Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штурм паліклінікі ў Рэчыцы: лекарка ўдарыла пацыента. ВІДЭА


Інфармацыйны партал «Рэчыца. Без цэнзуры» выклаў фота- і відэаздымкі штурму кабінэтаў цэнтральнага раённага шпіталя падчас платнага праходжаньня мэдкамісіі. Кіроўцы, пэдагогі, прадаўцы, паляўнічыя вымушаныя шмат часу траціць на чэргі, там узьнікаюць спрэчкі і канфлікты.

«Дурдом» раённага значэньня

12 ліпеня ў кабінэце нэўроляга адбылася бойка, пад час якой лекарка ўдарыла рукой, які здымаў спрэчку на відэа. Як сьцьвярджаюць чытачы сайту на форуме, пасьля гэтага давялося выклікаць міліцыю ў будынак паліклінікі.

Паводле камэнтатараў, адным з самых «гарачых» стаў кабінэт нэўроляга Алены Шаўчэнкі, у чарзе да якой трэба адседзець паўдня ці нават больш. Нават сама лекарка прызналася людзям: ёй страшна, бо ў выніку могуць пайсьці на штурм — пад дзьвярыма пастаянная штурханіна і лаянка.

Алена Шаўчэнка
Алена Шаўчэнка

Зрэшты, незадаволеныя сытуацыяй і самі лекары, якія прызнаюць, што такі «дурдом» мае месца толькі ў Рэчыцы. Плянавую мэдкамісію адначасова праходзяць работнікі мэтызнага заводу, аддзелу адукацыі, а таксама аўтааматары і ахвотнікі легалізацыі зброі.

Свабода зьвярнулася па тлумачэньне сытуацыі да Сяргея Тананыкіна, намесьніка галоўнага ўрача па мэдычным абслугоўваньні насельніцтва Рэчыцкага раёну. Ён заявіў, што гэта быў выключны выпадак, звычайна мэдагляды праходзяць спакайней.

«На жаль, гэта экстраардынарны выпадак, які можа ўзьнікнуць дзе заўгодна, ня толькі ва ўстанове аховы здароўя, і нават ня столькі, — сказаў Тананыкін. — Няхай міліцыя сама займаецца гэтым пытаньнем, прынамсі пакуль я ня ведаю ні вынікаў гэтай справы, ні якім чынам падзеі будуць разьвівацца далей».

Прычыны ажыятажу

Наведнікі кажуць, што да саміх лекараў прэтэнзій ня маюць. Наадварот, яны захапляюцца вытрымкай і цярпеньнем мэдыкаў. Вінаватымі яны лічаць дзяржаўныя арганізацыі, якія намагаюцца адначасова ўціснуць супрацоўнікаў у адзін графік.

Сяргей Тананыкін
Сяргей Тананыкін

«Розныя прычыны, у тым ліку якія тычацца графіку па прадпрыемствах, — кажа Сяргей Тананыкін. — І калі здараецца збой — па віне заводу ці работніка — пачынаюць ісьці, калі ім зручна, ствараючы перадумовы да „перагрузу“. То бок, сьцякаецца людзей больш, чым заплянавана. Апроч вытворчасьцяў, узгодненых графікам, зьвяртаюцца і тыя, каго прадугледзець нельга. Гэта і аўтакіроўцы, і аматары нашэньня зброі, і супрацоўнікі аддзелу адукацыі, якія карыстаюцца летнім адпачынкам. Паток не прадказальны. Гэта стварае ажыятаж, большую колькасьць людзей, чым мы меркавалі спачатку».

Нэўролягу накіравалі падмогу

Сяргей Тананыкін мяркуе, што сэзонны ажыятаж пойдзе на спад сам па сабе, хоць гэта і слабое суцяшэннье для тых, хто ўжо апынуўся ў эпіцэнтры эмацыйных высьвятленьняў адносінаў. У любым выпадку, кажа ён, каб палепшыць сытуацыю, на агляды накіравалі дадатковага спэцыяліста.

«З улікам сьпёкі, людзі, зразумела, на нэрвах: дастаткова камусьці выйсьці зь сябе, каб стварыць канфліктную сытуацыю. Натуральна, рэагуем, намагаемся стварыць плянавасьць, а ўсе спрэчкі вырашыць на месцы. Нягледзячы на тое, што толькі адна стаўка нэўроляга, дадаткова са стацыянару накіравалі туды падмогу, каб дапамагчы „разруліць“ наплыў людзей. Справа ў тым ліку ў сэзоннасьці. Скажам, была ўступная кампанія, абітурыенты вымушаныя браць даведкі пра магчымасьць навучаньня па выбранай спэцыяльнасьці. Нават з гэтага быў пэўны ажыятаж».

Паводле Сяргея Тананыкіна, паліклініка мэдаглядаў працуе да 18.00, але некалькі дзён запар ён пад’яжджаў туды бліжэй д 18.30, і ўстанова яшчэ працавала — дзьверы зачыняюцца толькі пасьля апошняга прынятага пацыента.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG