Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 5 год Беларусь страціла 300 тысяч працоўных


Менскі тракарны завод, ілюстрацыйнае фота
Менскі тракарны завод, ілюстрацыйнае фота

Паводле сьвежага дасьледаваньня Белстату «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцьця насельніцтва», колькасьць людзей, занятых у эканоміцы, зьніжалася ў Беларусі пяць год запар.

Калі ў 2010 годзе ў эканоміцы былі занятыя 4 мільёны 703 тысячы чалавек, то ў 2016-м — 4 млн 405 тысяч 700, або на 297,3 тысячы чалавек меней.

За першую палову 2017 году арганізацыі Беларусі звольнілі на 37 205 працаўнікоў больш, чым прынялі на працу, а за цэлы мінулы 2016 год аналягічная розьніца склала каля 108 100 працаўнікоў.

Пры гэтым колькасьць насельніцтва вырасла на 23 500 чалавек — да 9 млн 504 тысяч 700. Гэты рост — за кошт міграцыі. Адбываецца натуральная страта насельніцтва (нараджаецца меней, чым памірае), але яе тэмпы спадаюць: ад 29,1 тысячы чалавек у 2010 годзе да 1,6 тысячы ў 2016-м.

Справа ня толькі ў росьце беспрацоўя, «дырэктыўная» барацьба зь якім была праваленая. У Беларусі пастаянна расьце сярэдні ўзрост (39,6 год у 2011 годзе і 40,2 у 2017-м) і чаканая працягласьць жыцьця (70,4 года ў 2010-м і 74,1 у 2016-м), становіцца ўсё больш людзей, маладзейшых і старэйшых за працоўны ўзрост.

Калі на пачатак 2011 году на 1000 чалавек прыпадалі 373 чалавекі, старэйшыя за працоўны ўзрост, і 261 — маладзейшы, то на пачатак 2017-га — адпаведна 443 і 307. Інакш кажучы, колькасьць людзей у працоўным узросьце зьнізілася з 366 да 250 на 1000 чалавек. Падобна, што тэндэнцыя росту «дэмаграфічнай нагрузкі» трывалая, прыкметаў яго спыненьня няма.

Афіцыйных беспрацоўных у Беларусі каля 40 тысяч (лічба нязначна мяняецца ад месяца да месяца), або меней за 1% эканамічна актыўнага насельніцтва. Фактычнае беспрацоўе значна большае: за 2016 год беспрацоўнымі сябе назвалі 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, а гэта каля 260 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG