Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць захворваньняў на анкалягічныя паталёгіі ва ўсім сьвеце, уключаючы Беларусь, расьце. Перш за ўсё гэта зьвязана з павелічэньнем працягласьці жыцьця і паляпшэньнем дыягностыкі. У 2015 годзе было выяўлена 48 900 новых выпадкаў злаякасных утварэньняў. Па выніках 2016 году чакаецца каля 50 тысяч новых хворых. Усяго на ўліку ў анкадыспансэрах краіны на канец 2015 году знаходзілася 268 511 чалавек.

Загадчык аддзелу проціракавай барацьбы РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў кажа, што паводле статыстыкі ў Беларусі сярэднія паказчыкі. У некаторых нават разьвітых краінах — Францыі, Фінляндыі, Нямеччыне — статыстыка горшая. Чым вышэйшая працягласьць жыцьця, тым больш будзе злаякасных захворваньняў.

Прадухіліць рак на 100% немагчыма. Але калі мы хочам жыць даўжэй, трэба сачыць за сваім здароўем.

Рак — падступная хвароба, якая часьцяком характарызуецца адсутнасьцю спэцыфічных сымптомаў, асабліва на раньніх стадыях. Але пухліна не зьяўляецца імгненна.

Парады ад анколяга Паўла Маісеева

1. Лекар

Лекар павінен пастаянна прысутнічаць у нашым жыцьці. Калі мы адчуваем, што з нашым арганізмам штосьці ня так, то трэба ісьці да спэцыяліста. Не да бабкі, траўніка, знахара — а толькі да лекара. Не задаволіла кансультацыя ў аднаго адмыслоўца — заўсёды можна зьвярнуцца да іншага. У РНПЦ анкалёгіі ніхто нікому не забараняе зьвяртацца. Можна зрабіць абсьледаваньні на платнай аснове, і ня так ужо дорага яны каштуюць.

2. Здаровы лад жыцьця

Трэба пазбавіцца ад усіх шкодных звычак. Самая вялікая пагроза — гэта курэньне. Канцэрагеннасьць тытуню і дыму даказаная. Ня меншую небясьпеку нясе і пасіўнае курэньне. Прычым бальшыня людзей лічыць, што з прычыны курэньня можа ўзьнікнуць толькі рак лёгкага, і ўсё. Гэта вялікая памылка! Курэньне выклікае ня толькі рак лёгкага, але і рак поласьці рота (гартані, губы, языка, нёба). Яно правакуе нават рак мачавога пухіра.

Калі лекары кажуць, што курэньне ўплывае на патэнцыю, зьніжае яе — гэта мужчын палохае. Але што курэньне спрыяе разьвіцьцю злаякаснай хваробы — не палохае.

3. Збалянсаванае правільнае харчаваньне

Усе мы любім смажанае, можам смажыць два, тры, чатыры разы, і алей не мяняем. Любім вэнджаную каўбасу, іншыя прысмакі. А гэта спрыяе разьвіцьцю злаякасных утварэньняў. Вядома, забараніць есьць мяса, вяндліну, і спажываць толькі карысную ежу, садавіну-гародніну — немагчыма. Але за ўсё давядзецца плаціць. З характарам харчаваньня наўпрост ці ўскосна зьвязана ўзьнікненьне раку стрававода, страўніка, печані, падстраўнікавай, малочнай залозаў, прастаты, маткі, яечнікаў, лёгкага.

4. Нармальная вага

Лішняя вага і атлусьценьне — асноўныя фактары росту шмат якіх захворваньняў, у тым ліку і злаякасных новаўтварэньняў. Доля анкалягічных захворваньняў, зьвязаных з атлусьценьнем, дасягае 7%. Дасьледаваньні паказваюць, што атлусьценьне спрыяе раку малочнай залозы, павялічвае рызыку разьвіцьця ныркава-клетачнага раку, раку тоўстай кішкі, страўніка, стрававода.

Рухацца трэба больш, а менш ляжаць на канапе, глядзець тэлевізар. Неабходныя рэгулярныя заняткі нават ня спортам, а фізычнай культурай. Праходкі, бег, плаваньне, гульні.

5. Рэгулярныя абсьледаваньні

Гэта ня можа прадухіліць разьвіцьцё хваробы, але тое, што яе можна выявіць на зусім раньніх стадыях — факт. Анкалягічныя хваробы зьвязаныя з узростам, і пасьля 50 гадоў рызыка ўзьнікненьня раку ўзрастае. Таму пасьля 45 гадоў мужчынам абавязкова трэба рабіць аналіз на маркер ПСА — прастатычны спэцыфічны антыген. Гэта маркер, які дазваляе ў чалавека западозрыць рак прастаты. Гэта на сёньняшні дзень самая распаўсюджаная хвароба сярод мужчын, і яна на першым месцы сярод анкалягічных захворваньняў. Ёсьць парогавая лічба, пасьля якой трэба ісьці да анколяга, трэба ісьці да ўроляга. Калі ўсё нармальна, пасьля 50 гадоў гэты аналіз трэба рабіць раз на два гады, не радзей.

6. Мамаграфія

У жанчын на першым месцы — рак малочнай залозы. Жанчынам, пачынаючы з 45–50 гадоў (у розных краінах па-рознаму) неабходна рабіць мамаграфію. Таму што, акрамя мамаграфіі, усе астатнія абсьледаваньні, у тым ліку і ўльтрагук, ня могуць дакладна выявіць пухліну. Але нягледзячы на тое, што на двары трэцяе тысячагодзьдзе, бывае, што прывозяць жанчыну, ці яна сама ледзьве даходзіць да лекара, калі грудзі, выбачайце, ужо развальваюцца ад пухліны. Мамаграфія цалкам даступная на сёньняшні дзень. Мамографаў дастаткова.

7. Гінэколяг

Для жанчын абавязкова раз на год праходзіць гінэколяга. Дагэтуль анколягі сустракаюцца з жанчынамі, якія па 3–5 гадоў не былі ў гінэколяга. Рак шыйкі маткі, рак яечнікаў — вельмі распаўсюджаныя, але вылечваюцца дзякуючы раньняй дыягностыцы.

8. Калёнаскапія

Агульная праблема для жанчын і мужчын — хваробы кішэчніка, так званы коларэктальны рак, які наўпрост зьвязаны з тым, што мы ямо. Пасьля 50 гадоў абавязкова трэба рабіць калёнаскапію. Рабіць сурʼёзнае дасьледаваньне трэба пад наркозам, каб лекар мог агледзець усе аддзелы кішэчніка. І для самога пацыента гэтая працэдура становіцца бясьпечнай. Бо калі зьяўляюцца паліпы — прычына новаўтварэньняў, яны выдаляюцца, і рак прадухіляецца, чалавек будзе жывы і здаровы.

9. Часьцей абсьледавацца, калі ў сямʼі былі выпадкі раку раней

Калі сярод родных і блізкіх былі выпадкі захворваньня, гэта ўжо павінна стаць сыгналам, што трэба часьцей абсьледавацца. Але гэта зусім не азначае, што абавязкова рак перадасца. Спадчынная схільнасьць усяго толькі ад 7 да 10%. Гэта тычыцца раку кішэчніка, раку малочнай залозы, раку яечнікаў у жанчын. Сёньня ёсьць магчымасьць праводзіць генэтычныя аналізы — на генэтычныя мутацыі. І там будзе падкрэсьлена рызыка разьвіцьця, да прыкладу, раку малочнай залозы, працэнт імавернасьці. Але, паўтаруся, нават па самых пэсымістычных прагнозах імавернасьць 7–10%. Астатнія 90% ня маюць генэтычнай спадчыннай сувязі.

10. Рак, выяўлены на першай і другой стадыі, вылечваецца амаль у 100% выпадкаў. Чым раней чалавек зьвернецца да спэцыяліста, тым больш у яго шанцаў вылечыцца

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG