Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіча заменяць Турчыным, а Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва дададуць паўнамоцтваў. Калі згодзіцца Лукашэнка


Пётар Пракаповіч, архіўнае фота

Склад Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва прапанавана абнавіць напалову; дадаць да яе кампэтэнцыі разгляд і ўзгадненьне прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, якія тычацца прадпрымальніцтва; даць Радзе магчымасьць уносіць у Мінэканомікі і Саўмін прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства.

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі сказаў 19 верасьня, што на пасаду старшыні Рады прапанаваны цяперашні кіраўнік апарату Савету міністраў Аляксандар Турчын, перадае БЕЛТА. Цяпер Раду ўзначальвае былы старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч.

Карагін: «Гаворка ідзе пра зьмену статусу Рады, пра наданьне ёй большых паўнамоцтваў»

Як тлумачыць Свабодзе старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, склад Рады і яе старшыні мяняюцца пастаянна, але цяпер зьмены шырэйшыя, чым толькі склад.

«Пра зьмену складу Рады кажуць ужо даўно, ужо больш за тры гады, дый Пётар Пятровіч [Пракаповіч] ужо даўно стаміўся. Заўтра будзе паседжаньне Рады. Ёсьць розныя праекты з рознымі складамі, але вырашае гэта асабіста Лукашэнка. Яму рэкамэндуюць, вядома, дзейных прадпрымальнікаў, у апошнім складзе былі прадстаўнікі некалькіх бізнэс-асацыяцый — і яны ніколі не прысутнічалі ў якасьці «мэблі», фактычна былі самымі актыўнымі ў Радзе, напрацоўвалі праекты дакумэнтаў.

Уладзімір Карагін, архіўнае фота
Уладзімір Карагін, архіўнае фота

Гаворка ідзе пра зьмену статусу Рады, пра наданьне ёй большых паўнамоцтваў. Гэта будзе ў пакеце дакумэнтаў па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Плянуецца пашырыць дзейнасьць пляцовак дыялёгу бізнэсу з уладамі: будуць ня толькі рэспубліканская Рада і рады пры аблвыканкамах, а ў кожным раёне мае зьявіцца такая рада.

Мы даўно гэтага патрабуем, бо вецер калыша кроны дрэваў, а ўнізе ціша: улады не сустракаюцца з прадпрымальнікамі, рашэньні па разьвіцьці гандлю і паслугаў прымаюцца безь мясцовых прадпрымальнікаў. Гэтаму трэба пакласьці канец. Ня менш за палову ў гэтых радах павінны складаць дзейныя прадпрымальнікі канкрэтнага раёну.

«Наўрад ці гэта ўся праца, якая патрэбная — трэба зрабіць значна болей»

Карагін усьцешана кажа пра будучыя зьмены і спрашчэньне прадпрымальніцкай дзейнасьці, але адзначае, што хоць зьменаў чакаецца шмат, зрабіць трэба значна больш:

«Неабходны справядлівы і адкрыты суд, бо ў нас у Беларусі нават судовыя рашэньні не публікуюцца, у адрозьненьне ад іншых краінаў. Суды не заўжды кампэтэнтна разьбіраюцца ў справах прадпрымальнікаў, цяжка дабіцца справядлівага рашэньня. Неабходна дэкрыміналізаваць гаспадарчую дзейнасьць, зьнізіць рызыкі вядзеньня бізнэсу, іначай ня прыйдзе інвэстар.

За гэтым пакетам дакумэнтаў пойдзе пакет дакумэнтаў пра разьвіцьцё высокіх тэхналёгій, вядомы як „ПВТ 2.0“. Ён пра Парк высокіх тэхналёгій, разьвіцьцё паслугаў па інфарматызацыі, а самае галоўнае — па амністыі капіталу ў сфэры IT. Сёньня створана вельмі шмат кампаній за межамі Беларусі, кампаній зь вельмі вялікімі абаротамі. Але грошы ня могуць зайсьці ў краіну, бо не прызнаюцца законнымі, бо праходзілі праз афшоры. Прадпрымальнікі маглі бы вярнуць гэтыя грошы ў Беларусь, запусьціць у эканоміку. Такія амністыі пэрыядычна праводзяцца ў шмат якіх краінах. Апошні прыклад — Нямеччына, дзе такая амністыя прынесла 2 млрд эўра, што вярнуліся ў краіну.

Ёсьць шмат інвэстараў, якія і хацелі б прыйсьці ў Беларусь, ды баяцца
Уладзімер Карагін

Усё гэта трэба прывесьці да таго, каб разьняволіць прадпрымальнікаў, зьняць страхі, рызыкі, палепшыць наш інвэстыцыйны клімат. Ёсьць шмат інвэстараў, якія і хацелі б прыйсьці ў Беларусь, ды баяцца, бо стаўленьне да ўласных прадпрымальнікаў у Беларусі благое: няма гарантыяў, скрозь канфіскацыі, часам і пасадкі буйных прадпрымальнікаў.

Бліжэйшым часам малы бізнэс можа даць Беларусі не 30% ВУП, а 50%. Гэта цалкам магчыма і рэальна пры зьмене ўмоваў вядзеньня бізнэсу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG