Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі паверыў у магчымасьць зьнізіць інфляцыю да 5%


Уладзімер Зіноўскі
Уладзімер Зіноўскі

Інфляцыю за 2017 год можна зьнізіць да 5% з прагназаваных 9%, заявіў БелТА міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі.

Паводле Зіноўскага, пакуль сытуацыя «дазваляе чакаць», што гадавая інфляцыя будзе ня болей за 7%:

«Самае галоўнае, каб нашы прадпрыемствы і арганізацыі, што вырабляюць прадукцыю, зьніжаючы выдаткі, не павялічвалі цану, — тлумачыць Зіноўскі. — Упэўнены, што неўзабаве мы можам зьнізіць гадавую інфляцыю да 5%, а гэта значыць, што грошы, што прыйдуць у эканоміку, будуць значна больш танныя».

«Верыць можна і ў марсіянаў»: Раманчук пра веру міністра эканомікі ў інфляцыю ў 5%

На чэрвень 2017 году спажывецкія цэны ўжо вырасьлі да сьнежня-2016 на 3,4%, а цэны вытворцаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі — на 7,3% і 4,7% адпаведна. За 2016 год інфляцыя склала 11,8% (амаль як ва Ўкраіне), за 2015-ы — 13,5%.

Міжнародны валютны фонд цяпер прагназуе, што інфляцыя ў Беларусі ў 2017 годзе складзе 9,3% (раней МВФ прагназаваў рост цэнаў на 12%).

Зіноўскі таксама верыць у прагноз уладаў у рост валавога ўнутранага прадукту на 1,7% па выніках году. За студзень—травень 2017 году ВУП вырас на 0,9% да таго ж пэрыяду 2016-га. У 2016 годзе ВУП Беларусі скараціўся на 2,6% да 2015-га, а ў 2015-м — на 3,8% да 2014-га.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прагназуе Беларусі падзеньне ВУП на 0,5% у 2017 годзе. МВФ раней агучваў прагноз, што беларуская эканоміка ўпадзе ў 2017 годзе на 0,8% ВУП. Усясьветны банк прагназаваў для Беларусі падзеньне ВУП у 2017 годзе на 1%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG