Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ палепшыў прагноз для беларускай эканомікі: замест падзеньня невялікі рост


Міжнародны валютны фонд цяпер чакае ў Беларусі не падзеньня, а росту валавога ўнутранага прадукту ў 2017-м і 2018 гадах, вынікае з публікацыі ў часопісе МВФ World Economic Outlook.

Калі раней МВФ прагназаваў Беларусі падзеньне ВУП у 2017 годзе на 0,8% і ў 2018-м рост на 0,6%, то цяпер чакае рост ВУП на 0,7% і ў 2017-м, і ў 2018 годзе.

Інфляцыю ў Беларусі МВФ чакае ня большай за 8% за 2017 год і ня большай за 7,5% за 2018-ы. Раней МВФ прагназаваў на 2017 год інфляцыю 10%.

За студзеньжнівень бягучага году ВУП Беларусі падвысіўся на 1,6% да такога ж пэрыяду мінулага году, спажывецкія цэны ў жніўні да студзеня вырасьлі на 2,7%.

Урад Беларусі мае аптымістычны і кансэрватыўны сцэнары для эканомікі Беларусі ў 2018 годзе. Але нават кансэрватыўны — даволі аптымістычны ў параўнаньні з прагнозам МВФ. Паводле кансэрватыўнага сцэнару, чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%, паводле аптымістычнага — на 3,4%. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі Беларусі верыць у магчымасьць зьнізіць інфляцыю да 7%, а то і да 5%.

Місія МВФ 26 кастрычніка прыедзе ў Беларусь на два тыдні для кансультацыяў у макраэканамічнай палітыцы. Беларускія ўлады спадзяюцца прадоўжыць дыялёг з МВФ у тым ліку пра атрыманьне крэдыту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG