Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты не адна». Як у Беларусі дапамагаюць маці ў крызісе


Сацыяльны цэнтар «Шчасьлівы малыш»
Сацыяльны цэнтар «Шчасьлівы малыш»

Што можна зрабіць, каб немаўлят не знаходзілі на сьметніку? Часовы прытулак для адзінокіх маці, бэбі-боксы, закон аб хатнім гвалце ці псыхатэрапэўтычная дапамога? Мы сабралі дзейныя і патэнцыйныя магчымасьці дапамагчы маці, якія трапілі ў цяжкую сытуацыю.

Сьцісла:

  • Ёсьць грамадзкія арганізацыі, дзе дапамогуць цяжарнай жанчыне або маці зь дзецьмі ў складанай сытуацыі. Адна зь іх — «Шчасьлівы малыш».
  • Ёсьць мапа бясплатных паслуг для цяжарных у крызіснай сытуацыі. Паглядзець яе можна тут — sos-villages.by/you_are_not_alone.
  • Немаўлят, ад якіх адмаўляюцца ў радзільні, усынаўляюць вельмі хутка.
  • Пракуратура распрацоўвае папраўкі ў заканадаўства, каб жанчыны, якія адмовіліся ад хворых дзяцей, ня несьлі за гэта матэрыяльнай адказнасьці;
  • Хатні гвалт — гэта не традыцыйная каштоўнасьць. Гэта злачынства.
  • Маці ў складанай сытуацыі могуць пажыць у прытулку сацыяльнага цэнтру «Шчасьлівы малыш» SOS — Дзіцячай вёскі Бараўляны.

Пракуратура: «Цяжка нават знайсьці зачэпку, каб нам былі патрэбныя бэбі-боксы»

«На сьметніку ў Горадні знайшлі мёртвае немаўля», «У Бабруйску немаўля крычала ў кустах» — гэта навіны ў Беларусі толькі за сёлетні кастрычнік. Кожная з такіх гісторый прымушае задумацца, што можна было б зрабіць, каб гэтага ня здарылася.

«Трагічныя сытуацыі з нованароджанымі ў нас здараюцца надзвычай рэдка, — тлумачыць начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Аляксей Падвойскі. — За мінулы пэрыяд 2018 году забойстваў нованароджаных дзяцей маткамі не было (арт. 140 КК „Забойства маці нованароджанага дзіцяці“). Што тычыцца непасрэдна забойстваў непаўналетніх (ч. 2 арт 139 КК „Забойства заведама непаўналетняга“), то, паводле статыстыкі, за 9 месяцаў 2018 году зарэгістраваныя 4 забойствы непаўналетніх. У шэрагу выпадкаў забойствы дзяцей учыняюць не бацькі, а іншыя асобы — сваякі, знаёмыя бацькоў і г. д.»

Як быць, калі маці сапраўды ня хоча гадаваць дзіця, якое яна нарадзіла? У некаторых эўрапейскіх краінах ёсьць «бэбі-боксы» — адмысловыя прылады, у якіх маці можа ананімна пакінуць нованароджанае дзіця, якое яна ня хоча выхоўваць.

«Тэма „бэбі-боксаў“ уздымалася ў нас больш за 10 гадоў таму, — кажа Аляксей Падвойскі. — На той момант сытуацыя з усынаўленьнем была зусім іншая. Цяпер цяжка нават знайсьці зачэпку, каб нам былі патрэбныя бэбі-боксы. Грамадзянка можа адмовіцца ад дзіцяці і ня несьці абавязкаў. Чарга на ўсынаўленьне нованароджаных у нас вялізная».

Рэдка, але здараецца, што цяжарная жанчына трапляе ў мэдычную ўстанову ананімна — не называе свайго імя ці называе іншае, — апавядае Падвойскі.

«Здараецца, што маці ўцякае з бальніцы — і праз акно, і празь дзьверы, удзень ці ўначы. Калі яе знаходзяць, яна піша заяву, што адмаўляецца ад дзіцяці і дае згоду на ўсынаўленьне. Альбо складаецца акт кінутага дзіцяці, і дзіця пераходзіць на дзяржаўнае забесьпячэньне».

Калі маці адмаўляецца ад дзіцяці пасьля нараджэньня, яна падпісвае адпаведны дакумэнт і згоду на яго ўсынаўленьне.

«Маці ідзе дахаты, дзіця застаецца ў мэдыцынскай установе і набывае сіроцкі статус. Робяцца спробы ўладкаваць дзіця ў сямʼю сваякоў. Калі такой сямʼі няма, дзіця зьмяшчаюць у банк дадзеных дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — кажа Аляксей Падвойскі. — Такія дзеці ўсынаўляюцца адразу, і біялягічная маці не нясе аніякіх абавязаньняў што да кампэнсацыі сродкаў на яго ўтрыманьне».

Гэты мэханізм не заўсёды спрацоўвае, калі нараджаецца дзіця з інваліднасьцю.

«Такіх дзяцей усынаўляюць цяжка, нават за мяжой няпроста знайсьці новых бацькоў, — прызнае Падвойскі. — Тады кроўныя бацькі, нават калі яны адмовіліся, могуць стаць абавязанымі асобамі — і на вельмі доўгі тэрмін».

Каб захаваць жыцьцё і бясьпеку такіх дзяцей, Генэральная пракуратура сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі рыхтуе папраўку ў дзейны Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых захадах дзяржаўнай абароны дзяцей у праблемных семʼях».

«Там будзе прадугледжана асобнай нормай, што бацькі, у якіх дзеці-інваліды, ня будуць несьці абавязкаў кампэнсаваць затраты дзяржаўнага забесьпячэньня», — кажа Аляксей Падвойскі.

Цэнтар «Шчасьлівы малыш»: «Бацькоўства — гэта не ружовыя поні»

«Вядома, што жанчыны і ў вокны выходзяць, бо безвыходнасьць і безнадзейнасьць, — кажа сацыяльны пэдагог цэнтру „Шчасьлівы малыш“ SOS — Дзіцячай вёскі Бараўляны Кацярына Сідарук. — Вось каб такога не было і каб дзяцей не знаходзілі абы-дзе, мы тут пашыраем прастору любові».

Кацярына Сідарук
Кацярына Сідарук

Цэнтар працуе ўжо 5 гадоў. Невялікае памяшканьне на першым паверсе адной зь менскіх школаў літаральна заваленае дзіцячай вопраткай і разнастайным начыньнем.

«Мы дапамагаем цяжарным жанчынам і мамам зь дзеткамі да трох гадоў, якія перажываюць крызісны стан, — расказвае сацыяльны пэдагог цэнтру Кацярына Сідарук. — Крызісы бываюць розныя — канфлікты зь сямʼёй, сямейны гвалт, недахоп грошай, псыхалягічныя праблемы».

У цэнтры працуюць псыхолягі, сацыяльны пэдагог, можна атрымаць псыхалягічную падтрымку як у групе, так і індывідуальна. Пры патрэбе дапамогуць зь юрыстам ці з кансультацыяй доктара, а зь дзеткамі можа папрацаваць лягапэд.

Маці прыводзяць дзетак ад паўтара года на разьвівальныя заняткі.

«Але ня так, што бацькі прывялі і пакінулі, — кажа Кацярына. — Бо гэта і для бацькоў разьвіцьцё навыкаў узаемадзеяньня зь дзіцем, і скарбонка ведаў пра тое, чым заняць дзіця дома. Прыходзяць і таты».

Сёлета SOS — дзіцячая вёска Бараўляны запусьціла інтэрактыўную карту бясплатных паслуг для цяжарных у крызіснай сытуацыі. Куды зьвярнуцца па мэдычную ці псыхалягічную дапамогу, дзе падзеляцца дзіцячым адзеньнем ці навучаць, як абыходзіцца з малым, можна паглядзець тут.

«Жанчына, якая мае падтрымку ў сямʼі, да нас ня прыйдзе, — працягвае супрацоўніца цэнтру. — Прыйдзе тая, якая такой падтрымкі ня мае, а наадварот, мае гвалт, расказы пра тое, «навошта табе гэтае дзіця» ці «рабі аборт».

Цэнтар месьціцца на вуліцы Хмялеўскага, 12а ў будынку 105-й сярэдняй школы
Цэнтар месьціцца на вуліцы Хмялеўскага, 12а ў будынку 105-й сярэдняй школы

«Маці зь дзіцячых дамоў у прынцыпе ня ведаюць, што такое дзіця»

«Калі жанчыне няма куды ісьці, гэта рызыка таго, што дзіця будзе знойдзена абы-дзе альбо будзе перададзена на выхаваньне дзяржаве», — кажа Кацярына. Таму ў найбольш цяжкіх сытуацыях Цэнтар можа на непрацяглы час даць прытулак маці зь дзіцем у адмысловай кватэры. Сюды можа трапіць і цяжарная жанчына, якая хоча захаваць дзіця насуперак цяжкім жыцьцёвым абставінам.

Адной зь першых жанчын, хто засяліўся ў прытулак, стала валянтэрка цэнтру.

«Яна да нас прыходзіла ад пачатку дапамагаць і казала: „Як клясна, што адкрываецца такі цэнтар, буду дапамагаць, бо дзякуй богу, што ў мяне ўсё добра, а ў кагосьці можа нядобра“, — кажа Кацярына Сідарук. — І прыйшоў вечар, калі быў гвалт, пагроза забойства, пагроза сэксуальнага гвалту, і чалавек застаўся на вуліцы. Але яна ведала, куды ісьці».

Як і большасьць гісторый, зь якімі працуюць у Цэнтры, гэтая скончылася добра.

«Яна зразумела, што толькі яна адказвае за сваіх дзяцей. Што яна для іх зробіць, будзе зроблена. Чаго яна ня зробіць, ня будзе зроблена, — кажа Кацярына. — Цяпер у яе свая кватэра, а прамінула толькі 5 гадоў».

Але некаторым жанчынам, кажа Кацярына, трэба дапамагчы навучыцца быць маці.

«У нас вялікая аўдыторыя — маладыя мамы зь дзіцячых дамоў, — кажа Сідарук. — Яны ў прынцыпе ня ведаюць, што такое дзіця. І яны маюць навыкі, якія моцна перашкаджаюць іхнаму мацярынству. І з гэтым таксама трэба працаваць».

Былі выпадкі, калі цяжарныя жанчыны зьвярталіся ў цэнтар раней, чым да доктара.

«Калі жанчына шукае варыянтаў падтрымкі, то ёй толькі падаецца, што яна нічога ня вырашыла. Яна ўжо шукае, як дзіця захаваць. І тады яна можа зьвяртацца да нас. Бо ў нас былі і такія звароты, што я хачу зрабіць аборт, дапамажыце мне. Не, мы дапамагаем маці», — тлумачыць Кацярына.

Беларускі жаночы крызіс: хатні гвалт, недахоп грошай, псыхалягічныя праблемы

Чаму жанчына з нараджэньнем дзіцяці трапляе ў крызісную сытуацыю? Патрабаваньні да яе шматкроць узрасьлі, лічыць Кацярына. А дапамогі стала менш.

«Традыцыйная каштоўнасьць была ў чым? Жанчына — гэта мэханізм, які толькі і робіць, што нараджае дзяцей і глядзіць за домам. Але яна ніколі не рабіла гэтага адна! — працягвае экспэртка. — Заўжды была вялікая сямʼя. Не было каштоўнасьці дзіцячага жыцьця: „Памерла — новых наробім“».

Матэрыяльныя складанасьці пры нараджэньні дзіцяці здараюцца часта. Але і пераадолець іх прасьцей. У Цэнтар прыносяць дзіцячае адзеньне, цацкі, вазочкі і ложачкі. Тут жа для маці ладзяць курсы па рукадзельлі. Новы навык можа прыносіць у сямʼю матэрыяльную дапамогу. Але можа проста быць спосабам, каб зьняць псыхалягічнае напружаньне.

«Бо, зрабіўшы ў гэтым гуртку нешта, маці бачыць вынік, — тлумачыць Кацярына. — Калі яна выхоўвае дзіця, даглядае дом, выніку няма. Толькі дзіця памыў — яно ізноў бруднае. Толькі дома прыбраўся — а ўжо ізноў трэба прыбіраць. А з рукадзельлем ты бачыш вынік адразу, і гэта спосаб зьняць напружаньне».

Яшчэ адна надзённая для беларускіх жанчын праблема — хатні гвалт. Сама Кацярына Сідарук лічыць, што асобны закон пра хатні гвалт у краіне патрэбны, і шкадуе, што яго прыняцьце адклалася. Як і ініцыятыва з бэбі-боксамі.

«Гэта была б вялікая справа выратаваньня тых, хто непатрэбны сваім бацькам, — мяркуе Кацярына. Як спэцыялістка яна знаёмілася з тым, як працуюць бэбі-боксы ў суседняй Польшчы. — Усё гэта пра тое, ці мы вымяраем каштоўнасьць дзіцячага жыцьця грашыма. А гэта немагчыма вымераць. Нават адно дзіця, якое магло быць не выкінутае на сьметнік, варта любых укладаньняў».

На думку Кацярыны Сідарук, і да тых жанчын, якія вырашылі адмовіцца ад дзіцяці, грамадзтва павінна памяняць стаўленьне.

«Часам бываюць сытуацыі, калі жанчына ня можа ўтрымліваць дзіця. І ня хоча, каб на яе паказвалі пальцам, — тлумачыць яна. — Жанчына адказвае за абаіх бацькоў. Нават мужоў, якія сышлі і ня плацяць алімэнтаў, у нас у грамадзтве ня вельмі асуджаюць. Але жанчына адказвае сваім целам. 8–9 месяцаў выношвае дзіця, часам сутыкаецца з сапраўдным цкаваньнем».

Паводле экспэрткі, адмова ад дзіцяці нікому не даецца проста. Уратаваць жыцьці немаўлят можа і магчымасьць для жанчын нараджаць ананімна.

«Калі будзе магчымасьць нарадзіць ананімна, то, можа, і ня трэба будуць тыя бэбі-боксы, — разважае Кацярына. — Але дайце ёй магчымасьць нарадзіць і пабыць з гэтым дзіцем 2–3 дні. Тая, якая ня будзе маці, яна ёю і ня стане. А тая, якая будзе, вырашыць інакш».

Сказаць «сама вінаватая» мы заўжды пасьпеем. Трэба думаць, як дапамагчы, — так разважаюць у цэнтры.

«Праблемы вырашаюцца. Часам хутчэй, часам павольней. Але ўсё можна вырашыць», — перакананая сацыяльны пэдагог цэнтру «Шчасьлівы малыш» SOS — Дзіцячая вёска Бараўляны Кацярына Сідарук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG