Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Маладэчна, жонка якога ў радзільні страціла ненароджаных двайнятак, патрабуе суду над лекарамі


Ілюстрацыйнае фота

Міхаіл Пракапенка з Маладэчна напісаў заяву ў мясцовы Сьледчы камітэт на лекараў гарадзкога радзільнага дома. У канцы мінулага тыдня ягоная жонка Натальля, якая была на 6-м месяцы цяжарнасьці, страціла яшчэ ненароджаных дзяўчатак і сама ледзь не памерла — яе ўратавалі менскія мэдыкі, якія тэрмінова прыехалі ў Маладэчна.

«Я маліў зрабіць жонцы УГД (ультрагукавое дасьледаваньне. — РС), але яго адклалі аж на 19 сьнежня, спасылаліся на занятасьць апарату. Хай цяпер адкажуць за тое, што нарабілі. Хачу іх засудзіць!» — Міхаіл ня стрымлівае гневу на адрас лекараў з аддзяленьня паталёгіі Маладачанскага радзільнага дома.

Міхаілу 31 год, а Натальлі — 40. У сям’і Пракапенкаў ужо ёсьць двое дзяцей: 14-гадовая дачка Натальлі ад яе першага шлюбу ды іх агульны сын 6 гадоў. Сужонкі вырашылі нарадзіць яшчэ дзіця, і вось 4 месяцы таму, пры першым УГД, даведаліся, што будуць двайняты.

«Радасьці было ведаеце колькі! А як жа ж! Чакалі, спадзяваліся. Ужо ў сакавіку ёй бы раджаць — і вось нам жахлівы зрабілі Новы год!» — не знаходзіць сабе месца Міхаіл.

Мужчына кажа, што цяжарнасьць жонкі праходзіла нармальна, без ускладненьняў, як і ў мінулыя разы. Што цяпер здарылася — уцяміць ня можа. Вось што адбывалася з Натальляй за апошнія 10 дзён, са слоў Міхаіла.

«Ніякіх супрацьпаказаньняў у яе не было, але лечачы доктар агледзеў і прапанаваў легчы ў шпіталь. Сказаў, на захаваньне, паглядзім-паназіраем. Але ў радзільны дом яна паступіла ў нармальным стане.

Як раптам у ноч з 10 на 11 сьнежня ў жонкі падняўся ціск. Яна тэрмінова мне пазваніла, сказала, што скача ціск. Ёй пачалі зьбіваць ціск, нешта рабілі. Ведаю, што яна нават траціла прытомнасьць. Зноў нешта ёй давалі, але УГД так і не зрабілі.

Тое самае было ў сераду, потым паўтарылася ў чацьвер. У ноч на пятніцу ціск падскокваў да 180, я званіў лекарам і маліў зрабіць УГД. Адказалі, што ведаюць, як лячыць, што яна цяжарная і ад гэтага скача ціск. І толькі ў пятніцу праз мой крык і скандал ёй нарэшце зрабілі УГД. Але было ўжо позна. Высьветлілася, што адзін плод ужо памёр, другі памірае, а самой Натальлі патрэбная тэрміновая апэрацыя.

Тады ў Маладэчна тэрмінова прыехалі мэдыкі зь Менску, жонку везьці ў Менск не адважыліся, бо маглі не давезьці, зрабілі ёй апэрацыю там жа, і, дзякуй Богу, удала — выратавалі. Бо казалі, на 80% быў летальны выпадак», — кажа Міхаіл.

Цяпер Натальля ляжыць у Менску ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця», лекары якога, паводле Міхаіла, добра за ёй наглядаюць.

«А пра ненароджаных нашых дзяцей менскія лекары сказалі, што іх можна было ўратаваць, калі б своечасова выявілі праблему праз дасьледаваньне на УГД», — сказаў карэспандэнту Свабоды Міхаіл.

Чаму, на ягоную думку, маладачанскія лекары гэтага не зрабілі? Абыякавасьць? Службовая халатнасьць? Занятасьць? Недахоп абсталяваньня? Міхаіл пэўна кажа толькі пра апошняе.

«Я больш не хачу зь імі размаўляць — бачыць іх не магу. Напісаў заяву ў Сьледчы камітэт, там разьбяруцца. Раней, так, лекары спасылаліся на занятасьць апаратуры, гэтага УГД, але ці так, ня ведаю. Толькі ведаю, што ў нашым Маладачанскім радзільным доме гэта ня першы выпадак — летась дакладна памерла немаўля, былі і іншыя выпадкі. Нешчасьлівая радзільня!» — кажа Міхаіл Пракапенка.

У аддзяленьні паталёгіі Маладачанскага радзільнага дома супрацоўніцы адмаўляюцца камэнтаваць здарэньне і накіроўваюць па тлумачэньні да загадчыцы аддзяленьня Іны Башко. Аднак на працоўным месцы загадчыцы аддзяленьня не аказалася.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што заяву Міхаіла Пракапенкі правяраюць.

«Ідзе праверка. Забраная мэдычная дакумэнтацыя, прызначаныя адпаведныя экспэртызы. Будзем апытваць людзей і высьвятляць, што прывяло да такога выніку», — сказаў журналістам мясцовага парталу kraj.by начальнік Маладачанскага аддзелу Сьледчага камітэту Пётар Варачкоў. Паводле сьледчага, праверка праходзіць у межах 162 артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта «Неналежнае выкананьне службовых абавязкаў мэдычным працаўніком». Другая частка гэтага артыкула прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG