Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праца ў паліклініцы робіць людзей агрэсіўнымі», — споведзь рэгістратаркі


Ілюстрацыйнае фота. Рэгістратура ў горадзенскай паліклініцы
Ілюстрацыйнае фота. Рэгістратура ў горадзенскай паліклініцы

Беларусаў абураюць вялікія чэргі ў паліклініках і тое, што патрэбнага доктара трэба чакаць месяцамі. Як незадаволенасьць сыстэмаю «асядае» ў рэгістратуры, расказвае супрацоўніца менскай паліклінікі.

У Беларусі 2 196 паліклінік. Гэта 2,3 паліклінікі на 10 тысяч чалавек. Паводле дасьледаваньня інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта, вялікія чэргі ў паліклініках хвалююць 46,5% грамадзянаў. Звыш траціны апытаных (35%) кажуць, што бракуе вузкіх спэцыялістаў.

Як я стала мэдрэгістратарам

Мне тэрмінова была патрэбна праца. Я засталася з маленькім дзіцем на руках у здымнай кватэры бяз працы. Патрэбны былі хоць нейкія грошы. Досьведу працаваць у паліклініцы ў мяне не было, але я вырашыла паспрабаваць.

Фармальна мэдрэгістратар адносіцца да малодшага мэдыцынскага пэрсаналу — нароўні з санітарамі і сядзелкамі. Для таго, каб стаць рэгістратарам, ня трэба ніякіх звышздольнасьцяў і мэдыцынскай адукацыі. Дастаткова ўмець карыстацца кампутарам. У першую чаргу праца рэгістратара — выдача талёнчыкаў, запіс пацыентаў і праца з карткамі.

Ілюстрацыйнае фота. Паліклініка №1 у Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Паліклініка №1 у Горадні

Аўрал — да 10 раніцы

Аўрал на зьмене пачынаецца а палове на восьмую і трымаецца да дзясятай раніцы. Да пачатку працоўнага дня мы мусім зрабіць падборку картак пацыентаў.

Падборка дзеліцца паміж усімі рэгістратарамі на роўныя часткі. Выглядае гэта так: на стале ляжаць паперкі з нумарамі кабінэтаў, мы знаходзім карткі пацыентаў і раскладваем іх па стосах.

Званкі без адказу

Ня ўсе ведаюць, што картка — уласнасьць паліклінікі. Мы ня маем права выдаваць яе на рукі, нават калі пацыент прыходзіць з пашпартам. У паліклініках ёсьць кур’еры, якія пераносяць карткі з рэгістратуры ў кабінэты лекараў.

Часта скардзяцца, што мы не адказваем на тэлефонныя званкі. Да 8-й раніцы мы занятыя падборам картак. У гэты час паток званкоў вялікі. Ня трэба думаць, што мы зьнялі трубку і паклалі побач, каб да нас не датэлефанаваліся. Хоць бывае і такое, але вельмі рэдка. Гэта значыць, што зьмена цяжкая і рэгістратары больш ня могуць вытрымаць. Але мы стараемся не злоўжываць такім.

Ілюстрацыйнае фота. Рэгістратура ў адной з горадзенскіх паліклінік
Ілюстрацыйнае фота. Рэгістратура ў адной з горадзенскіх паліклінік

Чаму ў рэгістратуры хамяць

Праца ў паліклініцы робіць людзей агрэсіўнымі. Наведнікі хочуць павесіць усе праблемы на рэгістратара. Прэтэнзіі ў стылі «чаму няма лекара?» ці «чаму няма талёнаў?» — звычайная справа. Хоць рэгістратары тут ні пры чым. Усё карэктуецца зьверху. Мы не разьмяркоўваем пацыентаў да тэрапэўтаў самі. Гэта робяць загадчык аддзяленьня або галоўны ўрач.

Калі людзі тэлефануюць нам, яны ўжо раздражнёныя. Яны ня будуць чакаць, пакуль дойдуць да паліклінікі і разьбяруцца з галоўным урачом. Ім трэба тэрмінова выліць гэтае раздражненьне.

Гэта ланцуговая рэакцыя. Раздражненьне зьбіраецца. З аднаго боку напіраюць пацыенты, а з другога — начальства. Таму ў рэгістратуры хамяць.

У калектыве адны жанчыны

Даводзіцца рабіць вельмі шмат марнай працы. Я складаю сабе плян, каб працаваць пасьлядоўна, але прыходзіць начальніца і кажа, што я ўсё раблю няправільна. Тыповая сытуацыя, калі чалавек дарваўся да ўлады і хоча сябе неяк праявіць. Чалавек хамавата-савецкага выхаваньня накрычыць на цябе пры ўсіх, каб паказаць сваю ўладу, а не адвядзе ў бок і ня скажа: «Не рабі так наступны раз».

Узроставая разьбежка работніц рэгістратуры — ад 20 да 60 гадоў. Ва ўсіх розная падрыхтоўка. Напрыклад, у маёй калегі былі дзьве вышэйшыя адукацыі, яна прыйшла з гандлю. Пэнсіянэркі ідуць працаваць у рэгістратуру, каб не нудзіцца. Часам прыходзяць на падпрацоўку студэнты мэдыцынскіх унівэрсытэтаў. І так, у калектыве адны жанчыны.

Ілюстрацыйнае фота. 19-я цэнтральная раённая паліклініка ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. 19-я цэнтральная раённая паліклініка ў Менску

Курсы павышэньня кваліфікацыі

У рэгістратуры немагчыма разьвівацца і вучыцца новаму. Аднойчы мяне адправілі на курсы павышэньня кваліфікацыі — гэта быў тыдзень, вырваны з жыцьця. Курсы забіралі больш часу, чым доўжыцца працоўны дзень. Гэты час не аплочваўся, а новых ведаў нам не давалі.

Праца ў архіве таксама не аплочвалася. У архіў адпраўлялі працаваць нават людзей з бранхіяльнай астмай. Прапаноўвалі «закінуцца» антыгістаміннымі і ісьці сістэматызаваць карткі. Усім усё абыякава.

Заробак — каля 300 рублёў

У нейкі момант зьнікае матывацыя. Разумееш, што за памылку нічога ня зробяць. Накрычаць, будзе непрыемна, але ня звольняць і прэміі не пазбавяць. Таму што амаль увесь твой заробак — прэмія. Афіцыйны заробак мэдрэгістратара крыху большы за 100 рублёў, а з прэміяй — каля 300 рублёў.

У нейкі момант стала зразумела, што асяродак вельмі моцна зьмяняе мяне. Калегі дзяліліся, што за час працы ў паліклініцы дэградавалі і агрубелі. Праз год працы я і сама стала сумнявацца, як правільна ставіць націскі ў словах.

Вядома, былі і прыемныя моманты. Напрыклад, адзін дзядуля заўжды прыносіў цукеркі для нас. Самыя просты — барбарыскі, але найперш важная ўвага. А іншы дзядуля напрыканцы гутаркі называў рэгістратарку, з якой гутарыў «добрай фэяй». Такія дробязі вельмі дапамагалі.

Ілюстрацыйнае фота. Брыгада хуткай мэдыцынскай дапамогі
Ілюстрацыйнае фота. Брыгада хуткай мэдыцынскай дапамогі

Праца забірае ўсе сілы

Рэгістратура яшчэ доўга будзе функцыянаваць у такім фармаце, з такім стаўленьнем і культурай паводзінаў. Неабходна, каб у пацыентаў зьмянілася стаўленьне да паліклінікі і каб зьмянілася пакаленьне рэгістратараў.

Здаецца, што і дзяцей выхоўваюць так: «У рэгістратуры сядзяць хамаватыя цёткі». І людзі ідуць працаваць у палiклiнiку з такім стаўленьнем: «Ага, я цяпер і сама буду такой цёткай, таму што так трэба». Які б інтэлектуальны ўзровень у цябе ні быў, у рэгістратуры ўсё нівэлюецца.

Я разьлічвала папрацаваць паўгода, але засталася на два гады. Муж казаў мне: «Пакінь гэтую працу, ты нэрвовая. Яна зжырае ўсе твае сілы». Калі я заўважыла, што ператвараюся ў «хамаватую цётку», то вырашыла пайсьці з паліклінікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG