Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Жарко патлумачыў карупцыю ў мэдыцыне і правалы ў хакеі


Васіль Жарко

Намесьнік старшыні Савету Міністраў Васіль Жарко, які з траўня 2006 па сьнежань 2016 году займаў пасаду міністра аховы здароўя Беларусі, выступіў 29 чэрвеня на супольным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага Сходу з тлумачэньнем сытуацыі ў мэдыцыне і спорце.

Васіль Жарко ва ўрадзе зьяўляецца куратарам сфэраў адукацыі, аховы здароўя, спорту — так званага гуманітарнага блёку, ён сам напрацягу амаль 10 год быў міністрам аховы здароўя.

Жарко пракамэнтаваў для журналістаў сытуацыю з затрыманьнем шэрагу чыноўнікаў у міністэрстве, якія злоўжывалі сваім службовым становішчам.

«Гэта спрацоўвае чалавечы фактар. У галіне працуе 270 тысяч чалавек, у ёй тысяча арганізацый. Што тычыцца сыстэмы закупак, яна і так празрыстая. Усе кандыдаты на пастаўку тэхнікі азнаёмліваюцца з тэхнічнымі заданьнямі. Магчыма, сыстэма трошкі зьбюракратызаваная», — сказаў Жарко.

«Калі б ведаў, то захады былі б прынятыя ўжо тады (калі Васіль Жарко быў міністрам), — цытуе словы віцэ-прэм’ера TUT.BY. — Мы сапраўды кантралявалі сытуацыю тады, закупкі — гэта няпростае пытаньне. Дзень свой працоўны пачыналі з закупак і завяршалі закупкамі. Калі дзесьці мы нешта адчувалі, то адразу прымалі захады да вінаватых — аж да вызваленьня ад займаных пасадаў. Але што такая справа вырасьце, я проста не чакаў».

Чаму ў Беларусі хакейная форма даражэйшая за гаджэт?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбак зьвярнуўся да віцэ-прэм’ера Васіля Жарко з прапановай: нацыянальная каманда, хакейны клюб «Дынама-Менск», мусяць адмовіцца ад легіянэраў зь іх дарагімі кантрактамі, а грошы, якія ад гэтага вызваляцца, накіраваць на разьвіцьцё дзіцячага і юнацкага хакею.

«У сваім дакладзе вы казалі, што цяпер вучняў не адцягнуць ад гаджэтаў. Праз гэта замаруджваецца іхнае фізычнае разьвіцьцё. Гэта адбываецца таму, што набыць гаджэт для сям’і таньней, чым плаціць за навучаньне хлопчыка ў хакейнай школе», — сказаў дэпутат.

Ён прывёў прыклад, што з 30 дзяцей, якія ходзяць у сэкцыю хакею, звычайна на занятках бывае ня больш за 10.

«Справа ў тым, што іх бацькі, за выключэньнем, мабыць, Салігорску, дзе заробкі вышэйшыя, чым у сярэднім па Беларусі, ня маюць грошай на набыцьцё формы, на аплату паездак у іншыя гарады для таварыскіх сустрэч».

Віцэ-прэм’ер Жарко паабяцаў, што цяпер улады і Фэдэрацыя хакею Беларусі пачнуць мяняць арыентыры. Найбольшая ўвага будзе ўдзяляцца дзіцячаму і юнацкаму хакею, у прыватнасьці наладжваецца вытворчасьць хакейнага рыштунку беларускай вытворчасьці.

Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць

Што здарылася: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі раскрыў карупцыйную схему ў сфэры закупак мэдтэхнікі.

  • 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
  • Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
  • 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 25 чэрвеня КДБ абнародаваў выяўленыя факты хабарніцтва ў сфэры аховы здароўя​. Старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек (за атрыманьне і даваньне хабару, а таксама за ўхіленьне ад сплаты сум падаткаў і збораў). Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • 28 чэрвеня старшыня КДБ заявіў, што здабыткам галоснасьці стала яшчэ ня ўся інфармацыя пра карупцыйныя злачынствы — цяпер вядзецца сьледзтва, інфармацыі будзе значна больш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG