Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфраструктуры няма, а 5 тысяч «айчынных» электрамабіляў абяцаюць


Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка у першым беларускім электрамабілі
Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка у першым беларускім электрамабілі

Вытворчасьць беларускіх электрамабіляў можа быць наладжаная на новым заводзе «БелДжы» ў 2019 годзе. Пра гэта падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БелТА заявіў міністар прамысловасьці Віталь Воўк.

«Ужо ўзгоднена, што з 2019 году мы зможам на нашым заводзе зьбіраць да 5 тысяч адзінак электрамабіляў. Але патрэбная будзе лякалізацыя. Напрацоўкі, якія маюць нашыя прадпрыемствы, мы мусім паказаць „Джылі“, атрымаць пацьверджаньне, што іх можна ставіць на іхны аўтамабіль», — адзначыў чыноўнік.

Ён падкрэсьліў, што ўвесь сьвет рухаецца ў кірунку разьвіцьця электрапрывадаў. Але галоўная пры гэтым задача — стварыць крыніцу сілкаваньня. Гэта могуць быць акумулятары, назапашвальнікі энэргіі і г.д. У гэтым ведамства разьлічвае на акадэмічныя інстытуты.

Таксама міністар разумее, што ня менш важна мець разьвітую інфраструктуру для кліентаў, якія купілі электрамабіль.

«Пакуль ёсьць пэўныя праблемы з тым, каб усталяваць запраўкі. Ужо ёсьць і прыватныя, і дзяржаўныя вытворцы, якія зрабілі канструкцыю заправак. А вось як яе разьмясьціць, як узгадніць праект, як плаціць? Гэта ж не бясплатная энэргія, тарыф трэба вызначыць», — сказаў ён, дадаўшы, што ня вырашана пытаньне і з утылізацыяй батарэяў.

У апошнюю дэкаду жніўня намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Сямашка і кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка выступілі папулярызатарамі электрамабіляў у Беларусі.

Спачатку Сямашка выпрабаваў пілётную мадэль Абʼяднанага інстытуту машынабудаваньня НАН Беларусі на базе кітайскай Geely SC7 барысаўскай зборкі. Праз тыдзень быў арганізаваны test-drive апошняй мадэлі амэрыканскай кампаніі Tesla для Лукашэнкі.

У выніку вырашана цягам трох гадоў паставіць на канвэер вытворчасьць айчынных электракараў, прататыпам якіх выступіць беларуска-кітайская «Джылі».

Згодна з праграмай разьвіцьця ладавальнай інфраструктуры і электрамабільнага транспарту ў Рэспубліцы Беларусь, да 2025 году ў краіне павінна зьявіцца больш за 250 ладавальных станцыяў. Аптымістычны сцэнар прадугледжвае, што на той момант беларускімі дарогамі будзе перасоўвацца блізу 30 тысяч электракараў.

Экспэрты рынку электрамабіляў сумняюцца, што пры браку інфраструктуры такія намеры ўдасца рэалізаваць загадным чынам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG