Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ зноў наведае Беларусь у кастрычніку. Але не для таго, каб даць крэдыт


Пасьля таго, як Міжнародны валютны фонд аб’явіў аб прыпыненьні дыскусіі пра крэдыт з уладамі Беларусі, місія МВФ плянуе прыехаць у Беларусь з двухтыднёвым візытам толькі 28 кастрычніка, піша БелаПАН са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Мандат місіі мае заключацца толькі ў рэгулярным аглядзе макраэканамічнай сытуацыі, але гэта будзе не «паўнавартасная» перамоўная місія, у выніку візыту якой Беларусь можа атрымаць крэдыт. На думку беларускіх эканамістаў, верагоднасьць заключэньня крэдытнай праграмы з МВФ сёлета практычна нулявая. Тым больш Беларусь урэгулявала нафтагазавую спрэчку з Расеяй, атрымала траншы эўразійскага крэдыту і разьмясьціла эўрабонды.

Рэцэсія ў Беларусі працягнецца, крэдыту МВФ ня будзе, – Moodyʼs

Беларусь чакае ад МВФ крэдыту на 3,5 млрд даляраў. Краіна была гатовая атрымаць крэдыт яшчэ ў 2011 годзе, але праз паляпшэньне сытуацыі ў эканоміцы, як піша БелаПАН, не вяла актыўных перамоваў да крызісу канца 2014 году, аднавіла дыялёг увесну 2015-га.

Каб атрымаць крэдыт, беларускія ўлады прынялі дарожную карту рэформаў пры спрыяньні Ўсясьветнага банку, але МВФ не задаволіўся толькі абяцаньнямі на паперы і запатрабаваў гарантыяў структурных рэформаў, падпісаных асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. А той гарантыяў не падпісаў.

«Неафіцыйна чыноўнікі тлумачаць, што з фондам яны не змаглі дамовіцца наконт хуткасьці рэфармаваньня дзяржсэктару і павышэньня жыльлёва-камунальных тарыфаў, таму прынятае рашэньне ўзяць паўзу і вярнуцца да перамоваў у канцы кастрычніка — пачатку лістапада», — піша БелаПАН.

«З аднаго боку, працяглая дыскусія з МВФ аб новай крэдытнай праграме сталася карыснай, паколькі былі паднятыя важныя праблемы для эканомікі, — разважае старшыня назіральнай рады даследчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ігар Пеліпась. — З другога боку, адсутнасьць канчатковага выніку прыводзіць да таго, што ўдзельнікі перамоваў стамляюцца ад гэтага хранічнага працэсу і таму, напэўна, вырашылі зрабіць паўзу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG