Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тыя, у каго ўлада і грошы, тут ня лечацца». Пра што гавораць у чарзе да доктара


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На мінулым тыдні амаль дзьве гадзіны давялося правесьці ў чарзе ў сваёй участковай паліклініцы. І гэта не да тэрапэўта ці якога-небудзь вузкага адмыслоўца — усяго толькі ў так званы «даўрачэбны» кабінэт, каб замовіць выпіску з амбулаторнай карты, безь якой не атрымаеш «вадзіцельскай» даведкі.

Стомленая і раздражнёная доктарка, якой я, адседзеўшы столькі часу пад дзьвярыма, выказаў усё, што думаю з гэтай нагоды, адмахнулася:

— А што вы хацелі? У нас пэрсаналу бракуе. А людзей вунь колькі…

— Раней такіх чэргаў тут не было, — прыгадваю я як старажыл мікрараёну.

— А раней у нас і жыхароў столькі не было, — кіўнула доктарка на акно, за якім на месцы, дзе яшчэ нядаўна было балота, за апошнія гады вырас цэлы раён шматпавярховых дамоў. Наступствы горадабудаўнічай палітыкі «ўшчыльненьня»: камэрцыйнае жыльлё ў старым раёне будуецца шпаркімі тэмпамі, пры гэтым паліклініка, узьведзеная яшчэ пры СССР, застаецца адзінай у акрузе.

У нашай паліклініцы (як, напэўна, і амаль ва ўсіх іншых) не хапае дактароў і мэдсясьцёр. Заробкі нізкія, нагрузка — вялікая. Лепшыя адмыслоўцы, напрацаваўшы досьвед і стаж, уцякаюць: адны ў платныя мэдцэнтры, другія — за мяжу. Іншыя грошы, іншая праца, іншыя пэрспэктывы….

…Часу ў чарзе шмат, людзі размаўляюць на калямэдычныя тэмы.

— Тут у нас у Менску яшчэ нічога, цярпіма. У мяне сваячка ў Старых Дарогах у раённы шпіталь трапіла, дык ёй з парога сказалі: хочаш лячыцца — ідзі купляй вось такія і такія лекі. Хочаш УГД — едзь за 100 кілямэтраў у Салігорск. А ў нас у абласной бальніцы ў Бараўлянах усё на месцы і пакуль бясплатна…

— За «бясплатна» яны табе толькі ціск памераюць. Тыя, у каго ўлада і грошы, тут ня лечацца. А хочаш нармальна лячыцца — плаці. Добрыя лекі лепш з-за мяжы везьці: яны там удвая таньнейшыя. Мне мая дачка ўвесь час з Польшчы прывозіць.

— Цяпер і ў нас патаньнеюць: вунь колькі гэтых махляроў пасадзілі. Вы бачылі, колькі яны накралі? Па тэлевізары паказвалі. Гэта ж тыя, што мэдыкамэнты і тэхніку за мяжой куплялі. Да іх без «адкату» ніводзін камэрсант ня мог падысьці….

Атрыбуты «бясплатнай» мэдыцыны

На беларускай «бясплатнай» мэдыцыне ляжыць глыбокі адбітак рэжыму жорсткай эканоміі. Вы гэта адчуваеце, седзячы ў чарзе ў паўцёмным калідоры (ашчаджаецца электраэнэргія). Потым у кабінэце мэдсястра, якая робіць электракардыяграму, прапануе не здымаць кашулю, бо на дэрматынавы тапчан няма чаго паслаць (папяровыя прасьціны таксама, відаць, ашчаджаюцца). Пасьля працэдуры вам параяць пакарыстацца ўласнымі сурвэткамі…

Узімку ў панэльным будынку (асабліва ў кутніх кабінэтах) халадзіна. Але карыстацца абагравальнікам забаронена. Як, зрэшты, і іншымі электрапрыборамі — напрыклад чайнікам. Урачы і мэдсёстры нярэдка нават свае халаты вымушаныя купляць за ўласныя грошы: тыя, што ёсьць, альбо не падыходзяць памерам, альбо настолькі зношаныя, што сорамна апрануць…

Паміж дактарамі, якія проста лечаць, і тымі, хто кіруе і адказвае за матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, заключае кантракты з пастаўшчыкамі мэдтэхнікі, будаўнікамі, рамонтнікамі — вялізная і відавочная маёмасная розьніца. Першыя найчасьцей езьдзяць на працу грамадзкім транспартам ці якім-небудзь 15-гадовым «Опэлем»; другія нярэдка — на новенькім «Лексусе» коштам каля 100 тысяч даляраў. Афіцыйныя заробкі і ў тых, і ў другіх параўнальна невысокія. Пра сапраўдныя прычыны такога маёмаснага расслаеньня ўсе здагадваюцца, але маўчаць. Але калі ўлада раптам пачала маштабную «чыстку» ў гэтым асяродзьдзі і паказала, якім чынам рэальна адбываецца набыцьцё лекаў і абсталяваньня для дзяржаўнай мэдыцыны, у гэта адразу паверылі фактычна ўсе, хто калі-небудзь з гэтай мэдыцынай сутыкаўся.

Мэдабслугоўваньне для абраных

Пры гэтым трэба мець на ўвазе: у звычайныя ўчастковыя паліклінікі ходзяць ня ўсе. Тыя, хто пры ўладзе, лечацца ў спэцпаліклініцы і спэцшпіталі (лечкамісіі).

Тыя, хто маюць грошы, ідуць у платныя мэдцэнтры альбо (калі грошы вялікія) едуць за мяжу. У замежныя клінікі, дарэчы, накіроўваюць і высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў — калі патрабуецца складаная апэрацыя.

Ну, а ўжо ўсе астатнія (у каго ні грошай, ні ўлады) вымушаны зьвяртацца ва ўчастковую паліклініку і раённы шпіталь.

Гэтыя рэаліі сёньняшняй беларускай сыстэмы аховы здароўя нібыта лёгка апраўдаць: дзяржава бедная, урад залез у пазыкі да замежных урадаў і банкаў, а пазыкі няма чым аддаваць, усім трэба зацягнуць пасы дзеля ашчаджэньня кожнай дзяржаўнай капейкі.

Але калі людзі глядзяць па БТ апэратыўныя відэаздымкі КДБ і Сьледчага камітэту, бачаць пачкі наяўнай валюты, знойдзеныя ў схованках арыштаваных чыноўнікаў ад мэдыцыны, то задаюць сабе пытаньні: дык вось дзеля гэтага на мне эканомілі, прымушалі лячыцца незразумелымі лекамі, сядзець гадзінамі ў цёмных калідорах паліклінікі, купляць за ўласныя грошы шпрыцы ды кропельніцы?

І ўсё гэта, відавочна, ня зьменіцца да таго часу, пакуль самі чыноўнікі ня будуць лячыцца ў тых жа паліклініках і шпіталях, якія «аптымізавалі». Верх цынізму і крывадушнасьці — стварыць такую сыстэму «для чэрні», усьведамляць усе яе заганы, змушаць людзей да жорсткай эканоміі нават на неабходных дробязях — і пры гэтым для сябе, любімых, пабудаваць і абсталяваць усім неабходным адасоблены прывілеяваны шпітальчык, дзе ні чэргаў, ні занядбанасьці, ні дэфіцыту лекаў ці абсталяваньня.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, Беларусь — у эўрапейскіх лідэрах па забясьпечанасьці кваліфікаванымі мэдычнымі кадрамі: на тысячу насельніцтва прыпадае больш за 5 урачоў (гэта болей, чым у Францыі, Нямеччыне, Аўстрыі). Праўда, статыстыка не акцэнтуе ўвагу на тым, што заробкі ў беларускіх мэдыкаў у 20-40 разоў ніжэйшыя, чым у іхных калег на Захадзе. Да таго ж, седзячы гадзінамі ў чарзе ў паліклініцы, моцна сумняваесься, што ў Беларусі так ужо шмат урачоў. Можа, што-небудзь ня так з падлікамі? Палічылі ўсе незапоўненыя стаўкі альбо ўсіх выпускнікоў мэдычных ВНУ, многія зь якіх даўно ўжо адсюль зьехалі?

…На працягу трох дзён я нарэшце аформіў у паліклініцы выпіску і разьлічваў на тое, што цяпер у «вадзіцельскай» паліклініцы хутка змагу прайсьці агляд і атрымаць неабходную даведку. З задавальненьнем даведаўся, што запісацца на агляд можна праз сайт (парадаваўся: нарэшце інфармацыйныя тэхналёгіі дайшлі і да дзяржаўнай мэдыцыны). Але радасьць была нядоўгай: найбліжэйшая даступная дата для прыёму — толькі праз два тыдні. Такім чынам, на атрыманьне даведкі, безь якой нельга сядаць за руль, спатрэбіцца мінімум тры тыдні. Раней усё гэта можна было зрабіць за дзень.

…І яшчэ адна дэталь, якая паказвае асаблівы клопат чыноўнікаў ад мэдыцыны пра ашчаджэньне дзяржаўных рэсурсаў. Дзеля жорсткай эканоміі мэдпэрсаналу забаронена зараджаць на працоўным месцы свае мабільныя тэлефоны. (Хоць многія мэдыкі цішком гэтую забарону і парушаюць, але майце яе на ўвазе, калі ня можаце датэлефанавацца да свайго лекара).

***

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG