Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». У раённай больніцы не ўратавалі выбітнага краязнаўцу


«Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». У раённай больніцы не ўратавалі выбітнага краязнаўцу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:06 0:00

«Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». У раённай больніцы не ўратавалі выбітнага краязнаўцу

Сваякі Алеся Зайкі лічаць, што ў яго быў шанец выжыць, калі б дапамогу аказалі своечасова. «Мы не багі», — кажуць дактары.

«З восьмай ранку канём можна было да таго Берасьця давезьці»

На пахаваньне вясковага настаўніка Алеся Зайкі без прымусаў і запрашэньняў прыйшлі сотні чалавек. «Не было лепшага», — кажа ягоная вучаніца, прадавачка вясковай крамы ў вёсцы Запольле

Кацярына. «Мы пахавалі выбітнага чалавека», — напісаў на сьмерць Алеся Зайкі галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцер Санько.

Алесь Зайка мог зрабіць акадэмічную кар’еру і жыць у горадзе.

Але пасьля Берасьцейскага пэдынстытуту вярнуўся ў роднае Запольле, перавёз з Івацэвічаў зруб, паставіў хату і прадаў свой «Іж», каб выдаць кнігу пра родныя мясьціны.

Удава Антаніна Іванаўна сустракае ў двары. Зь ёю Анатоль, пляменьнік Алеся Фаміча. Ён ці не апошні са сваякоў бачыў дзядзьку ў Івацэвіцкай больніцы за гадзіну да сьмерці.

«Зранку да восьмай гадзіны канём можна было да таго Берасьця завезьці», — кажа ён.

Хуткую мужу выклікалі каля восьмай гадзіны ранку 26 чэрвеня, кажа Антаніна Іванаўна. Ён скардзіўся на моцны боль. Яго адвезьлі ў Івацэвіцкую раённую больніцу.

Антаніна Зайка, удава краязнаўцы
Антаніна Зайка, удава краязнаўцы

Каля 11-й гадзіны жонка праз тэлефон пачула ягоную размову з доктарам, які казаў, што яму трэба тэрміновая апэрацыя ў Берасьці.

Праз сваякоў у больніцы даведаліся дыягназ — анэўрызма аорты. На пачатку трэцяй быў яшчэ адзін званок ад мужа.

«Патэлефанаваў, сказаў, дзе ляжаць грошы, якія ён на кніжку зьбіраў. Сказаў, якія кніжкі яшчэ выпусьціць. І ўсё. Я стала ўгаворваць яго, што выйдзеш сам з больніцы, будзеш сам выдаваць кніжкі, — кажа жанчына. — Сказаў, што зараз будуць рабіць апэрацыю ўрачы зь Берасьця. Я ўпэўненая была, што яму робяць апэрацыю, болей не тэлефанавала».

Аднак апэрацыю Алесю Зайку не зрабілі.

«Не магу вам сказаць, што нешта было зроблена ня ў час. Не таму, што я абараняю прафэсійны гонар, а таму, што гэта грозная хвароба і мы не багі, — тлумачыць нам намесьнік галоўнага ўрача па мэдычнай частцы Берасьцейскай абласной больніцы Вячаслаў Гаўрыленка. — Такія захворваньні, як анэўрызма, вельмі грозныя. У вялікім працэнце выпадкаў сканчаюцца летальным вынікам».

Пляменьнік Анатоль, які жыве ў суседняй з Запольлем вёсцы, згадвае, што трапіў да дзядзькі ў палату каля 17.20.

Анатоль, пляменнік краязнаўцы
Анатоль, пляменнік краязнаўцы

«Пабачыў, як ён круціцца, як той уюн на патэльні, — кажа мужчына. — Яму стала кепска. Кажа: „Схадзі, Толік, знайдзі вутку, каб мне выплюнуць гэта ўсё“. Я знайшоў санітарку, яна прынесла слоік. І яго пачало ванітаваць страўнікавым сокам. Ванітавала, а ён увесь час мне кажа: „Толік, ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае“», — распавядае Анатоль.

Па просьбе дзядзькі ён некалькі разоў зьвяртаўся на пост мэдсястры па абязбольвальныя, але атрымліваў адмову. Калі зьвярнуўся чарговы раз, пачуў: «Ды ён нас тут усіх дастаў!»

«Пасьля сёмай званок, — працягвае Антаніна Іванаўна. — Званіў урач М., сказаў, што «ў мяне для вас нядобрыя навіны, мы спазьніліся». Я кажу: «А што ж вы рабілі з адзінаццатай гадзіны да паловы восьмай, як ён памёр?!»

«Памылка адна — трэба было везьці адразу ў Берасьце, — кажа Анатоль. — Я ўпэўнены, што давезьлі б. Я хацеў бы сказаць усім дактарам, што ўсе мы людзі і ўсім трэба дапамагаць ад душы. Незалежна ад таго, начальнік ты, рабочы ці калгасьнік просты. Больш нічога не магу сказаць».

Да Берасьця 140 кілямэтраў. Даехаць можна гадзіны за паўтары. Вячаслаў Гаўрыленка кажа, што па выкліках раённых больніц зь Берасьця дактары выяжджаюць па некалькі разоў на дзень. Зрабіць такую складаную апэрацыю ў саміх Івацэвічах немагчыма.

«Па разьліках заходніх спэцыялістаў, каб нейкі від апэрацыі выконваўся кваліфікавана, то павінны рабіцца 100–200 апэрацый у год, — тлумачыць ён. — Калі раён сутыкаецца зь імі тры разы ў год, ці нават 10 разоў у год, там ня будзе спэцыялістаў такога клясу».

«Самае крыўднае, што чалавеку страшэнна балела. Ён вельмі быў цярплівы да болю, а тут проста прасіў, енчыў — баліць, ня ведаю, як вытрываць гэты боль», — бядуе Антаніна Іванаўна.

Івацэвіцкая раённая больніца: «Усё было зроблена ў час»

Антаніна Іванаўна мяркуе, што мужу можна было паспрабаваць дапамагчы. «Я хадзіла да ўрача, пыталася, чаму вы цягнулі, трэба было нешта рабіць. Памёр бы на апэрацыйным стале, па дарозе. Але зрабілі б спробу ўратаваць. Я разумею, што гэта вельмі цяжкая хвароба, — кажа яна. — Ён мне сказаў, што дамовіліся спачатку на шэсьць гадзін у Берасьці на тамограф (дыягнастычны апарат. — РС). А пасьля ўжо паглядзелі, што не давязём, і выклікалі сюды берасьцейскіх урачоў. У нас свайго тамографа няма».

Берасьцейскія дактары прыбылі ўжо пасьля сьмерці Алеся Зайкі.

Да Івацэвіцкай раённай больніцы ад Запольля 15 хвілін на машыне. Галоўны доктар — Васіль Юзафовіч — нарадзіўся ў суседняй з Запольлем вёсцы. Цяпер чарговы раз абраны дэпутатам Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў. Алеся Зайку знаў асабіста, мае ягоныя кнігі з аўтографамі. У дзень, калі Зайка памёр, быў у адпачынку.

«Усё рабілася ў час. Толькі на пачатковым этапе не патрабавала апэратыўнага ці экстранага ўмяшаньня. Калі наступіла пагаршэньне стану здароўя, пасьля абеду стала пытаньне, што ўзьнікае пэўная праблема. Мы пасьля 15.00 выклікалі санавіяцыю», — кажа галоўны доктар. Ён лічыць, што калі б Алеся Зайку адразу транспартавалі ў Берасьце, «магла б бяда здарыцца проста ў дарозе».

«Прыехала б санавіяцыя на гадзіну раней, адназначна скажу, што нічога б яна не дапамагла, — кажа Юзэфовіч. — Такая хвароба і так яна працякала, што складана блізкім паверыць, што ранкам бачыў у поўным здароўі і бадзёрага чалавека, а пры канцы дня ўзьнікае такое. Так бывае, на жаль».

Васіль Юзэфовіч кажа, што на ўзроўні раённай больніцы дэталёва высьветліць стан хворага ў такіх абставінах немагчыма.

«У нас была плянавая дамоўленасьць пра перавод яго на 18.00 на абсьледаваньне ў Берасьце. Да чаго мы ішлі. Але ў выніку пагаршэньня атрымалася як атрымалася», — кажа ён і дадае, што прэтэнзій да лечачых урачоў у выпадку Алеся Зайкі ў яго няма.

«Што тычыцца сярэдняга мэдпэрсаналу, усе пытаньні этычнага пляну ў нас знаходзяцца на кантролі, — кажа галоўны доктар. — У нас штомесяц ёсьць сястрынскія канфэрэнцыі, і з малодшым пэрсаналам. Так, людзей трэба вучыць. Можа, штосьці і было кінута. Сёньня гэта кардынальна ані на што не паўплывала».

Хата краязнаўцы Алеся Зайкі
Хата краязнаўцы Алеся Зайкі

Антаніна Іванаўна вельмі шкадуе, што не пасьпела разьвітацца з мужам. «Калі ўжо разумелі, што такая апэрацыя, што ня выратуеш ужо, то чаго мне не сказалі, я б паехала апошнія хвіліны зь ім пабыла, упрасіла б гэтага абязбольвальнага, — плача яна. — Не хачу дактароў вінаваціць. Проста хочацца, каб у апошнія хвіліны чалавек так ня мучыўся».

«Проста люблю людзей»

«У бальніцу ішоў, яшчэ набраў з сабой тэчку і лісьцікаў. Казаў: „О, будуць людзі са мной у палаце ляжаць, я буду запісваць ад іх“, — плача Антаніна Іванаўна. — Кожнае слоўца запісваў. З ручкай і з папераю не разьвітваўся».

«Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», унікальны зборнік мясцовых прыказак, прымавак, жартаў — усё гэта кнігі Алеся Зайкі. На дадатак да навуковых выданьняў — яшчэ дзьве кнігі прозы.

12 жніўня яму мелася споўніцца 70 гадоў. У дзень ягонай сьмерці, піша Зьміцер Санько, падпісалі ў друк ягоную «Мікратапаніміку». Зайка дзесяцігодзьдзямі зьбіраў ад землякоў назвы лясоў, балот, лугоў і дарог. Баяўся, што з адыходам старых жыхароў гэтыя словы, а зь імі і гісторыя гэтых мясьцін, зьнікнуць назаўжды.

«Усё прападае, — нібыта паўтарае словы мужа Антаніна Іванаўна. — Я ўжо сама ня памятаю таго, што памятала мая маці і мая бабуля. А дзеці нашыя яшчэ менш памятаюць. Таму ён усё запісваў, каб не згубілася. Па ўсім раёне езьдзіў. У яго ў кожнай вёсцы быў свой карэспандэнт».

Што рабіць цяпер зь велізарным архівам мужа, Антаніна Іванаўна ня ведае. Кажа, што сама зь ягонымі скарбамі не разьбярэцца да канца жыцьця.

«Цэлы сшытак запісаны песень, — паказвае яна рукапісы. Кажа, што ў архіве сотні фатаздымкаў розных гадоў. — Кнігу ўспамінаў бацькі напісаў, яна поўнасьцю падрыхтаваная да выданьня. Падрыхтаваны „Тэматычны слоўнік Косаўшчыны: грыбы, кветкі, дрэвы“. Слоўнік геаграфічных тэрмінаў амаль гатовы». Вось апошні раз як званіў, ён прасіў выдаць гэтыя тры кнігі«.

Дасьледчыкі кажуць пра высокі навуковы ўзровень выданьняў, падрыхтаваных Алесем Зайкам. Антаніна Іванаўна распавядае, як муж працаваў у архівах у Львове, Берасьці, Менску. Пра тое, што не зрабіў вялікай кар’еры, ані разу не шкадаваў.

«Ён казаў: „І што, скончыў бы я асьпірантуру, быў бы выкладчыкам ва ўнівэрсытэце. І яны больш зрабілі, чым я? Не!“ — адказваў ён сам сабе. Але пасьлядоўніка, колькі ні шукаў, не знайшоў».

«Сёньня ўсе дзяўчаты ў мэдыцынскі, а хлопцы на праграміста. Можа знойдзецца хто яшчэ, каб перадаць усё гэтае багацьце — і кніжкі, і архіў», — спадзяецца Антаніна Іванаўна.

Пахавалі Алеся Зайку ў суседніх Бялавічах. Калісьці ён вярнуў гэтай вёсцы імя іншага знакамітага ўраджэнца — доктара і краязнаўцы Міхаіла Гамаліцкага (1791–1861), які адным зь першых рабіў экспэрымэнты па пераліваньні крыві.

«Так шмат людзей было на пахаваньні, машыны ехалі і ехалі, сотні людзей, — кажа Антаніна Іванаўна. — Вельмі многа плянаў было, вельмі многа чаго хацеў зрабіць, многа пачаў. Хто цяпер гэта ўсё будзе рабіць... Можа трошкі ўляжацца, трошкі боль пройдзе, і я вазьмуся, бо паабяцала, што зраблю хоць тое, што ўжо амаль гатовае».

Пад навіной пра сьмерць Алеся Зайкі хтосьці з камэнтатараў напісаў: «Ён проста адпрацоўваў свой заробак», кажа Антаніна Іванаўна. Яе гэта моцна пакрыўдзіла.

«Ніхто яму аніякага заробку за гэта не плаціў, — кажа яна. — Што ад пэнсіі адкладзе, яшчэ пару гадзін у школе вёў. Былі ў нас плугі, бароны да трактара. Ён на адну кніжку гэта прадаў. Пасьля быў у нас матацыкл „Іж“, амаль новы. Ён яго прадаў на кніжку. Адну кніжку, „Паселішчы Івацэвіччыны“, райвыканкам выдаў. Яшчэ прасіў: „Тоня, не гавары нікому, што я за свае гэта ўсё выдаю. А то скажуць: дурны нейкі“».

Што рухала гэтым чалавекам? «Проста любоў, — кажа Антаніна Іванаўна. — Усё гэта на энтузіязьме, настолькі любіў гэта ўсё сваё. Кажа: «Я люблю людзей. Люблю, як яны расказваюць, як яны гавораць».

Выданьне кніг, збор матэрыялаў, сьвяткаваньне юбілею, сьвята вёскі, — пералічае Антаніна Зайка пляны свайго мужа.

«Зараз нічога ўжо не адзначым, — кажа яна. — Для мяне гэта самае страшнае, што з такімі болямі паміраў. Сёньня ж ёсьць розныя лекі, можна абязболіць. У нас бальніца някепская, новая, і абсталяваньне. Але ня робяць такіх апэрацый. Ляжаў і чакаў, пакуль памрэ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG