Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі: «Па пяцьсот» будзе ня ўсім, а ў малым росьце ВУП вінаватыя будаўнікі 


Уладзімер Зіноўскі, архіўнае фота

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі ў перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ заявіў, што да канца году не ва ўсіх рэгіёнах і галінах эканомікі атрымаецца дасягнуць заробкаў у 1000 рублёў.

Паводле міністра, сельская гаспадарка ці сацыяльная сфэра ня могуць раптоўна дасягнуць такіх заробкаў, але наогул заробкі «памаленьку падцягваюцца ў тым вэктары, што задаў кіраўнік дзяржавы» (Лукашэнка нядаўна казаў ужо не пра 1000, а пра 1500 рублёў сярэдняга заробку, загадваў «падцягнуць да 1000» прадпрыемствы зь нізкімі заробкамі). Але пакуль заробкі «адстаюць ад графіку»: плянавалася, што за жнівень сярэдні заробак будзе 896 рублёў, а атрымалася 844,4 рубля.

Зіноўскі падкрэсьліў, што заробкі «нельга проста ўзяць з прыбыткаў і праесьці грошы», а заробленыя сродкі трэба ўкладваць у вытворчасьць, каб атрымаць большы прыбытак і большыя заробкі.

Тэмпы росту беларускай эканомікі маглі б быць і вышэйшымі, дадаў Зіноўскі, каб не будаўнічая галіна. Рост ВУП цяпер на ўзроўні 1,7% (студзень-верасень бягучага году да студзеня-верасьня мінулага), але, кажа Зіноўскі, большага росту чакаюць ад сельскай гаспадаркі («хаця б» 2,2%) і будаўніцтва («хаця б» падзеньне на 2%, а не цяперашняе падзеньне на 6,3%).

Рэпартаж з Шаркаўшчыны, дзе заробкі бываюць па 80 рублёў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG