Лінкі ўнівэрсальнага доступу

109 чалавек на 100 тысяч: параўноўваем сьмяротнасьць ад раку ў Беларусі і іншых краінах


Архіўнае фота
Архіўнае фота

На злаякасныя новаўтварэньні ў Беларусі хварэюць часьцей, чым у СНД, але радзей, чым у Эўропе. Як гэта зьвязана з выдаткамі краін на мэдыцыну?

537 чалавек на 100 тысяч насельніцтва — такія дадзеныя па захворвальнасьці на злаякасныя новаўтварэньні ў Беларусі (маюцца на ўвазе ўпершыню пастаўленыя дыягназы) публікуе Белстат (PDF).

Свабода паглядзела на сытуацыю ў іншых краінах і на тое, як гэта зьвязана з выдаткамі на мэдыцыну.

Згодна зь лічбамі Белстату, у Беларусі самы высокі паказчык анказахворваньняў у СНД, але ў Эўропе захворвальнасьць вышэйшая. Як і выдаткі на мэдыцыну.

Беларусь траціць на мэдыцыну 4,1% ад ВУП. Для параўнаньня, Азэрбайджан — 1%, Казахстан — 2,2%, Францыя — 8,1%. Па статыстыцы Белстату, чым вышэйшыя траты на ВУП, тым больш выпадкаў захворваньня на злаякасныя ўтварэньні.

«Гэтыя рэчы, безумоўна зьвязаныя, — кажа Свабодзе прадстаўнік Ўсясьветнай арганізацыі здароўя (УАЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў. — Але яны зьвязаныя не наўпрост, бо ёсьць іншыя фактары. Важна таксама як менавіта выкарыстоўваецца фінансаваньне ўнутры краіны. У краінах ЭЗ узровень фінансаваньня вышэйшы, чым у Беларусі. Гэта залежыць таксама ад арганізацыі сыстэмы аховы здароўя, прафіляктыкі, даступнасьці».

Паводле Батыра Бердыклычава, важна браць пад увагу выпадкі ня толькі выяўленьня раку, але і сьмяротнасьці.

«Важна, каб выявілі на раньняй стадыі. Адпаведна, нягледзячы на высокі ўзровень захворвальнасьці, сьмяротнасьць падае. Анкалягічныя захворваньні растуць ва ўсіх краінах, а нізкі ўзровень сьмяротнасьці кажа пра добрую дынаміку».

Чаму беларускія і міжнародныя дадзеныя розьняцца

Дадзеныя Белстату і Міжнароднага агенцтва па дасьледаваньнях раку, якое ўваходзіць у структуру УАЗ, адрозьніваюцца. Вось такія лічбы публікуюцца на сайце арганізацыі за 2018 год.

Узровень сьмяротнасьці ад раку, паводле статыстыкі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, у Беларусі — 109,7 чалавек на 100 тысяч. Гэты паказчык вышэйшы ў Расеі, Кітаі, Вугоршчыне, Літве, Латвіі. Але ніжэйшы — у Казахстане, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі.

Дадзеныя Ўсясьветнай арганізацыі здароўя і Белстату разыходзяцца, часта вельмі значна. Гэта тлумачыцца перадусім рознай мэтадалёгіяй падліку.

«Сьмяротнасьць — гэта асноўны паказчык, калі казаць пра ракавыя заворваньні. Бо, як ні дзіўна, распаўсюджанасьць скрынінгу не заўжды ўплывае на станоўчую дынаміку па сьмяротнасьці. Распаўсюджанасьць скрынінгу прыводзіць да вялікай колькасьці выяўленых выпадкаў, але таксама — да ілжэстаноўчых вынікаў», — расказвае Валянцін Русовіч, каардынатар праграм па грамадзкай ахове здароўя беларускага офісу УАЗ.

Паводле яго, самая важная ў гэтай хваробе першасная прафіляктыка. А менавіта — зьніжэньне распаўсюджанасьці курэньня і ўжываньня алькаголю. Гэта фактары рызыкі для ракавых захворваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG