Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 абяцаньняў Жарко на пасадзе міністра аховы здароўя. І што з гэтага выйшла


Васіль Жарко, архіўнае фота
Васіль Жарко, архіўнае фота

Віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Жарко, які 10 гадоў (2006–2016) займаў пасаду міністра аховы здароўя Беларусі, трапіў у лік тых, каго выклікалі на допыт у праваахоўныя органы ў межах «справы мэдыкаў» — самым маштабным у гісторыі сувэрэннай Беларусі карупцыйным скандале ў мэдычнай галіне. Паводле КДБ, у справе аб злоўжываньнях чыноўнікаў ужо больш за 60 фігурантаў, 37 зь іх затрыманыя.​

Пэнсіянэр, які ініцыяваў «справу мэдыкаў»: «Я думаў, ведамства Жарко — непатапляльны авіяносец»

«Калі б ведаў, то захады былі б прынятыя ўжо тады», — пракамэнтаваў скандал сам Васіль Жарко. Свабода прыгадала асноўныя абяцаньні топ-чыноўніка, які вызначаў палітыку ў мэдычнай сфэры цягам цэлага дзесяцігодзьдзя.

1. Чэргі ў паліклініках

Жарко абяцаў, што ўжо ў 2013 годзе чэргаў у паліклініках ня будзе.

Вынік. Відавочна, што гэтае абяцаньне засталося нявыкананае. Чэргі і шматгадзіннае чаканьне застаюцца неад'емным атрыбутам дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі. Часам цярпеньне пацыентаў пераходзіць усе межы, як на мінулым тыдні, калі ў сацсеткі трапілі відэаздымкі штурму кабінэтаў цэнтральнага раённага шпіталя ў Рэчыцы.

А ці ёсьць чэргі ў вашай паліклініцы, шпіталі? Дасылайце вашыя фота і відэа нам на email, праз форму на сайце ці ў прыватных паведамленьнях праз Facebook, Instagram, «УКантакце», «Одноклассники».

2. Дэфіцыт кадраў

Некалькі разоў Жарко абяцаў вырашыць праблему дэфіцыту мэдычных кадраў. Галоўная прычына іх недахопу, паводле чыноўніка, — «цякучасьць». Ён вырашаў пытаньне праз павелічэньне прыёму студэнтаў у мэдыцынскія ВНУ. За гэта яго крытыкаваў колішні віцэ-прэмʼер Анатоль Тозік, паводле якога «мы ператварыліся ў палкавую школу для суседніх дзяржаў».

Жарко абяцаў, што ўжо да 2015 году ўсе арганізацыі аховы здароўя цалкам будуць укамплектаваныя лекарамі.

Вынік. Аднак нават у Менску многія паліклінікі не ўкамплектаваныя патрэбным пэрсаналам. Напрыклад, сёньня 25-я сталічная паліклініка мае 16 адкрытых вакансій, 14-я — 19 вакансій, 6-я — 10 вакансій, Ня лепшая сытуацыя ў рэгіёнах. Маладэчанская цэнтральная раённая лякарня прапануе сёньня 14 мэдычных вакансій, згаданая вышэй рэчыцкая раённая лякарня — больш за 15.

3. Заробкі мэдыкаў

Міністар Жарко не аднойчы абяцаў павысіць мэдработнікам заробкі, бо «праца мэдыкаў павінна аплачвацца вышэй».

Вынік. Паводле Белстату, сярэдні налічаны заробак у сфэры аховы здароўя ў траўні склаў 731,1 рубля, што значна ніжэй, чым агулам па краіне (943,9 рубля).

Па выніках 2017 году сярэдні заробак у мэдыцыне па краіне — 626,8​ рубля (па Горадзенскай вобласьці — 568,1 рубля, па Менску — 794,2).

Васіль Жарко абяцаў мэдыкам годныя заробкі
Васіль Жарко абяцаў мэдыкам годныя заробкі

4. Продаж імпартных лекаў

Міністар Васіль Жарко сьцьвярджаў, што якасьць беларускіх лекаў не саступае імпартным. Рабіў захады, каб насельніцтва менш купляла замежныя лекі. Казаў, што каля 70% айчынных лекавых сродкаў — коштам да 1 даляра. Паставіў задачу, каб да 2020 году колькасьць беларускіх лекаў на ўнутраным рынку была ня меншая за 55%.

Вынік. Цяпер лекары рэкамэндуюць пацыентам найперш беларускія прэпараты.

«У чалавека павінен быць выбар, якімі антыбіётыкамі ён хоча лекавацца. Але нам такі выбар не даецца», — сказаў Свабодзе менскі доктар, які прасіў захаваць ананімнасьць.

5. Аптэка ня крама

Пры Жарко стаў больш жорсткім кантроль за продажам лекаў у аптэках. Па рэцэптах сталі адпускаць каля 40% лекавых сродкаў. Рэцэпт у аптэцы павінен быў захоўвацца на працягу месяца. Жарко казаў, што грамадзяне не павінны хадзіць у аптэку, як у краму.

Вынік. Як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя, сытуацыя з кантролем за продажам лекаў пасьля сыходу Жарко з пасады міністра не памянялася.

6. Кошты лекаў

Жарко казаў, што ў Беларусі не павінна быць неабгрунтаванага павышэньня цэнаў на лекі — як айчынныя, так і імпартныя. Маўляў, у ведамстве прыйшлі да «жорсткага рашэньня» па гэтым пытаньні.

Вынік. У сьпісе прэпаратаў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай, ужо больш за 1300 пазыцый. Пры гэтым праблема завышаных цэнаў на лекі застаецца. Большасьць імпартных лекаў каштуе ў Беларусі даражэй, чым у суседніх краінах.

Пацьвердзіў гэту праблему Аляксандар Лукашэнка, які на пачатку 2018 году абяцаў разабрацца з цэнамі на лекі.

«Гэта ня справа, што спэцслужбы будуць займацца цэнамі на лекі», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка і Васіль Жарко
Аляксандар Лукашэнка і Васіль Жарко

7. ІТ у ахове здароўя

Жарко абяцаў укараніць сыстэму выпісваньня электронных рэцэптаў і электронных карт хворага. Казаў, што «паперак ня будзе». Пры гэтым выказваўся за захаваньне талённай сыстэмы ў паліклініках, «каб забясьпечыць мэдычнай дапамогай усіх, хто зьвяртаецца».

Вынік. Талённая сыстэма ў паліклініках захавалася, рэцэпты і амбуляторныя карты пацыентаў застаюцца ў асноўным папяровымі. У 2016 годзе Міністэрства аховы здароўя пачало ўводзіць аўтаматызаваную сыстэму «Электронны рэцэпт» з асабістымі ідэнтыфікацыйнымі плястыкавымі карткамі пацыента. За гэты час, паводле афіцыйнай статыстыкі, лекары выпісалі больш за 5 мільёнаў электронных рэцэптаў, але папяровы дакумэнтазварот па-ранейшаму дамінуе.

Электронная плястыкавая картка «Для мэдычнага абслугоўваньня»
Электронная плястыкавая картка «Для мэдычнага абслугоўваньня»

8. Страхавая мэдыцына

Міністар Жарко часта казаў, што Беларусь ня будзе пераходзіць на страхавую мэдыцыну. Маўляў, «беларуская мадэль аховы здароўя заснаваная на прынцыпах, вызначаных заснавальнікамі савецкай аховы здароўя». Ён казаў, што гэта немагчыма зрабіць з эканамічных прычын і зважаючы на адмоўны вопыт Расеі.

Вынік. Паводле экспэртаў, беларуская сыстэма аховы здароўя цягам доўгага часу сур’ёзна не рэфармавалася. Тым часам страхавая мэдыцына паступова набывае папулярнасьць: усё больш ня толькі прыватных, але і дзяржаўных кампаній прапануюць супрацоўнікам сацпакет з мэдычнай страхоўкай на абслугоўваньне як у дзяржаўных, гэтак і ў прыватных мэдычных цэнтрах.

9. Бальнічныя лісты ў прыватных цэнтрах

Жарко казаў, што прыватныя мэдцэнтры змогуць выпісваць бальнічныя лісты: «Калі ласка, прыходзьце, бярыце, выдавайце».

Вынік. У найбуйнейшых прыватных мэдцэнтрах «Ладэ» і «Нардзін» бальнічныя лісты выдаюць, але толькі пры ўмове, што пацыент абслугоўваецца ад страхавой кампаніі ці ад арганізацыі, якая мае з мэдцэнтрам дамову на абслугоўваньне. Прыватны кліент без страхавога полісу атрымаць такую даведку ня можа.

10. «Працаваць адкрыта»

«Мы гатовыя працаваць адкрыта», — сказаў у 2015 годзе на прэс-канфэрэнцыі міністар Жарко.

Вынік. Паводле апытаных Свабодай журналістаў, ахова здароўя застаецца адной з самых закрытых для асьвятленьня сфэраў у дзяржаўнай сыстэме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG