Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВК, ААТ, ЗАТ — што прыйшло на зьмену беларускім калгасам, якія ўлады зноў узяліся «аздараўляць»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны прэзыдэнцкі ўказ «Аб фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацый». Гэта чарговая спроба ажывіць аграрны сэктар Беларусі, які працягваюць рэфармаваць без вырашэньня галоўнага пытаньня — аб прыватнай уласнасьці на зямлю.

Як будуць аздараўляць?

Указ апісвае інструмэнты для аздараўленьня перадусім неплатаздольных арганізацый і ўкараненьня «прагрэсіўнага кіраваньня». Сярод іншага прадугледжваюцца наступныя формы аздараўленьня:

  • Забаронена банкруціць неплатаздольныя сельскагаспадарчыя арганізацыі праз суд, спыняюцца ўжо распачатыя працэдуры банкруцтва. Старшыні райвыканкамаў атрымліваюць паўнамоцтвы на аздараўленьне такіх арганізацый.
  • Нельга звальняць работнікаў без паважнай прычыны. У арганізацыі, якую перадаюць у арэнду або даверчае кіраваньне, ім гарантуецца права застацца на працы на ранейшых умовах. Гэта ня тычыцца кіраўніка і ягоных намесьнікаў.
    Ілюстрацыйнае фота
    Ілюстрацыйнае фота
  • Сплаціць запазычанасьць можна новымі акцыямі, павялічваючы статутны фонд гаспадарчага таварыства на суму запазычанасьці зь перадачай акцыяў крэдытору. Прадугледжана заключэньне пагадненьняў з крэдыторамі аб зьменах ва ўмовах пазычаньня, адтэрміноўваньне абавязаньняў на 3 гады і растэрміноўваньне на 5 гадоў, зьніжэньне стаўкі па крэдытах на 1,5% гадавых.
  • Кіраўнік краіны можа аднаасобна пераводзіць запазычанасьць на іншых: зь неплатаздольных арганізацый праз выпуск выканкамамі каштоўных папераў — на мясцовыя ўлады або «Агенцтва кіраваньня актывамі», створанае ў 2016 годзе пад кіраўніцтвам «Белаграпрамбанку».
  • Да чвэрці акцыяў дазволена падарыць кіраўнікам арганізацый ці бясплатна перадаць «па выніках рэалізацыі бізнэс-пляну» паводле рашэньня Аляксандра Лукашэнкі (ня больш за 25,01% статутнага фонду неплатаздольнага сельскага прадпрыемства).
  • Маёмасны комплекс неплатаздольных прадпрыемстваў можна здаваць у арэнду безь дзяржаўнай рэгістрацыі і без дакумэнтаў аб правах на нерухомасьць, аддаваць зямлю пад пабудовамі ў карыстаньне без правядзеньня аўкцыёнаў.

Посткалгасная сыстэма Беларусі на прыкладзе Шклоўскага раёну

Фармальна калгасаў і саўгасаў у Беларусі няма. Якія арганізацыі цяпер трапілі пад «аздараўленьне»? Паглядзім на прыкладзе Шклоўскага раёну, дзе дырэктарам саўгаса пачынаў свой кар’ерны шлях Аляксандар Лукашэнка.

Ілюстацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зь сярпом у ААТ «Александрыя», жнівень 2017 году
Ілюстацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зь сярпом у ААТ «Александрыя», жнівень 2017 году

​Паводле кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага, які доўгі час працаваў старшынём калгасаў на Гомельшчыне і Магілёўшчыне, а потым стаў фэрмэрам, у часы СССР на Шклоўшчыне дзейнічалі 26 калгасаў і 5 саўгасаў. Фармальна саўгас быў дзяржаўнай гаспадаркай, у іх дзяржава ўкладала больш грошай, у саўгасах, як лічылася, працавалі рабочыя, а не калгасьнікі. Калгасы фармальна лічыліся каапэратыўнымі калектыўнымі прадпрыемствамі, але рэальна імі таксама кіравала дзяржава.

У часы незалежнасьці калгасы і саўгасы рэфармавалі — яны сталі сельскагаспадарчымі вытворчымі каапэратывамі. Правялі таксама іх узбуйненьне — да больш пасьпяховых гаспадарак падалучалі неэфэктыўныя. На сёньня ў Шклоўскім раёне засталіся 17 гаспадарак — шэсьць адкрытых акцыянэрных таварыстваў, чатыры закрытыя, два ў складзе ААТ «Амкадор», два ў складзе холдынгу «Мачулішчы», па адным на балянсе «Магілёўаблгазу», «Аграмашсэрвісу» і «Беларусбанку».

Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

«„Беларусбанку“ дастаўся колішні саўгас „Гарадзец“, які некалі ўзначальваў Лукашэнка, — расказвае Пётар Мігурскі. — „Александрыйскае“, „Купалаўскае“ — гэта холдынгі асаблівага падпарадкаваньня. Арганізацыі, якія не зьяўляюцца камунальнай уласнасьцю, сёньня вызначаюць эканамічны твар раёну. Мясцоваму кіраўніцтву толькі застаецца езьдзіць па форумах, зьбіраць сьцягі, прызы і г.д. Калі ж зірнуць на іншыя гаспадаркі, карціна вельмі непрыемная. Яны калі і на слыху, дык у нэгатыўным пляне: мізэрныя заробкі, людзі разьбягаюцца хто куды».

Чатыры формы, у якія пераапранулі калгасы

У савецкай Беларусі калектыўных гаспадарак было каля 2000. Пасьля развалу СССР былыя калгасы і саўгасы атрымалі некалькі арганізацыйна-прававых формаў:

  • СВК (сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў);
  • ААТ (адкрытае акцыянэрнае таварыства);
  • ЗАТ (закрытае акцыянэрнае таварыства);
  • сялянская фэрмэрская гаспадарка.

Найбольш шматлікімі былі СВК — натуральныя спадкаемцы савецкіх калгасаў: у канцы 2000-х іх налічвалася больш за 1100 з агульных 2000 сельгаспрадпрыемстваў. Іх меліся рэарганізаваць у акцыянэрныя таварыствы яшчэ ў 2014 годзе, форма юрыдычнай асобы павінна была вызначацца рашэньнем агульнага сходу калгасьнікаў, а долі ў статутным фондзе (акцыі) плянавалася разьмяркоўваць паміж фізычнымі асобамі, якія выкажуць пісьмовую згоду выступіць заснавальнікамі таварыства.

Да прызначанай даты рэалізаваць задуму не ўдалося. Летась быў апошні тэрмін пераходу ў акцыянэрныя таварыствы і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, але шмат дзе шыльды і сёньня засталіся ранейшымі. Доля дзяржавы ў гэтых ААТ і ЗАТ дамінуючая. Таму кіраўнікоў не выбірае агульны сход працаўнікоў, а прызначае раённая вэртыкаль.

Новыя арганізацыйна-прававыя формы, якія прыйшлі на зьмену калгасам, кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі называе «фікцыяй» — не ў юрыдычным, а ў практычным сэнсе.

«Калі гаворка пра пэрспэктыву, прагрэс, матывацыю, то гэта нішто іншае, як фікцыя, — паўтарае ён. — Насамрэч няма ніякага стымулу ні для кіраўнікоў, ні для простых работнікаў. Рапартуюць, што расьце прадукцыйнасьць працы. А хто палічыў эфэктыўнасьць, хто палічыў, колькі на рубель прадукцыі трэба ўкласьці сродкаў, якія з кожным годам растуць! Сёньня прыкладна 9% бюджэту ідзе на падтрымку сельскагаспадарчай вытворчасьці. Я ўжо не кажу пра прыпіскі, якія забясьпечваюць так званую „эфэктыўнасьць“. Бо зьніжаецца сабекошт, энэргазабесьпячэньне, удзельная матэрыялаёмістасьць. Але такая сельская гаспадарка пэрспэктыў ня мае!»

Калі распачалося акцыянаваньне СВК, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі запэўнівалі, што гэта дазволіць стварыць зразумелую схему ўкладаньня сродкаў шляхам выпуску акцый на суму інвэстыцый альбо іх продажу. Пры гэтым узьнікла пытаньне аб памеры дзяржаўнай долі ў статутным фондзе акцыянэрнага таварыства.

Мэханізм удзелу дзяржавы меў рэкамэндацыйны характар, але на практыцы адсутнасьць адзіных правілаў прывяла да чаканага выніку: напрыклад, у Менскай вобласьці практычна ўсе ААТ, створаныя на базе СВК, былі ўтвораныя з дамінаваньнем дзяржавы — каля 90% статутнага фонду. Аналягічная сытуацыя і ў іншых рэгіёнах.

Якая альтэрнатыва?

«Уражаньні ад усіх гэтых рэарганізацый, ад абяцаньняў даць кіраўнікам гаспадарак 25% акцый — гэта ўсё паўмеры, якія ня маюць доўгатэрміновага характару, — лічыць Пётар Мігурскі. — Нават калі ёсьць акцыі, усё роўна там кіруе групка людзей, якая прымае рашэньне накіраваць прыбытак у разьвіцьцё вытворчасьці. Вось і ўсе акцыі! Наагул адчуваньне, што намагаюцца паўтарыць эканамічную мадэль, якая нідзе не паказала сваёй эфэктыўнасьці».

Ілюстрацыйнае фота. ААТ «Орля», супраць якога распачатая працэдура эканамічнага банкруцтва
Ілюстрацыйнае фота. ААТ «Орля», супраць якога распачатая працэдура эканамічнага банкруцтва

Дасьледаваньні сьведчаць, што фэрмэрскія гаспадаркі на 40% больш эфэктыўныя за буйнатаварныя гаспадарчыя прадпрыемствы. Што якраз і дэманструюць асобныя прыватныя вытворчасьці — напрыклад, магілёўскае прыватнае прадпрыемства «Сэрвалюкс», якое перакрочыла адзнаку 50% на беларускім рынку птушкагадоўлі.

«У кожнай вобласьці ёсьць годны прыклад прыватнай сельгасвытворчасьці, — працягвае Пётар Мігурскі. — Дык чаму ня ўзяць за аснову такі падыход? Не, зноў упіраемся ў гэтыя СВК. Кажуць, сельская гаспадарка без падтрымкі загнецца. Але як яна падтрымліваецца, дык гэта зьдзек — 72 даляры ў эквіваленце на 1 гектар сельгасугодзьдзяў. Для параўнаньня: Эўразьвяз — у 5 разоў больш, Швайцарыя — 3 тысячы эўра на гектар, Японія — 9 тысяч даляраў. Там, дзе аддаюць гэтаму ўвагу, ёсьць і аддача. Але ўкладаць у калгасы ў іх сучасным выглядзе нельга: усё расьцячэцца, разрабуецца».

Сяляне адарваныя ад зямлі і плёну сваёй працы

Доктар сельскагаспадарчых навук, шматгадовы дырэктар Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Кадыраў перакананы: шукаць цудадзейныя рэцэпты ўратаваньня сельскай гаспадаркі на старым грунце бессэнсоўна. Ён перакананы, што трэба ствараць сыстэму і шукаць вынік у матывацыі працы, стымуляваньні чалавека, нармальных эканамічных мэтадах.

Міхаіл Кадыраў
Міхаіл Кадыраў

«Каб працаўнік быў калі ня ўласьнікам усяго, што ёсьць у гаспадарцы, але хоць бы гаспадаром выніку сваёй працы, каб за гэта было атрымана заслужанае ўзнагароджаньне, — кажа навуковец. — Пакуль жа чалавек адчужаны ад вынікаў працы. Вынікі ягоных высілкаў належаць дзяржаве ў асобах абласных, раённых кіраўнікоў. Распачалі нібыта акцыянаваньне, дык кантрольны пакет усё роўна належыць райвыканкаму — зноў жа, дзяржаве. Па сутнасьці нічога не мяняецца: якімі б шыльдамі чарговы раз ні прыкрываліся, застаецца савецкая сыстэма ў закансэрваваным выглядзе».

У 2004 годзе былі спробы ажывіць аграрную галіну інвэстыцыямі прыватнага капіталу на падставе прэзыдэнцкага ўказу № 138 «Аб прыцягненьні інвэстыцый у сельскагаспадарчую вытворчасьць». Чым гэта скончылася, можна бачыць на прыкладзе менскага прадпрымальніка Міхаіла Шурыма, які ўклаў некалькі мільёнаў даляраў у калгас на Мядзельшчыне, а ў выніку практычна ўсё страціў.

«У чым быў сэнс 138-га ўказу? З дапамогай прыватнага капіталу дапамагчы сялянам. Але нават з майго досьведу бачна: райвыканкамам гэта непатрэбна, мы для іх бяльмо на воку. Вынішчылі практычна ўсіх уласьнікаў, якія набылі калгасы, — амаль нікога з тых 200 чалавек не засталося. Нават за тое, што не выконвалі разнарадкі з раёну, колькі пасеяць азімых ці пасадзіць бульбы... Тым ня меней, без прыватнай уласнасьці будучыні сельская гаспадарка ня мае, як бы хто гэтаму ні працівіўся», — канстатуе нерэалізаваны аграрый.

Міхаіл Шурым з васьмігадовага досьведу працы ў сельскай гаспадарцы вынес цьвёрдае перакананьне: пакуль уладная вэртыкаль будзе татальна ўмешвацца ў справы арганізацый, ніякія касмэтычныя ўказы ня зьменяць сытуацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG