Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні 25 лістапада — Сусьветнага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын міжнародная кампанія «Рэвалюцыя ружаў» заклікала правесьці флэшмоб супраць акушэрскага гвалту і прапанавала праявіць салідарнасьць і далучыцца да акцыі беларускім жанчынам, іх партнэрам, акушэрам-гінеколягам, пэрынатальным спэцыялістам, усім неабыякавым да гэтай праблемы.

У Беларусі ўжо пачаўся флэшмоб «Роды бяз гвалту», мэта якога агучыць праблемы родадапамогі і назваць рэчы сваімі імёнамі: акушэрскае гвалт — гвалту.

«Яны адбіраюць у нас роды». Тры маці пра змаганьне з акушэрскім гвалтам

Каардынатарка акцыі псыхоляг Вікторыя Сьмірнова, актывістка суполкі Радзіны — #янарадзілатут, тлумачыць, што трэба зрабіць, каб далучыцца да флэшмобу.

Вікторыя Сьмірнова
Вікторыя Сьмірнова

«Напішыце на аркушы паперы пра тое, што ў дзеяньнях мэдыцынскага пэрсаналу было для вас абразьлівым і жорсткім, што прычыніла вам фізычныя або псыхалягічныя пакуты, якіх можна было б пазьбегнуць. Напішыце на гэтым жа лісьце хэштэг #родыбезгвалту. Сфатаграфуйцеся з гэтым лістом (твар можна схаваць). Замест ліста паперы можна выкарыстаць буйны скрыншот набранага ў вордзе або створанага ў графічным рэдактары тэксту (па-над вашым фота або бяз фота). Галоўнае, каб гэта была карцінка з добра бачным тэкстам. Апублікуйце карцінку на сваёй старонцы з хэштэгам #родыбезгвалту #родыбезнасилия #rosesrevolution #stopobstetricviolence #rosrev #революцияроз #рэвалюцыяруж. Пад малюнкам больш падрабязна раскажыце аб сваім вопыце і / або пра прычыны, па якіх вы вырашылі прыняць удзел у флэшмобе і / або падзяліцеся сваімі думкамі і пачуцьцямі, зьвязанымі з тэмай родадапамогі».

Вось адна зь першых гісторыі ў рамках флэшмобу.

Вікторыя Сьмірнова лічыць, што чым больш людзей выкажацца, тым больш шанцаў, што нешта пачне мяняцца.

лягатып кампаніі жаночай салідарнасці «Рэвалюцыя ружаў» за свабоду ў родах без гвалту.
лягатып кампаніі жаночай салідарнасці «Рэвалюцыя ружаў» за свабоду ў родах без гвалту.

Арганізатары флэшмобу прапануюць 25 лістапада на адзін дзень зьмяніць сваю аватарку ў сацыяльных сетках на выяву ружы — сымбаль руху за свабоду ў родах бяз гвалту і жаночай салідарнасьці.

Паводле актывістаў міжнароднай кампаніі «Рэвалюцыя ружаў», акушэрскі гвалт, абразы або непаважлівае стаўленьне ў шпіталях падчас родаў зьяўляюцца рэальнасьцю, але паўсюдна адмаўляюцца. Акушэрскі гвалт адбываецца значна часьцей, чым лічыцца, але многія жанчыны альбо не гавораць пра гэта, не патрабуюць адказнасьці і пераменаў, ці проста не прызнаюць — лічаць яго непазьбежнай часткай працэсу родаў.

Сусьветная Арганізацыя аховы здароўя зрабіла заяву аб папярэджаньні і ліквідацыі непаважлівага і жорсткага абыходжаньня з жанчынамі падчас родаў у мэдычных установах: «непавазе і гвалту ў адносінах да жанчын у родах трэба пакласьці канец», — прызнае глябальную праблему СААЗ. У заяве адзначаецца неабходнасьць укараненьня і доўгатэрміновай падтрымкі праграм, накіраваных на паляпшэньне якасьці мэдычнай дапамогі маці, з асаблівым акцэнтам на паважлівае стаўленьне, як важнейшы складнік якаснага дагляду.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG