Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг МВФ і Беларусі будзе працягнуты. «У фармаце мая твая не разумець», — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Неназваны прадстаўнік Нацыянальнага банку Беларусі заявіў БелТА, што па выніках «міністэрскага дэсанту» Беларусі на пасяджэньне рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку ў Вашынгтоне, што праходзіла 19-21 красавіка, было адзначана, што «дыялёг Беларусі і МВФ будзе працягнуты».

Кіраўніцтва МВФ, паводле Нацбанку Беларусі, «адзначыла прагрэс у рэалізацыі ўрадам і Нацбанкам захадаў макраэканамічнай палітыкі», з МВФ абмеркавалі напрамкі і пэрспэктывы далейшай супрацы, у тым ліку прадастаўленьня «тэхнічнай дапамогі МВФ» беларускаму боку.

Але ў апошні дзень пасяджэньня, 21 красавіка, Аляксандар Лукашэнка фактычна адрынуў шэраг патрабаваньняў МВФ: ніякай прыватызацыі, ніякага банкруцтва нерэнтабэльных прадпрыемстваў, абавязкова рэгуляваньне цэнаў. Міністру гандлю Лукашэнка заявіў, што «ніякія рэфарматары і МВФ вам ня ўказ».

Што адбываецца між Беларусьсю і МВФ? Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што перамовы сапраўды будуць працягнутыя, але наўрад ці будуць выніковымі:

«Мая твая не разумець, вось што адбываецца. Беларусь ёсьць сябрам МВФ, Беларусь плоціць унёскі, таму дыялёг будзе. Пытаньне, ці будзе ён эфэктыўным і ці атрымае беларускі бок тое, што хоча.

А хоча ён 3,5 млрд даляраў крэдыту, а тут застаецца значнае пытаньне. Лібэралізацыя цэнаў ёсьць адным з фундамэнтаў таго, што трэба зрабіць у эканоміцы. Калі Беларусь думае пра мадэрнізацыю і рынкавыя рэформы, то без таго, каб пераканаць МВФ, што рэгуляваньне цэнаў трэба рабіць, шанцы атрымаць крэдыты мінімальныя.

Заданьне перамоўцам ад ураду і Нацбанку вельмі складанае. Але яны ў працэсе. Езьдзяць у Вашынгтон, ходзяць па крамах, могуць купляць розныя рэчы ў 2-3 разы таней, чым у Беларусі. А беларуская эканоміка ад гэтага працэсу, безумоўна, страчвае, бо пераканаць МВФ даць грошай у крэдыт, пераканаць інвэстараў інвэставаць у Беларусь практычна немагчыма.

Лукашэнка 22 гады на гэтым дохлым кані скача, але за гэтыя 22 гады Беларусь сталася адным з сусьветных лідэраў у інфляцыі. Ручное кіраваньне цэнаў ніколі, ні ў адной краіне не было эфэктыўным, не зьяўляецца эфэктыўным і ў нас. Гэта такі піяр, але піяр супраць саміх сябе.

Я разумею, чаму Лукашэнка стараецца размаўляць з народам і кажа, што ў нас цэны ніжэйшыя за сусьветныя. Але горкая шмат для каго ў Беларусі праўда ў тым, што сусьветныя цэны значна ніжэйшыя. Нас абараняюць не ад высокіх цэнаў, а ад нізкіх, на якіх беларуская сям’я магла б па паўтысячы даляраў за год эканоміць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG