Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБРР параіў Беларусі заняцца банкамі, «камуналкай» і сапраўднымі рэформамі


У дакладзе аб пераходным працэсе на 2017–2018 гады Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця даў Беларусі шэраг рэкамэндацыяў у разьвіцьці эканомікі.

Адзначаецца, што Беларусь аднавіла рост эканомікі: пасьля спаду валавога ўнутранага прадукту на 3,8% у 2015 годзе і 2,6% у 2016-м, у 2017-м ВУП пачаў паціху расьці — за першыя дзевяць месяцаў плюс 1,7%. Збольшага гэта адбылося, піша ЭБРР, праз аднаўленьне вонкавага попыту: сталі выпускаць больш прадукцыі на экспарт. Курс рубля пакуль стабільны, а інфляцыя рэкордна нізкая (па беларускіх, але не ўсясьветных мерках). Дзяржава паступова (але ня цалкам) лібэралізуе прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Эканамічныя пэрспэктывы Беларусі палепшыліся праз вырашэньне нафтагазавых спрэчак з Расеяй, аднаўленьня паступленьня сродкаў з Эўрапейскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, а таксама разьмяшчэньня эўрабондаў на 1,4 млрд даляраў, піша ЭБРР. Але застаюцца рызыкі нэгатыўнага разьвіцьця сытуацыі: доўгатэрміновыя пэрспэктывы залежаць ад маштабаў рэформаў і зьмяншэньня ўмяшаньня дзяржавы ў эканамічнае жыцьцё краіны.

Патрэбны больш глыбокія структурныя рэформы дзяржсэктару

Каб захаваць эканамічны рост, ЭБРР раіць Беларусі перабудаваць сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў і адмовіцца ад іх дырэктыўнага крэдытаваньня. Праз гэта цяпер нерацыянальна расходуюцца фінансавыя рэсурсы, а прыватны сэктар пазбаўляецца пэўных магчымасьцяў для росту.

Камунальныя паслугі трэба зрабіць больш эфэктыўнымі

Таксама Беларусі раяць працягнуць рэформы галіны камунальных паслуг, каб выйсьці на сапраўдную акупнасьць «камуналкі»: падвысіць эфэктыўнасьць ацяпленьня будынкаў зімой і разбуйніць сэктар электраэнэргетыкі, каб прыцягнуць у яго прыватны капітал.

Банкі варта разьняволіць і прыватызаваць

Дырэктыўнае крэдытаваньне ў межах дзяржпраграмаў трэба скасоўваць, каб вызваліць банкі ад «квазіфіскальных функцыяў» (калі дзеля памяншэньня дэфіцыту бюджэту выдаткі дзяржавы «перакідаюцца» на банкі). І трэба паступова пераходзіць да падрыхтоўкі да прыватызацыі дзяржаўных банкаў праз акцыянаваньне.

Прагнозы для Беларусі палепшылі, але пазыкі растуць

Шэраг міжнародных арганізацыяў, у тым ліку Усясьветны банк і Міжнародны валютны фонд у кастрычніку палепшылі прагнозы адносна беларускай эканомікі: раней чакалі падзеньня ВУП у 2017 годзе і невялікага росту ў 2018-м, цяпер вераць у рост ВУП і ў 2017-м, і ў 2018-м.

Але МВФ занепакоены тым, як у Беларусі расьце дзяржаўная і замежная запазычанасьць: замежны доўг Беларусі МВФ ацэньвае прыкладна ў 75% ад ВУП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG