабходна ўкласьці да 1 мільёна даляраў, каб зарэгістраваць прэпарат — такія лічбы прывёў Віталь Дзераш.

«Калі супаставіць затраты з будучым прыбыткам, я як мэнэджэр не прымаю гэтага рашэньня. Гэта не самамэта — прысутнічаць на ўсіх рынках. Самамэта — атрымаць максымальны прыбытак для прадпрыемства».

На Захад Беларусь пастаўляе ў асноўным БАДы

Асноўная перашкода — адсутнасьць міжнароднага сэртыфікату, сказаў Віктар Шэін.

Віктар Шэін
Віктар Шэін

«Многія краіны, у тым ліку Віетнам, Манголія, Судан, Ірак, цікавіць наяўнасьць на нашых пляцоўках сэртыфікату, выдадзенага замежнымi, а не беларускімі фармкампаніямі. Гаворка ідзе аб міжнародным сэртыфікаце GMP PIC/S, атрыманым у Эўразьвязе», — сказаў прадстаўнік холдынгу «Белфармпрам» Віктар Шэін.

Сёлета перад холдынгам пастаўлена задача — экспартаваць на рынкі Эўразьвязу прадукцыі на 2 мільёны даляраў. За паўгода ўжо адгрузілі на 1 мільён 300 тысяч даляраў (у асноўным гэта тыя пазыцыі, якія адносяцца да пераліку БАДаў — біялягічна актыўных дадаткаў), кажа Віктар Шэін.

Унікальныя беларускія прэпараты спрабуюць прабіцца на рынкі Эўропы і Азіі

І ўсё ж беларускім навукоўцам, распрацоўшчыкам лекаў ёсьць чым ганарыцца. Беларускі супрацьракавы прэпарат «Тэмадэкс» прызначаны для лячэньня злаякаснай пухліны галоўнага мозгу. Ён быў створаны навукоўцамі Інстытуту фізыка-хімічных праблем Белдзяржунівэрсытэту, а выпускае яго прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ».

«Тэмадэкс» у Эўропу прасоўваюць швэды: джэнэрык на аснове беларускага прэпарату маюць вырабіць на адным з заводаў Эўразьвязу, тамсама пройдуць і клінічныя выпрабаваньні. Кошт беларускага прэпарату крыху большы за 300 даляраў, а цана амэрыканскіх аналягаў даходзіць да 20 000 даляраў.

Проціпухлінны прэпарат «Фаталон» для лячэньня і фотадынамічнай тэрапіі раку скуры, малочнай залозы, сьлізістых абалонак распрацаваў Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта прадукт з уласных фармацэўтычных субстанцый. У Беларусі прэпарат каштуе каля 210 рублёў. Замежныя аналягі — у дзясяткі разоў даражэйшыя.

«Прэпарат унікальны, аднак інавацыйны прадукт ня ведаюць за межамі нашай дзяржавы. І таму нам, на жаль, прасьцей працаваць з джэнэрыкамі, аналягамі, чым укладаць мільярдныя сумы ў раскрутку гэтага прэпарату.

Таму з «Фаталонам» мы хочам выйсьці на рынак Паўднёвай Карэі, каб потым, дзякуючы добрай статыстыцы ў лячэньні гэтым прэпаратам, выходзіць на рынкі іншых краін», — кажа намесьнік генэральнага дырэктара холдынгу «Белфармпрам» Віктар Шэін.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG