Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае завяршыць пятую пяцігодку ў чатыры гады, — віцэ-прэм’ер Сямашка


Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў на паседжаньні Нацыянальнага сходу 20 сьнежня, што 2017 год «быў пераломным» у беларускай эканоміцы, перадае БелаПАН.

У 2017 годзе беларуская эканоміка сапраўды акрыяла пасьля двух гадоў рэцэсіі, а інфляцыя мае рэкордна нізкія тэмпы. Але МВФ раіць Беларусі як мага хутчэй правесьці рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, не падвышаць заробкі дырэктыўна да «па пяцьсот» і не набіраць дзяржаўных запазычанасьцей, а ЭБРР раіць Беларусі заняцца банкамі, «камуналкай» і сапраўднымі рэформамі.

Бягучы год, заявіў Уладзімер Сямашка, «дазволіць выйсьці, як цяпер модна казаць, на трэнд і пасьпяхова завяршыць пяцігодку да 2020 году».

Уладзімер Сямашка, архіўнае фота
Уладзімер Сямашка, архіўнае фота

Эканоміка Беларусі сапраўды плянуецца па «пяцігодках», але «пятая пяцігодка» — з 2016 па 2020 гады ўключна, то бок Сямашка кажа пра «завяршэньне пяцігодкі ў чатыры гады».

Да канца «пятай пяцігодкі» плянуецца рост ВУП на 12-15%, рост вытворчасьці прамысловай прадукцыі на 9,1-15,2%, зьніжэньне інфляцыі да 5%, спыненьне росту цэнаў, рост экспарту на 21-25%, абнаўленьне сыстэмы кіраваньня эканомікай і іншае.

Папярэдняя «чацьвёртая пяцігодка» была праваленая па кожным з асобных паказьнікаў. Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заяўляў пра задаволенасьць такімі вынікамі.

«Пяцігодкі» — пяцігадовыя пляны разьвіцьця народнай гаспадаркі — прыдумалі ў СССР у 1928 годзе пасьля згортваньня «новай эканамічнай палітыкі» (НЭП). Сьцьвярджалася, што «першую пяцігодку» ў СССР выканалі за чатыры гады, пасьля гэтага лёзунг «пяцігодку ў чатыры гады» паўтараўся рэгулярна.

На думку шэрагу экспэртаў, неэфэктыўная плянавая эканоміка была адной з галоўных прычынаў распаду СССР. Але паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, СССР распаўся праз дэфіцыт пральнага парашку.

XS
SM
MD
LG