Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ парэкамэндаваў Беларусі не падвышаць заробкі дырэктыўна да «па пяцьсот»


©Shutterstock
©Shutterstock

Міжнародны валютны фонд рэкамэндуе беларускім уладам адмовіцца ад штомесячнага мэтавага паказьніка заробкаў у заяве місіі МВФ па выніках працы ў Менску, перадае БелаПАН.

У МВФ прыйшлі да высновы, што прадпрыемствам варта даць магчымасьць карэктаваць заробкі ня «плянава», а ў залежнасьці ад прадукцыйнасьці працы.

«Дасягненьне бягучай мэты ў заробках прывядзе да значнага павелічэньня выдаткаў на аплату працы, якія аслаблены карпаратыўны сэктар ня ў стане несьці, — гаворыцца ў заяве місіі МВФ. — Падатак на сацыяльнае ўтрыманства варта адмяніць».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам — па 1000 рублёў да канца 2017 году, а цягам 2018-га — да 1500 рублёў). Пакуль такіх заробкаў атрымалася дасягнуць для чыноўнікаў. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі нядаўна тлумачыў, што выканаць апошняе распараджэньне Лукашэнкі пра «па пяцьсот» да канца 2017 году атрымаецца не для ўсіх.

Таксама МВФ рэкамэндуе скарэктаваць тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва, зьнізіць выдаткі на «камуналку» і дасягнуць поўнай кампэнсацыі выдаткаў на ЖКГ цягам двух гадоў. Улады плянуюць поўную кампэнсацыю ў 2025 годзе, а 85% — да канца 2018 году (з пачатку 2018 году 100% за ўсё акрамя ацяпленьня). Акрамя таго, МВФ рэкамэндуе мадэрнізаваць сыстэму сацыяльнай падтрымкі, у тым ліку сыстэму падтрымкі беспрацоўных.

«Неабходна захоўваць цяперашні рэжым абменнага курсу»

Міжнародны валютны фонд рэкамэндуе ўладам Беларусі захаваць цяперашні рэжым абменнага курсу рубля.

«Неабходна захоўваць цяперашні рэжым абменнага курсу, які служыць важным амартызатарам, і забясьпечваць гнуткасьць самога абменнага курсу. У гэтым кірунку афіцыйным органам варта па-ранейшаму абмяжоўвацца валютнымі інтэрвэнцыямі, накіраванымі на прадухіленьне неарганізаванасьці рынкавых умоваў, адначасова шукаючы магчымасьці надалей лібэралізаваць валютны рынак і аднаўляць рэзэрвы», — цытуе БелаПАН МВФ.

Паводле МВФ, грашова-крэдытная палітыка, якая праводзіцца ўладамі Беларусі, спрыяла скарачэньню інфляцыі.

Да 1 мільярда рублёў — на праграмы сацыяльнай абароны

МВФ таксама рэкамэндуе ўладам Беларусі накіроўваць зь бюджэту ад 500 млн да 1 млрд рублёў на праграмы сацыяльнай абароны найбольш уразьлівых групаў насельніцтва пры рэфармаваньні рэальнага сэктару.

Пра гэта сказаў кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман на брыфінгу ў Менску.

«Надзвычай важна, каб гэтае рэфармаваньне суправаджалася ўмацаваньнем сыстэмы сацыяльнай абароны, асабліва што да дапамогаў беспрацоўным, страхаваньня ад беспрацоўя, перападрыхтоўкі кадраў, каб у бюджэце прадугледжвалася фінансаваньне гэтых захадаў», — сказаў Долман.

«Эканамічны рост у Беларусі можа павялічыцца да 4% і больш»

МВФ таксама рэкамэндуе Беларусі праводзіць рэформы рэальнага сэктару хутчэй, каб павысіць устойлівасьць эканомікі да шокаў і палепшыць пэрспэктывы росту.

«Ураду варта рэалізоўваць паглыбленыя рэформы ў сэктары дзяржаўных прадпрыемстваў хутчэйшымі тэмпамі, а таксама стварыць умовы для разьвіцьця прыватнага сэктару, каб ён мог стаць рухальнай сілай эканамічнага росту», — сказаў Долман.

Паводле прадстаўніка МВФ, Беларусі неабходна працягваць палітыку макраэканамічнай стабільнасьці. Гэтаму спрыяе аднаўленьне эканамічнага росту ў Беларусі і вышэйшыя тэмпы росту ў астатніх краінах Эўропы.

«Пэрсанал МВФ лічыць, што пры правядзеньні больш надзейнай эканамічнай палітыкі і паскарэньні рэформаў эканамічны рост у Беларусі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве можа павялічыцца да 4% і больш», — цытуе Інтэрфакс Долмана.

МВФ занепакоены ростам замежнага і дзяржаўнага доўгу Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG