Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў адказаў, калі заробкі будуць «па пяцьсот»


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота
Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў адказаў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ на пытаньне, калі беларусы будуць мець абяцаныя заробкі па 500 даляраў.

«Наогул, гэтыя, як вы кажаце, „па пяцьсот“ трэба зарабіць, і гэта задача ня толькі ўраду, хоць гэта задача перадусім ураду, забясьпечыць умовы, у якіх грамадзяне маглі б зарабіць „па пяцьсот“, — разважае Кабякоў. — Вось у нас цяпер рост рэальных заробкаў [...] 102%, акрамя мінулага году, рост прадукцыйнасьці працы паводле валавога ўнутранага прадукту — 102,7%.

„Па пяцьсот“ можна будзе тады, калі будзе створаная пэўная колькасьць прадукту, паслугаў, якія будуць рэалізаваныя, і за іх атрыманыя грошы. Тады толькі можа быць той узровень заробкаў, які нам хацелася б. Прызначаным ён быць ня можа».

Паводле Кабякова, калі дырэктыўна «прызначыць» заробкі «па пяцьсот», іх можна будзе плаціць месяц-другі, а потым «трапіць у фінансавую сытуцыю, калі можна мець праблемы з выплатай заробкаў». Але ён адзначае, што на многіх прадпрыемствах задача росту заробкаў да «па пяцьсот» ужо вырашаная.

Аляксандар Лукашэнка абяцае заробкі «па пяцьсот» ужо больш за 10 гадоў, часам загадвае або патрабуе давесьці заробкі да такога ўзроўню. Цягам апошняга году сярэдні заробак у Беларусі «хістала» ад 370 даляраў да 432.

Але рэальныя даходы (не сярэднія налічаныя заробкі) не растуць, а, наадварот, падаюць у гадавым вымярэньні — Кабякоў жа настойвае на тым, што ад пачатку году, а не да мінулага году, рэальныя заробкі вырасьлі на 2%.

Эканоміка Беларусі тым часам расьце, насуперак замежным прагнозам, але беларускія экспэрты кажуць пра «аднаўленчы» рост пасьля значнага падзеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG