Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальныя даходы беларусаў амаль перасталі падаць. Якія яны цяпер?


За студзень–жнівень 2017 году рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў амаль ня ўпалі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, сьцьвярджае Белстат.

Рэальныя даходы беларусаў расьлі да 2014 году, у 2015-м жа ўпалі на 5,9% і ў 2016-м зьнізіліся на 7,3%. На пачатку 2017 году рэальныя даходы ўсё яшчэ зьніжаліся ў параўнаньні з 2016-м, але ў другой палове году амаль стабілізаваліся на леташнім узроўні.

Колькі гэта ў рублях?

Канкрэтны памер рэальных наяўных даходаў за месяц Белстат не называе. Але прыводзіць памер рэальных даходаў за год: у 2016-м было 514,9 рубля пры сярэднім заробку 722,7 рубля.

Пад рэальнымі грашовымі даходамі разумеюць даходы з вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя з улікам індэксу спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі. Заробкі ў структуры рэальных даходаў складаюць менш як дзьве траціны — яшчэ чвэрць даюць даходы ад маёмасьці, астатняе даюць даходы ад прадпрымальніцтва, пэнсіі і стыпэндыі і іншае.

Яшчэ меншы мэдыянны паказьнік сярэднядушавых наяўных рэсурсаў — 348,1 рубля за 2016 год. Гэта аб’ём сродкаў чалавека ў хатняй гаспадарцы (сума заробкаў пасьля сплаты падаткаў, пэнсіяў і стыпэндыяў, самастойна вырабленых прадуктаў харчаваньня гаспадаркі, падзеленая на колькасьць людзей у гаспадарцы), адносна якой палова хатніх гаспадарак мае больш, а палова менш тых самых рэсурсаў.

Пры гэтым пакуль рэальныя даходы падалі, сярэднія налічаныя заробкі могуць і расьці. Цяпер сярэднія заробкі таксама растуць — 844,4 рубля, што беларусам у сярэднім налічылі ў жніўні 2017 году, на 6,6% большыя за сярэдні заробак у жніўні 2016-га. За студзень–жнівень сярэдні заробак вырас на 3,2%.

Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначаў, што названы ўладамі ўзровень рэальных даходаў «носіць хутчэй палітычны і ідэалягічны характар, але ніяк ня быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG