Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі сапраўды зарабляе беларус, у якім узросьце бярэцца шлюбам, колькі мае дзяцей і калі памрэ. 20 фактаў з дасьледаваньня Белстату


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў статыстычны зборнік «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцьця насельніцтва Рэспублікі Беларусь» 2017 году. Свабода абрала 20 фактаў пра «сярэднестатыстычнага беларуса».

Або хутчэй «сярэднестатыстычную беларуску» — на 1000 мужчын у Беларусі прыходзіцца 1147 жанчын.

Сярэдні ўзрост — 40,2 года

Жанчыны старэйшыя за мужчынаў: сярэдні ўзрост беларускі — 42,6 года, а беларуса — 37,3 года. За пяць год беларусы «пастарэлі» на паўгода, тэндэнцыя нязьменная. На сяле людзі значна старэйшыя, чым у горадзе: 44,6 года супраць 38,9.

Менск — ня самы малады

Сярэдні ўзрост насельніцтва Менску — 38,4 гады. У сярэднім па абласьцях людзі старэйшыя за Менск, але гарадзкое насельніцтва Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей на 0,1 году маладзейшае за Менск. У гарадах Берасьцейскай вобласьці крыху маладзейшыя жанчыны, у Гарадзенскай — мужчыны.

Хто нарадзіўся сёлета, мае дажыць да 74 год

Сярэдняя чаканая працягласьць жыцьця пры нараджэньні вырасла на 3,5 гады за апошнія пяць год і склала на 2016-ы 74,1 года. Пры гэтым жанчынам прагназуюць значна даўжэйшае жыцьцё — да 79 год, мужчынам жа — да 68,9 года. Для гарадзкога насельніцтва прагназуюць даўжэйшае жыцьцё: да 75,3 год у горадзе супраць 70,8 на сяле. Найменей прагназуюць мужчынам зь сельскай мясцовасьці Магілёўскай вобласьці, 63,6 года, найболей — жанчынам зь Менску, 80,1 году.​

Нехта нараджае чацьвёртае дзіця пасьля 50 год, нехта пятае да 20

Большая частка беларусак нараджае дзяцей ва ўзросьце 20–34 год. Але летась 3561 жанчына нарадзіла дзіця ва ўзросьце да 20 год, пры гэтым для 25 зь іх гэта было трэцяе дзіця, для адной чацьвёртае і для адной пятае. 10 жанчын нарадзілі толькі першае дзіцё ва ўзросьце 45–49 год, у тым жа ўзросьце пяць нарадзілі пятае і пяць — шостае дзіця. Адна жанчына нарадзіла дзіця ва ўзросьце 50–54 год, і для яе гэта стала ўжо чацьвёртае дзіця.

На 10 шлюбаў 5 разводаў

У 2016 годзе беларусы заключылі ўсяго 64,5 тысячы шлюбаў — на 17,5 тысяч меней, чым за 2015-ы. А колькасьць разводаў амаль не зьмянілася — 32,6 тысячы. Але калі на 2015 год на 1000 шлюбаў прыходзілася 402 разводы, то ў 2016-м — ужо 506. Пры чым разводзяцца часьцей у горадзе — 526 разводаў на 1000 шлюбаў гарадзкога насельніцтва супраць 401 разводу ў сельскага. Горш было ў 2012-м, тады на 1000 шлюбаў беларусаў было 512 разводаў.

Жаніцца ў 27, выйсьці замуж у 25...

Сярэдні ўзрост, у якім беларусы бяруцца шлюбам, пастаянна падвышаецца. Калі ў 2010 годзе мужчыны жаніліся ў 26,5 год, то ў 2016-м — у 27,8. Жанчыны ж ішлі замуж у 24,4 гады ў 2010-м, а ў 2016-м — у 25,6. Гарадзкія мужчыны жэняцца на 0,3 гады раней за сельскіх, а гарадзкія жанчыны выходзяць замуж на 0,6 года пазьней за сельскіх.

...і жыць у 26,8 м²...

Жылая плошча на сярэднестатыстычнага беларуса паступова падвышаецца, ад 24,6 м² у 2010 годзе да 26,8 м² у 2016-м. На сяле прасторней: 36,5 м² на чалавека ў сельскай мясцовасьці супраць 24,0 м² у гарадах.

...з 348 рублямі ў кішэні

Пакуль налічаны сярэдні заробак беларусаў паступова і нестабільна набліжаецца да абяцаных больш як 10 год таму «па пяцьсот», рэальныя даходы беларусаў падаюць апошнія два гады. Можна лічыць, што ў сярэднестатыстычнага беларуса ў кішэні 348 рублёў і 10 капеек на месяц. Гэта мэдыянны паказьнік сярэднядушавых наяўных рэсурсаў — сродкаў чалавека ў хатняй гаспадарцы (сума заробкаў пасьля сплаты падаткаў, пэнсіяў і стыпэндыяў, самастойна вырабленых прадуктаў харчаваньня гаспадаркі, падзеленая на колькасьць людзей у гаспадарцы), адносна якой палова хатніх гаспадарак мае больш, а палова менш тых самых рэсурсаў. Найвышэйшы гэты паказьнік у Менску з 446,9 рублі, самы нізкі — у Берасьцейскай вобласьці з 313,1 рублі.

«Па пяцьсот» у 13,2% беларусаў

Што да налічаных заробкаў (бяз выплаты падаткаў), то «па пяцьсот» даляраў або тысячу і больш рублёў маюць толькі 13,2% беларусаў: 9,3% маюць 1–1,5 тысячы рублёў на месяц, 2,1% маюць 1,5–2 тысячы, 1,8% маюць больш за 2 тысячы рублёў.

З 1000 чалавек толькі 250 у працоўным узросьце

За 5 год Беларусь страціла 300 тысяч працоўнага насельніцтва — ня толькі за кошт росту беспрацоўя, але і за кошт росту «дэмаграфічнай нагрузкі», гэта значыць, долі занадта маладых і занадта старых для працы. Калі на пачатак 2011 году на 1000 чалавек прыходзілася 373 чалавека, старэйшага за працоўны ўзрост, і 261 — маладзейшага, то на пачатак 2017-га адпаведна 443 і 307. То бок, колькасьць людзей у працоўным узросьце зьнізілася з 366 да 250 на 1000 чалавек.

Багатымі сябе лічаць 3,1% беларусаў

65,5% беларусаў кажуць, што маюць сярэдняе матэрыяльнае становішча. 26,9 лічаць, што іх матэрыяльнае становішча ніжэй за сярэдняе, але не зусім нізкае, а 4,5% кажуць, што яно нізкае. Сваё матэрыяльнае становішча ацэньваюць як вышэйшае за сярэдняе 3,1% беларусаў: у горадзе 3,4%, на сяле 2,2%. Незадаволеныя ўзроўнем даходаў 15,7%. Ня могуць сабе дазволіць новую цёплую вопратку на зіму хоць раз на 5 год 6,9% беларусаў, а мяса ці рыбу хоць раз на тыдзень — 1,5%. 3,6% беларусаў кажуць, што ня могуць сабе дазволіць жыцьцёва важныя лекі або мэдычнае абсталяваньне.

Багатыя ў 4,2 разы багацейшыя за бедных

У Беларусі паціху расьце разрыў між багатымі і беднымі паводле тых наяўных рэсурсаў. Калі ў 2010 годзе 20% найбольш забясьпечаных хатніх гаспадарак мелі тых рэсурсаў у 3,9 разы больш за 20% найменш забясьпечаных, то ў 2016-м ужо ў 4,2 разы больш. На 2015 год гэты паказьнік быў блізкім у Аўстрыі (4,0), Бэльгіі і Швэцыі (3,8) і Даніі (4,1), крыху большым у Польшчы (4,9), адчувальна большым у краінах Балтыі — Літве (7,5), Латвіі (6,5) і Эстоніі (6,2).

Менш за пражытковы мінімум маюць 5,7% насельніцтва

Доля насельніцтва, што мае на месяц менш за бюджэт пражытачнага мінімуму (197 рублёў 57 капеек на момант публікацыі), расьце ад 2014 году — тады такіх было 4,8%, у 2015-м — 5,1%, у 2016-м — 5,7%. Таксама расьце доля тых, хто мае рэсурсаў крыху больш за БПМ. Так, у 2014 годзе 100,1–120% ад БПМ мелі 3,3%, у 2016-м — 6,2%. Зьмяншаецца ж доля тых, хто мае 220% і болей ад БПМ.

Курыць 23,2% беларусаў

Доля беларусаў, якія кураць тытунь, паступова зьмяншаецца ад 26,7% у 2011 годзе да 23,2% на пачатак 2017-га. Пры гэтым кураць 43,9% мужчынаў і 8,8% жанчынаў. Самая «дымная» вобласьць — Магілёўская з 26,4% курыльшчыкаў, а найменей курыльшчыкаў у Берасьцейскай вобласьці — 20,2%. Амаль дзьве траціны курыльшчыкаў кажуць, што паляць, бо гэта ўвайшло ў звычку, а 14,1% мяркуюць, што ня маюць дастаткова волі, каб кінуць. Але 63,4% хочуць кінуць курыць, а чвэрць тых, хто кінуў курыць, быў вымушаны зрабіць гэта праз стан здароўя.​

Зусім ня п’е алькаголю 23,5%, а хто п’е, думае, што мала

Ад алькаголю адмовіліся 22,3% гарадзкіх жыхароў і 27,7% сельскіх. 31,1% беларусаў, старэйшых за 16 год, ужываюць піва, 47,5% — іншыя слабыя алькагольныя напоі, 44,5% — моцныя напоі. Жанчыны часьцей адмаўляюцца ад алькаголю — ня п’юць 28,4% жанчын і 17,5% мужчын. 92,7% з тых, хто п’е, кажа, што п’е рэдка. Як беларусы тлумачаць, што Беларусь у сусьветных лідэрах па спажываньні алькаголю, невядома: толькі 0,3% прызнаецца, што п’е штодзень.

Спортам займаецца кожны чацьвёрты, пачынаюць займацца крыху больш

На 2011 год спортам займаліся ў той ці іншай форме 23,7% беларусаў, а ў 2016-м — 27,2%. У Менску спортам або фізкультурай займаюцца аж 41,1%. Два-тры разы на тыдзень спортам займаюцца 42,8%, чатыры-шэсьць раз на тыдзень — 8,8%, штодзень — 15,1%, раз на тыдзень — 5,2%. З тых, хто не займаецца спортам, 35,7% кажуць, што ня маюць часу, а 27,2% прызнаюць, што ня маюць жаданьня, а 12,9% спасылаюцца на ляноту. Яшчэ 12% кажуць, што ня могуць займацца ніякімі спортам і фізкультурай па стане здароўя.

Школаў усё меней, вучняў усё болей, а студэнтаў — мінус чвэрць

Апошнія пяць год у Беларусі зьмяншаецца колькасьць установаў сярэдняй адукацыі: у 2012 годзе іх было 3579, у 2016-м — 3155. Але школы «ушчыльняюцца»: у 2012-м у іх вучыліся 928 тысяч, у 2016-м — 982 тысячы вучняў. Колькасьць сярэднеспэцыяльных установаў амаль не зьмянілася (было 225, стала 230), але вучняў у іх стала меней: 117,8 тысячы ў 2016-м супраць 152,2 тысячы ў 2012-м. Зьмяншаецца і колькасьць студэнтаў ВНУ: 428,4 тысячы студэнтаў было ў 2012-м, 313,2 тысячы стала ў 2016-м. З 55 ВНУ, што былі ў 2010 годзе, закрыліся 4.

На чвэрць меней ложкаў у лякарнях, затое на чвэрць больш лекараў

У беларускіх лякарнях колькасьць ложкаў зьменшылася з 114,6 на 10 тысяч чалавек у 2010 годзе да 84,5 у 2016-м, але за той жа час колькасьць лекараў вырасла з 35,1 да 43,7 на 10 тысяч чалавек, а колькасьць мэдычных працаўнікоў — з 128,5 да 132,4.

Украінцы атрымліваюць меней заробку, але лепей ядуць

Намінальны сярэдні заробак у Беларусі за 2016 год склаў 361,4 даляра. Гэта ў 10 раз меней, чым у Аўстрыі або Фінляндыі, на 187,2 даляра меней за Расею і на 54,6 даляра меней за Казахстан, на 29,6 — за Армэнію. Але беларускі заробак на 110,2 даляра большы за малдоўскі, на 158,6 — за ўкраінскі і на цэлых 239 даляраў — за сярэдні заробак у Таджыкістане. Амаль столькі ж, колькі ў Беларусі, атрымліваюць у Грузіі — 396,8 даляра. Беларусы пры гэтым спажывалі на дзень ежы на 2642 ккал у 2015 годзе — амаль столькі ж, колькі расейцы з 2583 ккал, але адчувальна меней за ўкраінцаў з 3030 ккал.

Траціна беларусаў ня зможа прачытаць гэты тэкст на сайце

На 2015 год 67,3% беларусаў названыя інтэрнэт-карыстальнікамі. Гэта значна больш, чым ва Ўкраіне (48,9%), амаль як у Польшчы (68%), але меней за Расею (70,1%), Літву (71,4%), Латвію (79,2%) і Эстонію (88,4%).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG