Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія лекары ўладкоўваюцца ў Нямеччыне і чаму яны ня вернуцца на радзіму. Тры гісторыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ня першы год мэдычныя вакансіі ўваходзяць у топ самых запатрабаваных у Беларусі. Аднак штогод дзясяткі ці нават сотні беларускіх дактароў зьяжджаюць па лепшае жыцьцё ў Нямеччыну. Свабода пагаварыла з трыма лекарамі, якія эмігравалі зь Беларусі — пра тое, чаму яны вырашылі пераехаць і як пасьля гэтага зьмянілася іх жыцьцё.

Анатоль: «Каб не забыцца на мэдыцыну, браў дадатковыя дзяжурствы»

Анатолю — 29. Два гады таму ён зьехаў у Нямеччыну. Беларускай мэдыцыне аддаў чатыры гады, працаваў галоўным урачом у Лагойскім раёне і тэрапэўтам у берасьцейскай бальніцы.

Пра пераезд у Нямеччыну Анатоль задумаўся разам з жонкай, калі яны вучыліся на 6-м курсе БДМУ. Тады ўзяліся вучыць нямецкую, аднак пачалася адпрацоўка, і часу на вывучэньне мовы амаль не засталося.

Анатоль
Анатоль

Жонку Анатоля разьмеркавалі ў Берасьце, а яго — галоўным урачом у бальніцу Лагойскага раёну. Заробак доктара для райцэнтру быў немалы — каля 575 эўра. Але сюрпрызам стала тое, што ўся ягоная праца ў лякарні аказалася гаспадарчай, а не мэдыцынскай. Дзень галоўнага ўрача пачынаўся з падпісваньня стосу папер, а працягваўся працай па гаспадарцы.

«Маёй асноўнай працай у бальніцы было пакласьці асфальт ці адрамантаваць трубы. Каб канчаткова не забыцца на мэдыцыну, я браў дадатковыя дзяжурствы», — кажа Анатоль.

«Раз на год я выплачваў штраф з уласнай кішэні»

Лякарня, дзе працаваў Анатоль, была старая. Увесь час у кацельні здараліся праблемы з ацяпленьнем. Кожны квартал у бальніцу прыяжджалі то пажарныя, то санстанцыя. «Аб’ект знаходзіцца ў пажаранебясьпечным стане. Давядзецца заплаціць штраф», — яны пастаянна знаходзілі розныя парушэньні.

«Пры чым тут я? — пытаўся ў іх Анатоль. — Будынак 1956 году не рамантуюць улады, бо ў раёне няма грошай. Я прыйшоў на працу толькі паўгода таму. Чаму я мушу выплачваць штраф са сваёй кішэні?»

Яны толькі разводзілі рукамі, і раз на год Анатоль мусіў выплачваць штраф.

Калі адпрацоўка скончылася, Анатоль сышоў з лагойскай бальніцы і пераехаў да жонкі ў Берасьце. У абласной лякарні ён працаваў тэрапэўтам у галіне таракальнай хірургіі і атрымліваў каля 250–350 эўра ў месяц.

«Я разаслаў 400 рэзюмэ»

У Берасьці пара канчаткова вырашыла давесьці справу да канца: вывучыць нямецкую мову і нарэшце пераехаць у Нямеччыну.

«Паўгода мы хадзілі да рэпэтытара. Вырашылі, што гэта трата часу і грошай. Мы заўважылі, што працэс занадта расьцягваецца, а прагрэсу мала. У рэпэтытараў мэта зарабіць больш, таму ў іх інтарэсах, каб вучань хадзіў як мага даўжэй. У выніку рыхтаваліся да іспыту самі па падручніках. Прыблізна за два гады мы вывучылі мову да ўзроўню B-2», — кажа Анатоль.

Жонка Анатоля знайшла працу першай — у зямлі Брандэнбург, непадалёк ад Бэрліна. Потым муж пераехаў да яе і шукаў працу ўжо на месцы.

«Знайсьці працу было цяжка. Агулам я разаслаў 400 рэзюмэ. Аднак атрымліваў выключна адмоўныя адказы. Магчыма, таму, што толькі пераехаў», — кажа Анатоль.

Каб набрацца досьведу, мужчына шукаў месцы практыкі, наведваў кангрэсы, канфэрэнцыі, сэмінары. Пасьля дадаў усе свае заслугі ў рэзюмэ, і нарэшце яго запрасілі на працу.

«Зьдзівіла, што ўсе ведаюць адзін аднаго. Шэфы (аналягі галоўных урачоў) сустракаюцца на кангрэсах і канфэрэнцыях і рэкамэндуюць цябе іншым шэфам», — кажа ён.

Працоўны кантракт ужо на руках у Анатоля. Калі ён пераедзе працаваць у бальніцу, адлегласьць паміж ім і жонкай будзе 300 кілямэтраў.

Тацяна: «Пасьля першага заробку вырашылі пераяжджаць»

Тацяне — 35. Сем гадоў таму яна пераехала ў Нямеччыну і цяпер працуе непадалёк ад Штутгарту гінэкалягіняй. Пасьля сканчэньня БДМУ яе разьмеркавалі ў менскую паліклініку.

«Разам з мужам мы мэдыкі. Пасьля першага заробку да нас прыйшло ўсьведамленьне, што ўсё, мякка кажучы, сумна. Аднак фінансавая сытуацыя не зьмянілася і далей. За сем гадоў працы ў Беларусі больш за 220 эўра я не зарабляла. Мы адразу пачалі думаць, што рабіць далей», — узгадвае Тацяна.

Тацяна
Тацяна

Нямеччына стала для пары найлепшым варыянтам: недалёка ад Беларусі, ёсьць магчымасьць рэгулярна наведваць родных. І адносна лёгка пацьвердзіць дыплём.

«За тры гады да пераезду пачалі вучыць нямецкую з нуля. З дапамогай рэпэтытара здалі мову на ўзровень B-2. На той момант гэтага было дастаткова», — кажа Тацяна.

Амаль кожныя роды ў Нямеччыне — партнэрскія

Спачатку муж Тацяны знайшоў працу на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Пазьней яны з малым дзіцем пераехалі да яго — па візе для ўзьяднаньня зь сям’ёй.

«Тады мы ня ведалі, што па гэтай візе ў Нямеччыне нельга працаваць два гады. Гэта выявілася, калі я даслала дакумэнты ў аддзел кадраў нямецкай клінікі. Мне паведамілі, што на працу ўзяць ня могуць», — кажа Тацяна.

Працу гінэкалягіні знайсьці было цяжка. Ніхто не хацеў зьвязвацца з замежніцай, якая на той момант ня вельмі добра размаўляла па-нямецку. У выніку жанчына ўладкавалася ў анкалягічную лякарню і адпрацавала там тры гады, пакуль не вярнулася ў гінэкалёгію.

Тацяна адзначае, што, у адрозьненьне ад Беларусі, амаль кожныя роды ў Нямеччыне — партнэрскія.

«Калі жанчына прыходзіць нараджаць адна, то гэта выглядае дзіўна. Значыць, дома ў яе ня ўсё ў парадку. Вядома, бываюць выключэньні. Муж не пасьпеў даехаць, або дзяцей няма з кім пакінуць. Аднак збольшага ўсе роды тут партнэрскія», — кажа Тацяна.

«Праца ў беларускай паліклініцы — гэта перавод паперы»

«Першае ўражаньне на працы ў Нямеччыне было такое: усе ветлівыя, ніхто не хаміць, да цябе зьвяртаюцца з павагай. Галоўны ўрач заўсёды за цябе, тут адчуваеш сябе больш бясьпечна, чым у Беларусі», — кажа Тацяна.

Лекараў у Нямеччыне паважаюць і лічаць элітай грамадзтва. Калі ты доктар, на цябе глядзяць вачыма, поўнымі захапленьня. Няважна, куды ты прыйшоў: арандаваць ці набываць жытло. У лекара ёсьць перавага над іншымі, бо гэтая прафэсія дае добры прыбытак і высокі сацыяльны статус.

«Праца ў беларускай паліклініцы — гэта перавод паперы. Спачатку я наагул не разумела, чым займаюся. З аднаго журнала перапісвала ў другі, а потым — у ведамасьць. За рэшту часу трэба было высьветліць, навошта прыйшоў пацыент і што мне зь ім рабіць», — кажа Тацяна.

На працы ў нямецкай лякарні значна менш папяровай валакіты. Гісторыі хваробы, накіраваньні на аналіз крыві — усё электроннае. У некаторых клініках дактары маюць пляншэты з базай усіх аналізаў і здымкаў.

Працоўны дзень у нямецкай бальніцы пачынаецца ў 6:45 і сканчаецца ў 16:00. Тэмп працы такі, што пасядзець папіць гарбаты, як гэта часта рабілі ў Беларусі, не атрымаецца. Тут доктар мае нашмат больш абавязкаў. Напрыклад, кожны спэцыяліст умее рабіць ультрагукавое дасьледаваньне (УГД).

«У беларускай паліклініцы, акрамя рук, у лекара няма аніякае апаратуры. Калі трэба зрабіць ультрагукавое дасьледаваньне, доктар мусіць накіраваць пацыента ў платны цэнтар альбо паставіць пацыента на чаргу ў паліклініку праз тры месяцы. Самастойна доктар ня можа рабіць УГД. Па-першае, няма адмысловага апарата, а па-другое, хто яму дазволіць», — кажа Тацяна.

«Як бы я ні любіла Беларусь, мы ня вернемся»

Чым меншы горад Нямеччыны, тым большая верагоднасьць сустрэць у лякарні доктара ня немца. Там, дзе працуе Тацяна, кампанія шматкультурная: лекары з Інданэзіі, Сэрбіі, Харватыі, Украіны. Нямецкія дактары пераяжджаюць у Швайцарыю, Скандынавію, Вялікую Брытанію, ЗША. Заробкі там значна вышэйшыя.

Паводле калегаў Тацяны, нямецкая моладзь ня хоча ісьці вучыцца ў мэдычны ўнівэрсытэт. На фоне іншых у мэдычным сапраўды трэба вучыцца, а да гэтага гатовыя ня ўсе.

«У Беларусі я ня ведаю ніводнага чалавека, якога б адлічылі. У мяне на курсе вучыўся хлопец зь сярэднім балам 3,0 па пяцібальнай сыстэме. Нічога зь ім ня здарылася, скончыў унівэрсытэт з усімі. У Нямеччыне цябе ніхто ня цягне. Ня здаў іспыты — адлічылі», — кажа Тацяна.

Па Беларусі яна час ад часу сумуе і, пражыўшы сем гадоў у Нямеччыне, усё адно называе Менск сваім домам.

«Муж абураецца: „Чаму ты кажаш, што ляціш дадому? Твой дом там, дзе твая сям’я, у Нямеччыне“. А для мяне мой дом — усё адно Менск. Калі вяртаюся ў Нямеччыну, яшчэ два тыдні хаджу засмучаная. Але як бы я ні любіла Беларусь, як бы ні хацела туды вярнуцца, мы ня вернемся», — кажа Тацяна.

Іван: «Стажыроўка ў Нямеччыне была пунктам невяртаньня»

Больш за 8 гадоў Іван (імя героя зьмененае па яго просьбе) працаваў у дзіцячай менскай лякарні. Пасьля пары стажыровак ён вырашыў пераяжджаць і шукаць лепшага жыцьця ў Нямеччыне. Зь верасьня працуе ў Гамбургу.

Мэдыцына для Івана заўжды была дзіцячай марай: у ягонай сям’і ўсе былі мэдыкамі. «Пра прэстыж я ня думаў. Хацелася проста дапамагаць людзям», — кажа Іван.

Зь першага курса ён падпрацоўваў санітарам. Калі скончыў унівэрсытэт, уладкаваўся ў дзіцячую лякарню тэрапэўтам. «На пэдыятрычны я паступіў сьвядома, — кажа Іван. — Люблю дзяцей і заўжды хацеў зь імі працаваць».

Пра пераезд у Нямеччыну Іван ня думаў да першай стажыроўкі. Галоўнай цяжкасьцю было знайсьці месца. Разаслаў каля 350 рэзюмэ — атрымаў тры станоўчыя адказы. У выніку абраў клініку пад Дусэльдорфам. Cтажыроўка доўжылася два тыдні і не аплочвалася. На асноўным месцы працы на гэты час Іван узяў адпачынак.

«Немцы ня надта хочуць запрашаць на стажыроўку людзей з узроўнем нямецкай B-1, які быў у мяне на той момант», — кажа Іван.

«На падрыхтоўку дакумэнтаў пайшла тысяча эўра»

Для Івана стажыроўка аказалася пунктам невяртаньня. Стала зразумела: трэба пераяжджаць.

На падрыхтоўку дакумэнтаў (пераклады і перасылка) пайшло каля тысячы эўра. Іспыт на валоданьне нямецкай мовай каштаваў 450 эўра.

Па словах Івана, гутаркі праходзілі звычайна. «Запытваліся, як я хачу разьвівацца ў мэдыцыне, а не якое дазаваньне лекаў пры інфаркце міякарда», — кажа ён.

Пасьля некалькіх стажыровак Івана запрасілі на працу ў Гамбург. Было гэта больш за год таму. Шэф-доктар (аналяг галоўнага ўрача) гамбурскай клінікі чакаў, пакуль Іван падрыхтуе дакумэнты і здасьць іспыты. Зь верасьня ён выйшаў на працу з афіцыйным дазволам і падпісаным кантрактам. Праўда, працуе Іван цяпер толькі з дарослымі.

Калегі Івана на адным зь месцаў працы ў Беларусі радаваліся за яго, калі даведаліся, што ён пераяжджае ў Нямеччыну. На іншым месцы, калі галоўны ўрач даведаўся, што Іван паехаў туды стажыравацца, яго звольнілі па артыкуле. Пра гэта Івану паведамілі праз трэціх людзей.

«З усімі дзяжурствамі я атрымаў 700 эўра за месяц»

На думку Івана, пераход ад тэорыі да практыкі ў Нямеччыне больш плаўны, чым у Беларусі.

«У Беларусі ты толькі сканчаеш унівэрсытэт, а цябе адразу разьмяркоўваюць. І ўсё — давай, дзейнічай! Нікога не хвалюе, што яшчэ ўчора ты сядзеў за партай, вывучаў анатомію, а ўжо сёньня мусіш пракручваць маніпуляцыі зь людзьмі. У Нямеччыне ўсё па-іншаму», — кажа Іван.

У Нямеччыне маладыя спэцыялісты пачынаюць працаваць пад кіраўніцтвам старэйшых лекараў, іх паступова ўводзяць у курс справы. Навучаньне ідзе ўвесь час. «Калі чагосьці не разумееш, табе тры тысячы разоў растлумачаць і параяць, дзе пачытаць», — дадае Іван.

Тое самае тычыцца і хуткай дапамогі. У Беларусі нявопытныя лекары сядаюць у машыну і адразу едуць да людзей. У Нямеччыне хуткая дапамога — гэта вяршыня айсбэрга. Лекары хуткай зарабляюць у Нямеччыне больш за іншых спэцыялістаў, акрамя галоўнага ўрача і яго намесьніка. Туды трапляюць толькі тыя, хто ўжо даўно ў мэдыцыне.

У добры заробак мэдыка ў Беларусі Іван ня верыць.

«Апошні месяц у Менску я працаваў у двух месцах каля 350 гадзін. Гэта ў два разы больш за стандартны працоўны графік з 40 гадзінамі на тыдзень. З усімі дзяжурствамі я атрымаў 700 эўра за месяц», — кажа Іван.

Паводле намесьніка старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Мікалая Скавародкі, сярэдні заробак лекараў за студзень-верасень 2018 г. склаў 496 эўра ў эквіваленце, як перадае агенцтва «Менск-навіны». За такія грошы лекары працуюць на 1,3–1,5 стаўкі. Сёлета ў верасьні сярэдні заробак беларусаў склаў 402 эўра ў эквіваленце.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як пацьвердзіць беларускі дыплём у Нямеччыне?

Для часовага дазволу на працу спачатку трэба здаць іспыт на валоданьне нямецкай мовай з мэдычным ухілам на ўзроўні С-1. Гэты дазвол дзейнічае два гады.

Далей, каб атрымаць неабмежаваны дазвол на працу (так званы апрабацыён), трэба здаць паўнавартасны мэдычны іспыт, падобны да выпускнога дзяржаўнага.

Іспыт ідзе гадзіну. Здаюць чатыры прадметы: абавязкова хірургію, тэрапію і два прадметы на выбар. Даецца тры спробы. Калі не здаеш з трэцяга разу, то назаўжды страчваеш права працаваць у Нямеччыне лекарам.

Колькі зарабляе нямецкі доктар?

Мінімальны стартавы заробак маладога доктара — 2500 эўра (пасьля вылічэньня падаткаў). Далей усё залежыць ад вопыту працы. Штогод заробак можа расьці на 80–100 эўра.

Празь пяць гадоў лекар атрымлівае спэцыялізацыю. Тады можна здаць іспыт на вышэйшага лекара (параўнальна зь першай ці вышэйшай катэгорыяй у Беларусі). Заробак павялічваецца прыблізна да 3800 эўра. У гэтым званьні лекар працуе ізноў пяць гадоў. Яшчэ празь пяць гадоў можна падацца на пасаду загадчыка аддзяленьня. Такія лекары атрымліваюць каля 7000 эўра.

Па словах дактароў, якія пераехалі ў Нямеччыну зь Беларусі, 2500 эўра — гэта не вялізныя грошы, а сума, на якую можна звычайна пражыць месяц. Напрыклад, выдаткі на дзіцячы садок складаюць 400–500 эўра на месяц. Арэнда трохпакаёвай кватэры ў больш-менш буйным мястэчку Нямеччыны — 800–900 эўра.

Паслугі — такія, як рамонт аўтамабіля, цырульня, будоўля — нашмат даражэйшыя, чым у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG