Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад чакае «па пяцьсот» ад канца году. Далей рэальнага росту заробкаў амаль ня будзе


Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі чакаюць 1074 рублі сярэдняга заробку ў сьнежні 2018 году, 1134,7 рубля —​ у канцы наступнага. Але з папраўкай на інфляцыю выходзіць год бяз росту.

Паводле зьвестак БелаПАН, у праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2019 год запісана, што на канец бягучага году сярэдні заробак у Беларусі складзе 1074 рублі.

Гэта якраз тыя «па пяцьсот» даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам больш за 10 гадоў. На момант публікацыі тыя 1074 рублі —гэта 508,32 даляра.

Пакуль жа сярэдні заробак складае 987,5 рубля (484,1 даляра) па станне на жнівень.

На канец 2019 году лічбы сярэдняга заробку заплянаваныя крыху большыя: 1134,7 рубля. На сёньня гэта 537,26 даляра — але колькі гэта будзе ў даляравым эквіваленце на канец 2019-га, невядома. І пры тым, што плянуецца рост заробкаў на 5,65%, інфляцыя «не павінна перавышаць 5%» (так лічыць Нацбанк). Гэта значыць, у 2019-м у людзей намінальна будзе больш грошай, але застанецца амаль такая ж пакупніцкая здольнасьць.

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас нядаўна тлумачыў, што падвышаць сярэднія заробкі зьбіраюцца за кошт тых, хто атрымлівае нізкія даходы. Сапраўды, заробкі бюджэтнікам паступова падвышаюць.

На II квартал 2018 году 65,8% беларусаў мелі менш за 500 рублёў рэальных даходаў, а 5,7% мелі менш за пражытковы мінімум.

Трэба ўлічваць, што сярэдні заробак —гэта ня той, які атрымлівае сярэднестатыстычны беларус. Заробак сярэднестатыстычнага чалавека завецца мэдыянным, і ён ніжэйшы за сярэдні налічаны. У траўні 2018 году мэдыянны заробак у Беларусі склаў 709,3 рубля. І гэта да вынятку падаткаў і збораў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG