Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абурыўся: у беларускіх машынах «мізэр» беларускіх дэталяў. Трэба рабіць хаця б сядзеньні

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка катае Ўладзіміра Пуціна на савецкім ГАЗ-69 у Магілёўскай вобласьці, 12 кастрычніка
Аляксандар Лукашэнка катае Ўладзіміра Пуціна на савецкім ГАЗ-69 у Магілёўскай вобласьці, 12 кастрычніка

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, трэба разьвіваць імпартазамяшчэньне і змагацца з пасярэдніцтвам. Цяпер гэта даручана прэм’еру Сяргею Румасу, ад працы старшыні Дзяржкантролю Лукашэнка «зрухаў не пабачыў».

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам 16 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка абурыўся колькасьцю беларускіх дэталяў у беларускіх легкавых машынах, піша БелТА.

«Мы адкрылі вытворчасьць легкавых аўтамабіляў, — сказаў Лукашэнка Румасу. — Паглядзіце, колькі там беларускага — мізэр! А нам трэба, каб мы рабілі ўсе сваё. Давайце будзем рабіць там сядзеньні для аўтамабіляў, хай з часам — рухавікі, трансмісіі».

Гэтага, казаў Лукашэнка, хопіць «на ўсё нашае жыцьцё і нашым дзецям для разьвіцьця эканомікі».

Якім чынам будуць стварацца новыя вытворчасьці і адкуль возьмуцца інвэстыцыі, ён не ўдакладніў.

Ад аб’ёмаў імпарту ў Беларусь, дадаў Лукашэнка, «часам у вачах становіцца цёмна», бо завозяць «ад зубачыстак да рухавікоў». Пасярэдніцкія схемы пры закупках ён назваў частай прычынай карупцыі, празь іх цэны тавараў павялічваюцца на 30–50%. Ён загадаў «пераглядзець пасярэднікаў па імпарце», але адзначыў, што «ня хоча выдаваць нейкія нярынкавыя рэкамэндацыі».

Разьвіцьцё імпартазамяшчэньня цяпер даручанае Румасу: Лукашэнка адзначыў, што раней ставіў задачу разабрацца з гэтай праблемай старшыню Дзяржкантролю Леаніду Анфімаву, але «зрухаў пакуль не пабачыў».

Лукашэнка таксама заклікаў Румаса сьледаваць праграме на «пятую пяцігодку» і абавязкова выканаць яе, бо «іначай з чым мы прыйдзем да народу?». Ён дадаў, што «экспэрымэнтаваць няма чаго», чарговы раз нагадаў пра пляны на тое, што сярэдні заробак перавысіць 1000 рублёў (аналягічную суму Лукашэнка абяцае больш за 10 гадоў). Румас праінфармаваў Лукашэнку, што ўрад «рыхтуе меры», каб падвысіць даходы самых нізкааплочвальных катэгорыяў працаўнікоў — на людзей зь нізкімі заробкамі будзе «асноўны ўпор» у настуным годзе.

З праграмы на «чацьвёртую пяцігодку» ня быў выкананы ніводзін плянавы паказьнік, але папярэдні прэм’ер Андрэй Кабякоў застаўся задаволеным. У канцы 2017 году віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка (ужо таксама былы) казаў, што Беларусь мае завяршыць «пятую пяцігодку» ў чатыры гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG