Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беспрацоўе перамагло Лукашэнку. У трох лічбах


Аляксандар Лукашэнка загадаў 9 сакавіка ліквідаваць беспрацоўе ў Беларусі: «Да 1 траўня ўсе павінны быць працаўладкаваныя. І запомніце, у якое б месца і раён я ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І ня дай Бог пасьля 1 траўня такія людзі будуць».

Ды, мяркуючы па афіцыйнай дзяржаўнай статыстыцы, працаўладкаваць усіх не атрымалася. Ці атрымалася выканаць загад Лукашэнкі пра працаўладкаваньне жонак, мужоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў дзяржаўных службоўцаў, не паведамляецца.

Белстат прыводзіць наступныя лічбы:

— На канец красавіка ў Беларусі было 39,8 тысячы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Фактычнае беспрацоўе значна большае: за 2016 год беспрацоўнымі сябе назвалі 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, а гэта каля 260 тысяч чалавек. Больш сьвежых зьвестак аб фактычным беспрацоўі няма, ды й у 2016 годзе яны публікаваліся толькі чацьвёрты раз з 1991 году.

— За сакавік і красавік разам узятыя было звольнена на 12 570 чалавек больш, чым было прынята на працу. Звальняюць больш, чым прымаюць, ужо даўно і амаль безь перапынку. За 2016 год звольнілі на 108,1 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу. У красавіку найбольш гэтым вызначылася прамысловасьць, а найбольш набіралі дадатковых супрацоўнікаў у галіне ІТ і сувязі.

— Толькі 22% вакансіяў прапануюць заробак, большы за 580 рублёў (каля 310 даляраў) на адным з найбуйнейшых парталаў пошуку працы ў Беларусі. Пры гэтым больш як 28% вакансіяў прапануюць заробкі, меншыя за мінімальны спажывецкі бюджэт для працаздольнага чалавека (396,75 рубля на момант публікацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG