Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дазволіў сабе дарыць старшыням калгасаў да 25% акцыяў гаспадаркі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 2 кастрычніка ўказ «Аб фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацыяў». Тэкст указу яшчэ не апублікаваны — ёсьць толькі камэнтар да ўказу ад прэс-службы Лукашэнкі.

Паводле прэс-службы Лукашэнкі, указ апісвае інструмэнты для аздараўленьня неплатаздольных сельскагаспадарчых арганізацыяў і «ўкараненьня прагрэсіўных формаў кіраваньня» ў іх:

  • Забаронена банкруціць неплатаздольныя сельскагаспадарчыя арганізацыі праз суд, спыняюцца ўжо распачатыя працэдуры банкруцтва. Старшыні райвыканкамаў атрымліваюць паўнамоцтвы ў аздараўленьні такіх арганізацыяў у дасудовым парадку (якія і за кошт чаго, не ўдакладняецца).
  • Усіх пазвальняць нельга. Работнікам гарантуюць права застацца на працы на ранейшых умовах у арганізацыі, якую перадаюць у арэнду або давернае кіраваньне. Гэта ня тычыцца кіраўніка, ягоных намесьніка.
  • Сплаціць запазычанасьць можна новымі акцыямі. Можна павялічваць статутны фонд гаспадарчага таварыства на суму запазычанасьці, перадаючы акцыі крэдытору. Прадугледжана таксама заключэньне «мірных пагадненьняў» з крэдыторамі аб зьменах ва ўмовах пазычаньня, а таксама атрыманьне адтэрміноўкі абавязаньняў на 3 гады і растэрміноўкі на 5 гадоў, зьніжэньне стаўкі па крэдытах на 1,5% гадавых. Ці трэба для ўсяго гэтага згода крэдытора, незразумела з камэнтару да ўказу, але можа быць апісана ў самім указе.
  • Лукашэнка можа пераводзіць запазычанасьць на іншых: зь неплатаздольных арганізацыяў — на мясцовыя ўлады або «Агенцтва кіраваньня актывамі» (створана Лукашэнкам у 2016 годзе, працуе пад кіраўніцтвам «Белаграпрамбанку») праз выпуск выканкамамі каштоўных папераў.
  • Да чвэрці акцыяў можна падарыць кіраўнікам арганізацыяў, бясплатна перадаць «па выніках рэалізацыі бізнэс-пляну» паводле рашэньня Лукашэнкі (ня больш за 25,01% статутнага фонду неплатаздольнага сельскага прадпрыемства).
  • Маёмасны комплекс неплатаздольных прадпрыемстваў можна здаваць у арэнду безь дзяржаўнай рэгістрацыі і без дакумэнтаў аб правах на нерухомасьць, аддаваць зямлю пад пабудовамі ў карыстаньне без правядзеньня аўкцыёнаў.

У ліпені Лукашэнка падпісаў указ, каб замацоўваць кадры ў вёсцы: грамадзяне атрымалі права набываць жылыя памяшканьні, якія яны займаюць. Дакумэнт таксама вызваляе сельскагаспадарчыя арганізацыі ад падаткаабкладаньня ў апэрацыях, зьвязаных зь пераводам на адпаведныя райвыканкамы доўгу па льготных крэдытах, атрыманых на будоўлю, рэканструкцыю і набыцьцё жылых дамоў і кватэраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG