Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tesla як праводная зорка для Geely: Лукашэнка зацікавіўся «электрацягай»


Tesla на дарогах Менску
Tesla на дарогах Менску

Сёньня Аляксандар Лукашэнка тэставаў апошнюю мадэль электрамабіля Tesla, даручыўшы беларускім навукоўцам імкнуцца да ўзроўню амэрыканскага «супэраўтамабіля». Экспэрт па электракарах Вадзім Шут разьлічвае, што прэзыдэнцкі тэст-драйв станоўча адаб’ецца на разьвіцьці галіны.

Праехаўшы на апошняй мадэлі Tesla зь дзяржаўным сьцягам і гербам на месцы нумарнога знаку, Лукашэнка загадаў распрацоўнікам «першага айчыннага аўтамабіля» ўзяць амэрыканскі аналяг у якасьці ўзору, да якога неабходна наблізіцца.

Ён сказаў, што падрабязна азнаёміўся зь нядаўна прэзэнтаваным сыгнальным экзэмплярам беларускага электракара на базе кітайскай Geely. Яго запэўнілі, што ўсе кампанэнты электрапрываду — беларускай вытворчасьці, выключэньнем толькі назапашвальнік энэргіі (батарэя). Але паабяцалі, што мясцовы аналяг — справа агляднай будучыні.

«Ня ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае вонкава прыстойна, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Вашы абяцаньні мяне натхняюць. Зь іншага боку, насьцярожваюць. Калі мы можам стварыць найлепшую ў сьвеце батарэю — назапашвальнік электраэнэргіі — чаму не ствараем? Што для гэтага трэба? Людзі, грошы, кампэтэнцыі? Неадкладна трэба гэта рэалізоўваць. Я вам паказаў аўтамабіль — вывучыце, глядзіце. Гэта лепшае, што ёсьць».

Ці пачне разьвівацца інфраструктура для эксплюатацыі электракараў?

Вадзім Шут, кіраўнік менскай фірмы VaDi Avto, якая ажыцьцяўляе рамонт, тэхнічнае абслугоўваньне і продаж электрамабіляў замежных вытворцаў, лічыць, што тэст-драйв амэрыканскага электракара Tesla Аляксандрам Лукашэнкам станоўча адаб’ецца на разьвіцьці галіны.


Прадпрымальнік сам некалькі апошніх гадоў езьдзіць на Tesla. Ён перакананы прыхільнік машын на электрычнай цязе.

«Тое, што Лукашэнка сеў за руль Tesla і асабіста адчуў усе выгоды электрамабіля, толькі ўхваляю. Прынамсі ёсьць спадзяваньне, што нарэшце пачне разьвівацца інфраструктура, неабходная для эксплюатацыі электракараў. На жаль, на гэты момант нічога падобнага практычна не існуе», — сказаў Вадзім Шут у камэнтары для Свабоды.

Практык у кіраваньні Tesla ды іншымі электрамабілямі, Вадзім Шут таксама лічыць, што навукоўцам перадусім трэба засяродзіцца на распрацоўцы батарэі: хто здолее першым заявіць пра стварэньне супэркандэнсатара, у таго будуць галоўныя козыры ў галіне электрамашынабудаваньня.

Вадзім Шут у салёне Tesla
Вадзім Шут у салёне Tesla

Беларусам пакуль далёка да Tesla

Пакуль жа беларускі аналяг нічым выбітным пахваліцца ня здольны — на шасьцігадзіннай зарадцы Geely можа праехаць усяго 100 кілямэтраў. Для параўнаньня, апошняя мадэль Tesla за паўтары гадзіны сілкаваньня ад «хуткай» зарадкі можа праехаць 650 кілямэтраў. Такім чынам, задача-максымум беларускіх распрацоўнікаў відавочная — вынайсьці батарэю зь яшчэ большай ёмістасьцю.

Тыдзень таму электрыфікаваную Geely пратэсьціў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Ягоныя словы — маўляў, ніякай розьніцы, што на Audi A8 едзеш, што на «нашым электрааўтамабілі» — сталі прадметам шматлікіх кпінаў. Чыноўніка западозрылі як мінімум у тым, што ў люксавых аўто ён перасоўваецца ня так ужо і часта.

Сямашка тэстуе першы беларускі электракар
Сямашка тэстуе першы беларускі электракар

Сёньняшнія ўражаньні Лукашэнкі былі крыху бліжэйшыя да рэальнасьці.

«Хуткасьць набірае так, што ўсе іншыя тэставаныя аўтамабілі на рухавіках унутранага згараньня засталіся імгненна ззаду, дагнаць так і не змаглі. Стартуе ён, як касьмічны карабель, і яшчэ больш магутны. За дзьве з паловай сэкунды — 100 кілямэтраў на гадзіну. Але мяне найперш цікавіла, як ён трымае дарогу — ідэальна», — сказаў Лукашэнка.

Geely са сваімі 80 конскімі сіламі таксама здольная разагнацца да 100 кілямэтраў на гадзіну. Але гэта максымум. За які час — нават не ўдакладняецца.

Марыць пра ўсясьветную экспансію Geely не выпадае

На перакананьне Вадзіма Шута, з вырабам легкавога электрамабіля Беларусь спазьнілася ў любым разе, таму марыць пра ўсясьветную экспансію Geely не выпадае:

«Ведаеце такі жарт? Ёсьць сотавы тэлефон, а ёсьць iPhone. Гэтак жа і электрамабілі: ёсьць Tesla, а ёсьць усе астатнія. Tesla настолькі сур’ёзна адыграла шэраг пазыцый у параўнаньні з астатнімі вытворцамі, што дагнаць яе будзе надзвычай складана. Нават калі „Мэрсэдэс“ зараз кіне ў гэта ўсе сілы, наўрад ці што атрымаецца. Tesla выпусьціла свайго „першынца“ ў 2008-м, адпаведна, фору ў 9 гадоў нам ніяк не нагнаць. Іншая справа, каб адпачатку экспэрымэнтавалі на базе ня Geely, а Tesla — усё ж прасьцей купіць гатовыя тэхналёгіі, стварыць вытворчасьць і рабіць».

Паводле падлікаў Вадзіма Шута, у Беларусі больш за 100 электрамабіляў, зь іх два дзясяткі — Tesla. Тэндэнцыі да росту аўтапарку замінае адсутнасьць адпаведнай інфраструктуры. І пакуль не пачнуцца рэальныя зрухі, перадумоваў для запатрабаванасьці электракараў ня будзе.

Як вынік, наўрад ці знойдзецца вялікая колькасьць патрыётаў «айчыннага электрамабіля». Агучана, што базавая мадэль Geely SC7, узятая за прататып, будзе ўдвая даражэйшая за бэнзінавы аналяг. Гэта значыць, ад 20 тысяч даляраў і больш. Меней, чым Tesla, але больш за прадукцыю шэрагу іншых вытворцаў.

Электрамабільны тэст-драйв Свабоды — бліжэйшымі днямі на нашым сайце і ў відэасправаздачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG