Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы часты памер заробкаў беларусаў — 394,5 рубля


Гэта завецца ­мадальным заробкам, лічбы за травень 2018 году. Тым часам сярэдні заробак за верасень склаў 963,6 рубля, а мэдыянны за травень (сьвяжэйшых зьвестак няма) — 709,3 рубля.

Такія лічбы апублікаваныя ў статыстычным зборніку Белстату «Праца і занятасьць у Рэспубліцы Беларусь» (PDF) за 2018 год. Год таму мадальны заробак быў роўны 443,4 рубля, у траўні 2017-га — 399,8 рубля.

Мадальны заробак — гэта такі, які найчасьцей сустракаецца ў шэрагу разьмеркаваньня колькасьці працаўнікоў паводле памераў заробкаў. Сярэдні — проста сума ўсіх заробкаў, падзеленая на колькасьць працаўнікоў. А мэдыянны — заробак «сярэднестатыстычнага» чалавека, адносна якога палова атрымлівае большы заробак, а палова меншы. Усё гэта да адлічэньня падаткаў і збораў.

Калі, прыкладам, адзін чалавек атрымлівае 200 рублёў, два — 300 рублёў, пяць — 400 рублёў, чатыры — 500 рублёў, тры — 600 рублёў, яшчэ па адным — 700, 900, 1200 і 2000, то мадальны заробак будзе роўны 400 рублям, мэдыянны — 500 рублям, сярэдні — 600 рублям.

У інтэрвал заробкаў 300–400 рублёў трапляе 12,1% беларусаў. Меней маюць 3,2%. Яшчэ па 11,5% беларусаў атрымліваюць заробкі ў 400–500 і 500–600 рублёў. Больш за 1000 рублёў маюць 25,7%, у тым ліку 3,6% маюць заробак звыш 2000 рублёў.

Ёсьць таксама паказьнік сярэднедушавых наяўных рэсурсаў — колькі ў сярэднім на чалавека (у тым ліку беспрацоўных, пэнсіянэраў, дзяцей) прыпадае даходаў (заробкаў, пэнсіяў, стыпэндыяў, цаны прадуктаў уласнага вырабу, ільготаў і гэтак далей). На II квартал амаль пятая частка беларусаў мела 400–500 рублёў наяўных рэсурсаў, толькі 10,4% мелі звыш 800 рублёў, а 5,7% мелі тых рэсурсаў меней за пражытковы мінімум.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG