Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці небясьпечна рабіць ЭКА? Доктар адказвае мітрапаліту Кандрусевічу


©Shutterstock
©Shutterstock

Беларускія ўлады зьбіраюцца зрабіць бясплатнай для грамадзянаў першую працэдуру экстракарпаральнага апладненьня (ЭКА). Міністарка працы заявіла, што ЭКА «дазволіць атрымаць харошых, здаровых дзяцей». А каталіцкая царква выступіла рэзка супраць у звароце да міністра здароўя і старшыні Палаты прадстаўнікоў.

ЭКА дазваляе мець дзяцей у выпадках бясплодзьдзя: эмбрыён атрымліваюць «у прабірцы» і затым перасаджваюць у матку жанчыны для далейшага разьвіцьця. Цяпер ЭКА праводзіцца платна. «Беларусбанк» прапануе на гэтую мэту крэдыт з камісіяй у палову стаўкі рэфінансаваньня.

Прафэсар Аляксандар Фяськоў
Прафэсар Аляксандар Фяськоў

Ва Ўкраіне, Расеі, Польшчы і іншых краінах ЭКА ўжо прапануецца бясплатна пры пэўных умовах. Свабода папрасіла расказаць пра працэдуру ўкраінскага прафэсара Аляксандра Фяськова, сябра прэзыдыюму Ўкраінскай асацыяцыі рэпрадуктыўнай мэдыцыны і старшыню Ўкраінскага таварыства гендэрнай мэдыцыны, а таксама дырэктара клінікі, якая робіць ЭКА больш як 23 гады.

«У працэсе праграмы ЭКА мы паўтараем усё, што робіць прырода, а затым пераносім эмбрыён у паражніну маткі для далейшага выношваньня, — кажа прафэсар Фяськоў. — Працэс выношваньня ў такіх жанчын нічым не адрозьніваецца ад стандартнага. І ўсе рызыкі таксама захоўваюцца».

Наколькі гэта рызыкоўна?

Працэдура ЭКА мае проціпаказаньні. Пасьля таго як пацыентцы спаўняецца 35 гадоў, эфэктыўнасьць рэзка падае і за наступныя 10 гадоў зьніжаецца амаль да нуля.

У адкрытым лісьце кіраўніка Рыма-каталіцкай царквы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да міністра здароўя Беларусі і старшыні Палаты прадстаўнікоў сьцьвярджалася, што «прадстаўнікі бізнэсу на чалавечай бядзе» «замоўчваюць цяжкія, часам катастрафічныя наступствы гэтай працэдуры для жанчыны, а таксама зьвесткі пра слабое здароўе, а часам інваліднасьць дзяцей, зачатых такім ненатуральным чынам».

Імавернасьць трапіць пад трамвай нашмат вышэйшая, чым атрымаць праблему праз працэдуру ЭКА

Прафэсар Фяськоў у камэнтары Свабодзе адзначае, што ў сьвеце праз ЭКА народжаныя ўжо каля 7 мільёнаў дзяцей — і «імавернасьць трапіць пад трамвай нашмат вышэйшая, чым атрымаць праблему праз працэдуру ЭКА». Ён дапускае, што катастрафічныя наступствы для жанчыны могуць быць, але хіба «раз на мільярд».

Значэньне маюць як правільна падабраная працэдура і досьвед дактароў, так і здароўе пацыенткі. Часта на ЭКА ідуць жанчыны, якія ўжо маюць праблемы са здароўем (сардэчна-сасудзістыя, экстрагенітальныя хваробы, наступствы апэрацыяў і гэтак далей) — тады і казаць варта не пра ўскладненьні пры ЭКА, а пра фон, на якім яны ўзьніклі, лічыць Фяськоў.

Напрыклад, крывацёкі ўзьнікаюць раз на 500–800 працэдураў ЭКА, але, сьцьвярджае прафэсар, яны часьцей зьвязаныя з праблемамі крывяноснай сыстэмы або іншымі паталёгіямі.​

За апошнія 3–4 гады ў ягонай клініцы, сьцьвярджае Фяськоў, навучыліся пазьбягаць аднаго з самых сур’ёзных ускладненьняў пры ЭКА — гіпэрстымуляцыі яечнікаў. Працэдуру цяпер праводзяць паводле пратаколу зь мінімальнай стымуляцыяй, з высакаякаснымі прэпаратамі, робяць гэта дактары, якія маюць вялікі досьвед такой працы. Да таго ж актыўна ўжываецца крыяпратакол — калі эмбрыёны, утвораныя для ЭКА, але не перасаджаныя ў матку, замарожваюцца і могуць выкарыстоўвацца, калі жанчына зноў захоча правесьці ЭКА (і тады стымуляцыю праводзіць ня трэба).

Ці будуць дзеці здаровымі?

Выношваньне і роды пасьля ЭКА такія самыя, як і пасьля звычайнага зачацьця. А яны ж уплываюць на здароўе дзіцяці значна больш, чым спосаб зачацьця, кажа Фяськоў.

Ягоныя словы пацьвярджаюцца і публікацыямі ў ангельскамоўных рэцэнзаваных навуковых часопісах. Напрыклад, у гэтым артыкуле прызнаецца, што ў дзяцей, якія нарадзіліся праз ужываньне рэпрадуктыўных тэхналёгіяў, сапраўды часьцей бываюць прыроджаныя дэфэкты, але ў статыстыцы ня будзе значнай розьніцы, калі браць ва ўлік фактары здароўя бацькоў.

У дзяцей, народжаных праз ЭКА, ужо ёсьць свае дзеці, у тым ліку ў Луізы Браўн, якая стала першым «дзіцем з прабіркі»

У звароце Кандрусевіча пісалася: «Таксама ўзьнікае вялікае пытаньне аб тым, ці змогуць дзеці, зачатыя пры дапамозе гэтай працэдуры, самастойна стаць бацькамі. Дасьледаваньні на гэтую тэму альбо адсутнічаюць, альбо недаступныя».

Прафэсар Фяськоў на гэта адказвае: у дзяцей, народжаных праз ЭКА, ужо ёсьць свае дзеці, у тым ліку ў Луізы Браўн, якая стала першым «дзіцем з прабіркі».

Фяськоў дадае: цяпер ЭКА можна разглядаць як магчымасьць нараджэньня здаровага дзіцяці, а ня проста як спосаб пераадолець бясплоднасьць. Праз ЭКА можна нават перарваць ланцуг спадчынных захворваньняў. Акрамя стандартных праграмаў ЭКА, ёсьць праграмы з ацэнкай генэтычнага храмасомнага балянсу, якія ў 99,8% выпадкаў дазваляюць выключыць генэтычныя і храмасомныя хваробы дзіцяці.

Ці цяжка наладзіць адносіны зь «дзіцем з прабіркі»?

У звароце Кандрусевіча сьцьвярджаецца, што «ёсьць шэраг дасьледаваньняў аб тым, як цяжка маці і бацьку наладзіць нармальныя адносіны са сваім дзіцем, зачатым „у прабірцы“». Адшукаць такія дасьледаваньні не ўдалося (хоць працэдура ЭКА сапраўды можа выклікаць стрэс у бацькоў).

«Мы ведаем выпадкі, калі пары ўсынавілі дзяцей і жывуць лепш, чым усе астатнія, — кажа прафэсар Фяськоў. — А ёсьць тыя, хто і з роднымі ня можа наладзіць адносіны. Тут пытаньне зусім ня ў ЭКА.

Законы знаходзяцца ў нашых галовах. Што будзе ўкладзена ў галаву, тым яна і будзе запоўненая. Мы ж не ідзем на чырвонае сьвятло не таму, што яно чырвонае, а таму, што гэта закон, правіла. Гэтак жа і тут. У любым выпадку, навуковага абгрунтаваньня гэтага сьцьвярджэньня няма».

Ці магчымыя праз ЭКА дзеці трох бацькоў і гібрыды чалавека з жывёламі?

Працэдуру ЭКА часта абмяркоўваюць у сувязі ня столькі з мэдыцынай, колькі з этыкай. Зачацьце адбываецца не праз «натуральны» полавы акт. Бацькі могуць выбраць эмбрыён, які ня мае патэнцыйных праблемаў са здароўем, а «няўдалыя» эмбрыёны замарозіць або проста зьнішчыць.

Прафэсар Фяськоў ставіцца да гэтага так: ён можа дапамагчы нарадзіцца здароваму дзіцяці — дык чаму б ня даць дзіцяці шанец, калі гэта будзе карысна для і сям’і, і для ўсяго грамадзтва?

У звароце Кандрусевіча таксама сьцьвярджаецца: ЭКА стала «адпраўным пунктам» для геннай інжынэрыі, кланаваньня, зьбіраньня ствалавых клетак эмбрыёнаў, дасьледаваньняў па дзецях ад трох бацькоў і па гібрыдах чалавека і жывёлы.

«Любы прагрэс перасякаецца з маральнасьцю і аналягічнымі паняцьцямі, — кажа прафэсар Фяськоў. — Тут ужо патрэбны кантроль на ўзроўні дзяржавы за такімі працэсамі. Можна атрымаць ствалавыя клеткі, а можна атрымаць біялягічную зброю — працэсы ідэнтычныя. Таму кантрольная функцыя мае вялікае значэньне».

Ён пагаджаецца, што пытаньні аб этычнасьці і маральнасьці пры зьбіраньні ствалавых клетак зь неперасаджаных эмбрыёнаў сапраўды ёсьць. Але з дапамогай ствалавых клетак можна вырашыць шмат праблемаў чалавецтва — напрыклад, перамагчы цукровы дыябэт, калі дасьледаваньням ня будуць перашкаджаць кампаніі, якія прадаюць дыябэтыкам лекі (Фяськоў перакананы, што адбываецца менавіта гэта).

Гібрыдаў чалавека і жывёлы ад ЭКА ня будзе, бо нават калі такі эмбрыён будзе створаны, то ён ня будзе выношвацца арганізмам — ня дасьць імунная сыстэма. А «дзеці ад трох бацькоў» — гэта ўжо рэальнасьць, першае такое дзіця нарадзілася ў 2016 годзе. Тэхналёгія дазваляе займець сваіх здаровых дзяцей парам зь мітахандрыяльнымі захворваньнямі, атрымаўшы частку генэтычнага коду для дзіцяці ад донара. Але такая працэдура пакуль мала дасьледаваная.

Кланаваньне ж не зьвязанае наўпрост з працэдурай ЭКА, адзначае Фяськоў. Але і яно, і генная інжынэрыя, перакананы прафэсар, будуць разьвівацца ў любым выпадку, бо «чалавек заўжды будзе імкнуцца зрабіць для сябе нешта лепшае, калі ёсьць магчымасьць». Пытаньне, мяркуе ён, толькі ў кантролі за тым, як гэта робіцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG