Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у Doing Business: «Нават першае месца ў рэйтынгу ня створыць чаргі з інвэстараў»


У рэйтынгу Doing Business («Вядзеньне бізнэсу»), які характарызуе ўмовы для дзелавой актыўнасьці, Беларусь апусьцілася з 37-га на 38-е месца сярод 190 краінаў.

Паводле дасьледчыкаў, пагаршэньне пазыцыі Беларусі ў рэйтынгу абумоўленае тым, што іншыя краіны больш актыўна праводзілі рэформы, каб палепшыць умовы для вядзеньня бізнэсу. У прыватнасьці, сёлета Беларусі залічана толькі адна рэформа, якая тычыцца індыкатару «атрыманьне крэдытаў».

Сярод лідэраў ужо некалькі гадоў запар — Новая Зэляндыя, Сынгапур, Данія. Найгоршыя ўмовы для заняткаў прадпрымальніцтвам у Вэнэсуэле, Эрытрэі, Самалі.

Па выніках леташняга дасьледаваньня Беларусь была на 37-м месцы. Перад гэтым была ў пятым дзясятку, а яшчэ раней — у шостым. Задача, якую ставіць беларускі ўрад, — трапіць у першую трыццатку.

Прывабнасьць у вачах інвэстараў, а не складальнікаў рэйтынгу

Doing Business — глябальнае дасьледаваньне спрыяльнасьці ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў той ці іншай краіне. Адна з асноўных перадумоваў палягае ў тым, што для гаспадарчай дзейнасьці патрабуюцца правілы, якія могуць выкарыстоўвацца ўсімі эканамічнымі суб’ектамі.

Аўтары адзначаюць, што ў сыстэмах з празрыстымі і эфэктыўнымі нормамі доступ да дзелавых магчымасьцяў у меншай ступені абумоўлены асабістымі сувязямі ці адмысловымі прывілеямі, а большая частка эканамічнай дзейнасьці ажыцьцяўляецца ў фармальным сэктары эканомікі, дзе яна можа карыстацца належным рэгуляваньнем і падаткаабкладаньнем.

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб пракамэнтаваў Свабодзе, што азначае месца Беларусі ў аўтарытэтным дасьледаваньні Ўсясьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«З рэйтынгам Doing Business ёсьць пэўныя асаблівасьці. Па-першае, дастаткова даўно на высокім урадавым узроўні была пастаўлена мэта палепшыць пазыцыі Беларусі. Па-другое, сам рэйтынг складаецца зь некалькіх дастаткова фармальных пазыцый. У прыватнасьці, лёгкасьці адкрыцьця бізнэсу, доступ да рэсурсаў і г.д.

Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што ўлады заняліся, вобразна кажучы, своеасаблівым чытарствам (падменай паняцьцяў). То бок займаюцца не ўвогуле пытаньнямі паляпшэньня эканамічнай сытуацыі, інвэстыцыйнага клімату, а канкрэтна і мэтанакіравана працуюць над паляпшэньнем канкрэтных вузкіх пытаньняў, якія ўплываюць на пазыцыю краіны ў рэйтынгу. Пры гэтым на агульную эканамічную карціну гэта не ўплывае і чаргі інвэстараў не відаць. Пажадана працаваць над прывабнасьцю ў вачах патэнцыйных інвэстараў, а не над прывабнасьцю ў вачах складальнікаў рэйтынгу».

У канцы кастрычніка падчас цырымоніі адкрыцьця беларуска-эўрапейскага інвэстыцыйнага форуму «Belarus. Invest in tomorrow» у Люксэмбургу прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што ў Беларусі «лёгка весьці бізнэс». І спаслаўся на рэйтынг Усясьветнага банку.

Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

«Беларусь вылучае лёгкасьць вядзеньня бізнэсу, — запэўніваў кіраўнік беларускага ўраду. — З колішняга 115-га месца ў рэйтынгу мы выйшлі на 37-е (цяпер 38-е. — РС). Усе гэтыя гады Беларусь — у ліку найбольш актыўных рэфарматараў. Няма ніводнай пазыцыі, дзе б мы не прасунуліся. Наша стратэгія амбітная: увайсьці ў трыццатку краінаў-лідэраў са спрыяльным інвэстыцыйным кліматам».

Рэйтынг улічвае шэраг парамэтраў, і ў Беларусі даволі нераўнаважныя ацэнкі ў самых розных аспэктах.

Што зьменіцца, калі Беларусь трапіць у запаветную трыццатку?

Рэйтынг складаецца на падставе 10 індыкатараў, якія ўлічваюць час і кошт выкананьня прадпрымальнікам патрабаваньняў дзяржавы ў рэгістрацыі новага прадпрыемства, яго дзейнасьці, вядзеньні гандлёвых апэрацый, выкананьня кантрактаў, падаткаабкладаньня і г.д.

Пры гэтым ня ўлічваюцца такія пераменныя, як макраэканамічная палітыка, якасьць інфраструктуры, кваліфікацыя працоўнай сілы, ваганьні валютных курсаў, меркаваньні інвэстараў, бясьпека і ўзровень карупцыі.

Што зьменіцца, калі Беларусь рэалізуе мэту і трапіць у запаветную трыццатку? Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб трымаецца такой пазыцыі:

Для інвэстараў у першую чаргу важныя пытаньні безумоўнай абароны прыватнай уласнасьці. А дзеля гэтага адна зь неабходных умоваў — наяўнасьць незалежнага суду.

«Тэарэтычна лічыцца, што пазыцыя ў рэйтынгу можа быць адным з фактараў інвэстыцыйнай прывабнасьці. Я ўсё ж думаю, што для інвэстараў у першую чаргу важныя пытаньні безумоўнай абароны прыватнай уласнасьці. А дзеля гэтага адна зь неабходных умоваў — наяўнасьць незалежнага суду, які будзе заставацца бесстароньнім падчас разгляду маёмасных спрэчак прадпрымальнікаў зь дзяржавай. На жаль, да нейкіх зрухаў у гэтым пытаньні нам вельмі далёка. Таму нават першае месца ў рэйтынгу Doing Business, мяркую, ня створыць чаргі з інвэстараў, якія расьпіхваюць адзін аднаго локцямі».

Згодна з нормамі дасьледаваньня, умовы арганізацыі бізнэсу разглядаюцца без уліку палітычных аспэктаў, выключна на ўзроўні дзяржаўнага рэгуляваньня. У выніковым рэйтынгу ўсе краіны ерархізуюцца паводле ўзроўню спрыяльных умоваў вядзеньня бізнэсу, дзе высокая пазыцыя азначае, што яе рэгулятарны клімат спрыяе дзелавой актыўнасьці.

Адкрыць бізнэс прасьцей, чым яго закрыць ці страціць

Паводле парамэтру «адкрыцьцё бізнэсу» Беларусь сапраўды замацавалася на высокіх пазыцыях — пачаць справу можна за некалькі дзён. Нескладана атрымаць дазвол на будаўніцтва і зарэгістраваць маёмасьць.

А вось з выплатай падаткаў ня так добра — толькі пад канец першай сотні, на адлічэньні і зборы ідзе амаль 55% прыбытку. На працу з падаткамі трэба 176 гадзінаў на год. Для параўнаньня, у Нямеччыне трэба аддаць 21,3% прыбытку, а ў Бахрэйне — толькі 13,5%.

Сёлета ў Беларусі палепшылася стуацыя з атрыманьнем крэдыту. Гэта адзіны паказчык рэйтынгу Doing Business, па якім Беларусь сёлета палепшыла свае пазыцыі. Экспэрты пры гэтым зазначаюць, што пазыку лёгка атрымаць і ў Руандзе, якую наўрад ці можна назваць багатай, але ня так проста ў Швэцыі, Партугаліі ці Італіі, якія лічацца фінансава пасьпяховымі.

Таксама ў Беларусі горшыя за агульную пазыцыю месцы ў рэйтынгах абароны мінарытарных інвэстараў і закрыцьці прадпрыемства.

Doing Business не ўключае парамэтар карупцыі, паводле якога Беларусь у восьмым дзясятку і, нягледзячы на гучныя крымінальныя справы, колькасьць карупцыйных скандалаў не зьмяншаецца. У Беларусі лёгка трапіць за краты за эканамічныя злачынствы, у тым ліку замежнаму інвэстару, у зьвязку з гэтым жартам ці ўсур’ёз беларуская дзелавая супольнасьць нават прапаноўвала ўвесьці «страхоўку ад турмы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG