Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: гарады ўпарадкавалі, час упарадкаваць вёскі. Эканаміст: вёскі памерлі без прыватнай уласнасьці на зямлю


Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры) падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі. Менск, 9 траўня 2017

Аляксандар Лукашэнка заявіў 9 траўня, што ў Беларусі будуць «прыводзіць у парадак» малыя вёскі. Праграма разьвіцьця дарог нацэленая цяпер на аднаўленьне дарог да малых вёсак — на думку Лукашэнкі, гэтую праблему атрымаецца вырашыць за 3-4 гады.

«Мы прывялі ў парадак Менск, больш-менш тут камфортна жыць, — казаў Лукашэнка. — Мы прывялі ў парадак абласныя цэнтры, мы ўжо разумеем, што там трэба зрабіць заўтра-пасьлязаўтра. Раённыя цэнтры ў нас у асноўным у някепскім стане — цэнтральныя іх часткі, асноўныя. Цяпер рухаемся ад цэнтру да ўскраін.

Засталіся гэтыя вёсачкі, што раней былі цэнтрамі калгасаў-саўгасаў. Іх трэба прыводзіць у парадак. І калі людзі там будуць жыць, у гэтых невялікіх вёсачках, мы абавязкова завершым інфраструктуру ці адрамантуем-мадэрнізуем інфраструктуру для іх. Таму мы ўсяляк гэта будзем рабіць, ня толькі ў Віцебскай вобласьці».

За 20 гадоў — мінус траціна сельскага насельніцтва

У Беларусі на канец 2016 году, паводле афіцыйнай статыстыкі, 22,4% насельніцтва — сельскае. Доля сельскага насельніцтва пастаянна падае, два дзясяткі гадоў таму яна складала 31,9%. На пачатак 2017 году доля вяскоўцаў — прыблізна 22,1%.

Сярэднія налічаныя заробкі ў сельскай гаспадарцы звычайна адны з самых нізкіх сярод усіх спэцыяльнасьцяў: на сакавік 2017 году склалі 534,2 рубля пры сярэдніх заробках па ўсёй краіне ў 770,6 рубля. За студзень-сакавік сярэднія заробкі ў жывёлагадоўлі і расьлінаводзтве былі меншымі за 500 рублёў.

Ярашук: Лукашэнка спазьніўся, вёска памерла без гаспадара

Эканаміст Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, кажа Свабодзе, што займацца ўпарадкаваньнем вёскі трэба было больш як два дзясяткі гадоў таму, а ідэя аграгарадкоў ня стала паратункам сяла.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Спадар Лукашэнка спазьніўся ў тым, што тычыцца сяла, гадоў на 20-25, на той тэрмін, які ён гаспадарыць. Там ужо нічога няма! Тыя, хто маюць сельскія карані, са мной пагодзяцца: вёска памерла, асабліва ў тым, што тычыцца малых вёсак. Усе гэтыя заклікі добраўпарадкаваць малыя вёскі... Там няма чаго ўжо добраўпарадкоўваць. Людзей не засталося, 1-2 чалавекі, якія дажываюць свой век.

Усё, з чым мы застанёмся, гэта аграгарадкі — сучасныя беларускія „аграгулагі“, якія ніякага дачыненьня да традыцыйнай беларускай сельскай культуры ня маюць. І ў іх няма ніякай будучыні, пра гэта можна казаць упэўнена. Аграгарадкі нельга лічыць беларускім сялом, гэта абсалютна не запатрабавана беларускай вёскай. Ня з гэтым трэба было зьвязваць будучыню сяла».

Ярашук мяркуе, што пачынаць адраджэньне вёскі трэба было зь вяртаньня прыватнай уласнасьці на зямлю (у 1996 годзе гэтае пытаньне выносілася на рэфэрэндум — паводле афіцыйных вынікаў, 82,88% тых, хто галасаваў, былі супраць, а толькі 15,35% за) і падтрымкі фэрмэрскай гаспадаркі:

«Калі ў свой час правялі калектывізацыю (ва Ўсходняй Беларусі ў 1920-30-я гады, у Заходняй у 1940-50-я), нацыяналізавалі зямлю, то проста адарвалі чалавека ад каранёў, ад ягонай уласнасьці. У такім выпадку немінучая была дэградацыя, якую мы сёньня назіраем, якая тычыцца і паселішчаў, і самога селяніна.

Сёньня там столькі праблемаў... Павальнае п’янства, у многіх поўнае нежаданьне браць адказнасьць за свой лёс. Калі аднаўляць сяло па-сапраўднаму, трэба з таго і пачынаць: першы і самы адказны крок — прызнаць прыватную ўласнасьць на зямлю, каб працавалі людзі, якія там яшчэ засталіся; каб вярталіся тыя, хто жыве ў гарадах, але мае памкненьне вярнуцца ў сяло.

Я лічу, многія б вярнуліся ў сяло, бо сёньня ў эканоміцы краіны, у прамысловасьці сытуацыя няпростая. Гэта магло бы быць матывацыяй для людзей. Але калі ня будзе прызнаньня ўласнасьці на зямлю, калі ня зьявіцца сапраўдны гаспадар на зямлі, уласьнік... Тады можна любыя дарогі класьці, любыя праграмы прымаць, але вёска сёньня памерла».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG