Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да мэдычных абсьледаваньняў я асабіста стаўлюся дужа сур’ёзна, і абсьледаваньні пад час цяжарнасьці лічу безумоўна важнымі.

Але калі чытаю навіну пра тое, што жанчыне ў Менску могуць ня даць адну з так званых родавых выплат, бо яна зрабіла УГД у прыватнай, а не дзяржаўнай клініцы «са сьпісу», дык у мяне ўзьнікае пытаньне. Чыноўнікі ад мэдыцыны, а вы дакладна ўпэўненыя, што ўсе патрабаваньні да абсьледаваньняў цяжарных жанчын у Беларусі маюць сваёй мэтай клопат пра здароўе жанчыны і плоду? Я ў гэтым, напрыклад, моцна сумняюся.

Але сапраўды «у абарот» нас бяруць пад час цяжарнасьці.

Калі даводзіцца сутыкацца зь беларускай сыстэмай аховы здароўя, вельмі часта ўзьнікае адчуваньне, што надта шмат мэханізмаў у ёй працуюць проста дзеля таго, каб працаваць. А калі справа тычыцца гінэкалёгіі, дык такіх бессэнсоўных мэханізмаў аказваецца надзвычай шмат. Мы мусім ісьці на праверку да гінэколяга, калі робім мэдычную даведку на правы, нібыта наяўнасьць эрозіі шыйкі маткі ўплывае на здольнасьць кіраваць машынай. Але відавочна, што адзінае, на што ўплывае гэты фармальны, але абавязковы візыт — гэта колькасьць грошай у касе клінікі ў канцы працоўнага дня.

Але сапраўды «у абарот» нас бяруць пад час цяжарнасьці. Здавалася б — ёсьць сьпіс рэкамэндаваных для цяжарных жанчын абсьледаваньняў, і задача мэдыкаў — давесьці, што гэтыя абсьледаваньні сапраўды важныя, і што праходзіць іх — у інтарэсах самой жанчыны і яе дзіця. Але што значыць «даводзіць»? Гэта значыць тлумачыць, спасылацца на міжнародныя стандарты, на даказаныя факты, на дасьледаваньні...

Што традыцыйна адбываецца ў беларускіх жаночых кансультацыях? Калі жанчына не праходзіць пэўнае абсьледаваньне ў адпаведны час альбо загадзя не ўпэўненая ў неабходнасьці тых ці іншых працэдур і маніпуляцый, ёй у лепшым выпадку проста загадваюць «рабіць тое, што сказана», у горшым — абвінавачваюць у безадказнасьці, нелюбові да дзіця і нават пагражаюць міліцыяй. Гэта такі тонкі псыхалягічны падыход да цяжарнай жанчыны: заявіць, што калі яна не зьявіцца на наступны заплянаваны прыём, ёй дадому выклічуць міліцыю.

Яна не нашкодзіла ні сабе, ні свайму дзіцяці, але фармальна нібыта парушыла правіла.

Калі ў Беларусі жанчына становіцца на ўлік у жаночую кансультацыю да 12-га тыдня цяжарнасьці, яна зможа пазьней атрымаць дадатковую дзяржаўную выплату ў памеры, эквівалентным прыблізна 100 далярам. Ёсьць, праўда, нюанс: адной толькі пастаноўкі на ўлік недастаткова. Трэба таксама выконваць усе патрабаваньні мэдыкаў. На першы погляд, усё лягічна, і абурацца няма чаго, але на справе я апошнім часам усё часьцей чую ад знаёмых меркаваньне, што лепш адразу не разьлічваць на гэтую выплату і не дазваляць дзеля ста даляраў маніпуляваць сабой. І гэтае меркаваньне выказваюць адукаваныя і вельмі неабыякавыя жанчыны. А прастораў для маніпуляцыі шмат: тут і прымус да шпіталізацыі зь вельмі сумнеўнымі падставамі, і, як нядаўна высьветлілася, нават пройдзенае «ня ў тым месцы» ультрагукавое дасьледаваньне.

Камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкаму спасылаецца на загад Міністэрства аховы здароўя № 83 «Аб удасканаленьні арганізацыі правядзеньня прэнатальных і ўльтрагукавых дасьледаваньняў па выяўленьні парокаў разьвіцьця і храмасомнай паталёгіі ў плода ў Рэспубліцы Беларусь» і сьцьвярджае, што ў Менску цяжарныя жанчыны мусяць праходзіць ультрагукавы скрынінг па накіраваньні акушэр-гінэколягаў у РНПЦ «Маці і дзіця», радзільні № 2 альбо першай гарадзкой клінічнай лякарні. Заключэньні іншым мэдцэнтраў не прымаюцца.

Гэта надзвычай цікава, бо закон у працэсе рэгуляцыі спасылаецца не на ўзровень медабсталяваньня, а на канкрэтныя юрыдычныя асобы. Ёсьць патрабаваньні да падрыхтоўкі дактароў, якія праводзяць абсьледаваньні, але гэта ўжо другасны фактар, бо нават калі доктар зь неабходнай кваліфікацыяй зробіць УГД у «няправільным» мэдцэнтры, у жаночай кансультацыі цяжарнай усё адно могуць пагражаць тым, што не дадуць тую выплату. І абгрунтаваньне будзе вельмі простае: жанчына не выконвала ўсе распараджэньні доктара.

Хоць шмат для каго ў Беларусі 100 даляраў — гэта значная сума, адсутнасьць лішніх стрэсаў таго вартая.

Але яна выканала распараджэньне! Яна прайшла неабходнае абсьледаваньне, мае адпаведнае заключэньне, выдадзенае афіцыйным мэдцэнтрам, які законна працуе ў Беларусі. У чым жа праблема? Здаецца, у тым, што яна парушыла працу чарговага бессэнсоўнага мэханізму ў сыстэме аховы здароўя. Яна не нашкодзіла ні сабе, ні свайму дзіцяці, але фармальна нібыта парушыла правіла.

Нашыя чыноўнікі і чыноўніцы вельмі любяць расказваць, якія добрыя ўмовы створаны для цяжарнасьці і родаў у Беларусі, і шчыра не разумеюць, чаму жанчын так абураюць шантаж і маніпуляцыі. Але я ўпэўненая, што ўсё больш і больш жанчын будуць мінімізаваць свае кантакты пад час цяжарнасьці з тымі дактарамі, якія лічаць шантаж найлепшай стратэгіяй у камунікацыі. Хоць шмат для каго ў Беларусі 100 даляраў — гэта значная сума, адсутнасьць лішніх стрэсаў таго вартая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG