Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ня фэрмэры, але ўжо зарабляюць на зямлі. На Берасьцейшчыне бум прысядзібных гаспадарак


Прыватная прысядзібная гаспадарка ў Івацэвіцкім раёне

Праца на ўласнай зямлі ня можа быць стратнай. Такой думкі трымаюцца дзясяткі жыхароў Івацэвіцкага раёну, якія займаюцца жывёлагадоўляй і расьлінаводзтвам на прысядзібных участках.

На Палесьсі ў Пінскім і Столінскім раёнах вяскоўцы ўжо не адзін дзясятак гадоў працуюць на сябе — вырошчваюць гародніну ў парніках на продаж. Прыклад з палешукоў бяруць і ў Івацэвіцкім раёне. Тут усё болей вяскоўцаў вядуць гаспадарку на прысядзібных участках.

Праўда, ахвочых стаць фэрмэрамі ня так шмат. Замест гэтага вяскоўцы рэгіструюць асабістыя прысядзібныя гаспадаркі, пад што могуць атрымаць некалькі гектараў зямлі. Пры гэтым гаспадары ня мусяць весьці бухгальтарскі ўлік, што патрабуецца ад фэрмэраў.

Гаспадары неахвотна дэманструюць свае гаспадаркі. Прычына найперш у сыстэме абавязковай ідэнтыфікацыі жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжаньня. Чыноўнікі хочуць, каб спажывец мог прасачыць паходжаньне сельскагаспадарчай прадукцыі. Таму цяпер згодна з пастановай Саўміна ад 2016 году вяскоўцы, якія гадуюць быкоў, кароў, коз і сьвіней, павінны зарэгістраваць жывёл у Цэнтры інфармацыйных сыстэм у жывёлагадоўлі.

Але многія не сьпяшаюцца з гэтым і таму баяцца паказваць гаспадарку і расказваць пра свае посьпехі.

Толькі некаторыя гаспадары рэгіструюць сваіх жывёл
Толькі некаторыя гаспадары рэгіструюць сваіх жывёл

Каб маштабаваць бізнэс, трэба афарляць фэрмэрства

Ігар вядзе гаспадарку ўжо не адзін дзясятак гадоў. 40-гадовы жыхар вёскі Стайкі Івацэвіцкага раёну пачынаў з парніка каля дому. Пасьля заняўся сьвінаводзтвам, цяпер гадуе быкоў. Набыў хутар каля Івацэвічаў, побач зь вёскай Воля.

«Я даглядаю быкоў, маю яшчэ сьвіней. Спрабую заняцца разьвядзеньнем курэй ды індыкоў. Праўда, мяса індыка дарагое, каштуе больш як дзесяць рублёў за кіляграм. Галоўная праблема працы ў вёсцы ў тым, што складана атрымаць зямлю. Усё занята. Каля майго хутара ёсьць вялікія вёскі, дык там маладыя 30-гадовыя хлопцы ўсё пазаймалі», — кажа Ігар.

Алесь, 35-гадовы жыхар вёскі Воля Івацэвіцкага раёну, займаецца адначасова вырошчваньнем гародніны і жывёлагадоўляй.

«У мяне агулам каля шасьці гектараў зямлі. На адной частцы я вырошчваю агуркі. На другой — капусту, часнык, бульбу. Попыт на гародніну сёньня высокі. Набываюць маю прадукцыю ў асноўным аптовыя гандляры на рынку», — кажа суразмоўца.

Ён бачыць у сельскай гаспадарцы пэрспэктыву і перакананы, што вырошчваньне той жа бульбы «можа быць прыбытковым — усё залежыць ад маштабаў». Кажа, што плянуе пашырыць сваю гаспадарку.

«Але тут некалькі праблемаў. Найперш, трэба рэгістравацца, бо пакуль працую на асабістай прысядзібнай гаспадарцы. А калі браць больш зямлі, то трэба афармляць фэрмэрства. А гэта ўскладняе працу ў вёсцы, — кажа Алесь. — Трэба шмат папераў, з падаткамі трэба разьбірацца, весьці бухгальтарскі ўлік. І ня факт, што ўдасца атрымаць яшчэ зямлі — вольных надзелаў зусім мала».

Новы парнік у вёсцы Ябланка Івацэвіцкага раёну
Новы парнік у вёсцы Ябланка Івацэвіцкага раёну

Паводле вяскоўца, каб зарабіць на зямлі, працаваць у сэзон трэба ледзь ня дваццаць гадзін на суткі.

«Вясною і летам я прачынаюся ледзь не а чацьвёртай ранку. Лічу, што сабраць ураджай — гэта толькі палова справы. З гародніны можна добра зарабіць, калі ўмела яе захаваць і прадаць зімою, калі цэны на гародніну вельмі вырастаюць. Капуста восеньню каштуе 8 капеек, а зімою — 15. Сёлета ўраджай пляную прадаваць вясной. Думаю, што атрымаю за капусту нават да 20 капеек за кіляграм. Але больш пэрспэктыўная жывёлагадоўля», — кажа Алесь.

За аднаго быка — 1400 рублёў

Цялят на гадоўлю ў раёне ўсё больш актыўна набываюць «прыватнікі». Уклаўшы каля 3000 даляраў у маладых быкоў, праз год можна выручыць ажно 6000 даляраў, кажа 30-гадовы жыхар Івацэвічаў Дзьмітрый, які набыў хутар у целяханскай зоне і аформіў асабістую прысядзібную гаспадарку.

«Цяля празь дзевяць-дзесяць месяцаў гадаваньня вырастае да 300–400 кіляграмаў. За аднаго вялікага быка можна атрымаць на бойні каля 1300–1400 рублёў. Гэта выгадна, бо прыбытак, нават з улікам часу, інвэставаньня ў харчы для жывёл, выходзіць досыць вялікі. Вядома, цяпер, калі займаецца гэтым шмат людзей, прыбыткі зьмяншаюцца», — кажа Дзьмітрый.

Прыватная прысядзібная гаспадарка ў Івацэвіцкім раёне
Прыватная прысядзібная гаспадарка ў Івацэвіцкім раёне

Сотка зямлі ў парніку — 1000 даляраў выручкі

У сваю чаргу, 38-гадовы​ Сяргей, які мае ўчастак зямлі ў вёсцы Ёлкі Івацэвіцкага раёну, вырошчвае гародніну ў парніку.

Вясковец кажа, што рабіў цэлы сэзон на Століншчыне — у парніках у альшанцаў. Прыглядаўся да працэсу, а потым вырашыў завесьці аналягічную гаспадарку на сваім прысядзібным участку.

«У альшанцаў сотка зямлі ў парніку прыносіць каля 1000 даляраў ЗША. У нас трохі меней. Але каля 700–800 даляраў я атрымліваю. Вырошчваю ў асноўным агуркі і памідоры. Скажу так, што гэта неблагі бізнэс нават», — кажа Сяргей.

Ён згадвае, што раней займаўся гандлем, і кажа, што стаўленьне чыноўнікаў, раённага кіраўніцтва да тых, хто займаецца сельскай гаспадаркай, нашмат лагаднейшае, чым да гандляроў. Пры гэтым Белстат не адлюстроўвае колькасьць зарэгістраваных асабістых прысядзібных гаспадарак, няма такіх зьвестак і ў выканкамах.

Згодна з дадзенымі Статыстычнага штогодніка па Берасьцейшчыне, выпушчанага Нацстатам, у 2017 годзе агулам прыватныя сельскія гаспадаркі насельніцтва стварылі прадукцыі на 505 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Фэрмэрскія ж гаспадаркі — на 116 мільярдаў.

Экспэрт: разьвіцьцё дробных сельскіх гаспадарак — пачатак вялікай тэндэнцыі

Эканаміст Міхась Залескі выказвае думку, што разьвіцьцё прыватнай сельскай гаспадаркі ў асобным рэгіёне можа стаць пачаткам важнай тэндэнцыі.

Паводле экспэрта, цяпер на расейскім рынку сельскагаспадарчай вытворчасьці ўсё большая канкурэнцыя з боку вытворцаў з Азіі, якія выцясьняюць і буйных беларускіх вытворцаў. Але гэта не перашкаджае разьвіцьцю дробных гаспадарак, перакананы эканаміст.

Міхась Залескі
Міхась Залескі

«Папулярнасьць дробных сельскіх гаспадарак абумоўленая тым, наколькі жыхары пэўнага рэгіёну здольныя працаўладкавацца. І была знойдзеная такая магчымасьць, якая можа распаўсюджвацца далей і шырэй, — кажа Міхась Залескі. — Такая зьява можа быць абумоўленая і некаторымі лякальнымі акалічнасьцямі, напрыклад, ляяльнай мясцовай адміністрацыяй. Можа, гэта зьвязана і з дэмаграфіяй раёну, перанаселенасьцю, веравызнаньнем».

Адметна, што нават паводле дзяржаўнай Дактрыны нацыянальнай харчовай бясьпекі да 2030 году, якая была зацьверджана напрыканцы сьнежня 2017-га, у 2015 годзе рэнтабэльнасьць працы фэрмэраў складала 31,1%, у той час як у калгасах — толькі 0,6%.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG