Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насуперак «лібэралізацыі». Чаму колькасьць прадпрымальнікаў у Беларусі скарачаецца?


Архіўнае фота. Прадпрымальнікі падчас акцыі пратэсту супраць указу №222 каля Дома ўраду ў Менску

За год колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарацілася на 7 тысяч.

Паводле Белстату, на 1 кастрычніка 2017 году ў Беларусі дзейнічала 140,8 тысячы юрыдычных асоб і 243,7 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасьць юрыдычных асоб параўнальна з 1 кастрычніка 2016 году зьнізілася на 1,2%, індывідуальных прадпрымальнікаў — на 2,8% (альбо на 7 тысяч).

Скарачэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў назіраецца па ўсіх абласьцях Беларусі. Найбольшыя паказчыкі ў Гарадзенскай (на 6,2%) і ў Віцебскай (на 5,8%) абласьцях.

Паводле Белстату, за дзевяць месяцаў гэтага году колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія спынілі сваю дзейнасьць, перавышае колькасьць зарэгістраваных больш як на дзьве з паловай тысячы.

Апошнім часам улады ўсё часьцей заяўляюць пра «лібэралізацыю» і паляпшэньне ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі. Але чаму пры гэтым скарачаецца колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў?

«Мы назіраем малы і буйны сабатаж нават таго, што прымаецца прэзыдэнтам»

Паводле незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука, пры добрых варунках працы колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, безумоўна, расла б.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Скарачэньне — наступства тэндэнцый, якія былі закладзеныя раней. Попыт зьмяншаецца, людзі бяднеюць, гіпэрмаркеты растуць. Таму прадпрымальнікі пад падатковым цяжарам ня могуць канкураваць, і іх колькасьць будзе зьмяншацца яшчэ больш», — кажа Раманчук.

У верасьні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які пашырыў пералік відаў эканамічнай дзейнасьці, якой грамадзяне могуць займацца без рэгістрацыі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Аднак, паводле Раманчука, каб гэта запрацавала, патрэбен час.

Цяперашняе скарачэньне — наступства ранейшай палітыкі ўладаў

«Таму цяперашняе скарачэньне — гэта наступства ранейшай палітыкі ўладаў. Сёньня мы ўступаем у так званыя структурныя рэформы, якія будуць прадугледжваць ліквідацыю ня толькі 7 тысячаў, а 27 тысячаў прадпрымальнікаў. То бок усё яшчэ наперадзе».

Аднак, паводле Раманчука, урад займаецца ня тым, што патрабуе і рэкамэндуе бізнэс. Асноўная маса прадстаўнікоў уладных структураў працуе ў старых варунках.

«Мы назіраем малы і буйны сабатаж нават таго, што прымаецца прэзыдэнтам у розных дэкрэтах. Райвыканкамы не зацікаўленыя ў стварэньні ўмоваў для працы. І няхай найлепшымі будуць дэкрэты, яны проста фармальна сабатуюцца, і гэта прыводзіць да скарачэньня колькасьці прадпрымальнікаў на месцах», — лічыць экспэрт.

«Мы чакаем вал закрыцьця ІП»

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка лічыць, што скарачэньне індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі працягнецца і надалей.

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Улады жывуць у сваім сьвеце і слухаюцца толькі сябе, і дзейнічаюць толькі па ім зразумелых правілах. Прычым думку прадпрымальнікаў, якую прадстаўляе „Пэрспэктыва“, яны ігнаруюць. У 2014 годзе мы казалі, што будзе скарачэньне індывідуальных прадпрымальнікаў з прычыны ўказу № 222. Мы давалі свае прапановы, але ніводная зь іх не прынятая», — кажа Шумчанка.

Паводле ягоных слоў, улады сёньня вырашаюць другасныя пытаньні, замест таго каб прыняць прапановы малога бізнэсу.

«Нас ня слухалі тры гады таму, калі мы казалі, што атрымаем істотнае скарачэньне ІП. Мы цяпер кажам, што калі нічога не зьмяніць, то праз тры гады ІП наагул можа ня быць. Нас зноў ня слухаюць», — заявіў старшыня «Пэрспэктывы».

Якія асноўныя прапановы прадпрымальнікаў застаюцца няўлічанымі?

Ідэальна было б, каб улады поўнасьцю адчапіліся ад індывідуальных прадпрымальнікаў

«Што да дробнага бізнэсу ў гандлі, трэба прыняць патэнтную сыстэму зь нізкімі падаткамі, трэба спыніць канфіскацыю тавараў, трэба вырашыць пытаньне з фондам сацыяльнай абароны і зьніжаць адміністрацыйную нагрузку на індывідуальных прадпрымальнікаў, максымальна спрасьціць іх працу. Наагул, ідэальна было б, каб улады поўнасьцю адчапіліся ад індывідуальных прадпрымальнікаў», — мяркуе Шумчанка.

Замест гэтага, па словах суразмоўцы, улады сёньня індывідуальных прадпрымальнікаў «прыраўнялі да заводу, гіпэрмаркета па справаздачнасьці і ўсім астатнім, назваўшы гэта роўнымі ўмовамі».

«І я думаю, што гэта толькі ягадкі, бо мы чакаем вал закрыцьця ІП, бо заяваў на закрыцьцё цяпер значна больш. І гэта будзе працягвацца, пакуль дзяржава не пачуе ўласны народ і ня пойдзе тым курсам, які дазволіць зрабіць наша жыцьцё камфортным і прыстойным», — кажа кіраўнік «Пэрспэктывы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG